У заежджым доме
У заежджым доме
Менск
Было ўжо позна. Наблiжалася поўнач. Мацi Попутчiка жыла на другiм канцы гораду. Попутчiк падумаў, што лепш пераначаваць у маленечкай гасьцiнiцы каля вакзалу, як уначы стукацца ў хату непапярэджанай аб ягоным прыезьдзе старое.
Нейкi жыд, як пасьля выйшла, гаспадар гасьцiнiцы, схапiў ягоную валiзку i папёр наперад.
Як толькi затрымалiся ў прызначаным гасьцю пакоi, гаспадар засыпаў падарожнага пытаньнямi:
— Можа, маеце загранiчныя парфумы?
— Што! Адкуль?
— Дык, можа, маеце шаўковыя панчохi? Гэта таксама добры тавар.
— I панчох ня маю. Хаджу ў дзiравых латаных шкарпэтках.
— Ну, дык што вы маеце? Прыехалi з-за гранiцы — i нiчога ня маеце!
— А скуль вы ведаеце, што я прыехаў з-за гранiцы?
— Ну я-ж бачу таможанную наклейку ў вас на валiзцы. Адразу вiдаць, што вы прыехалi з-за гранiцы… А можа, вы нешта маеце? Я магу добра купiць. Я вам раю толькi са мной мець iнтэрас.
— Ды адчапецеся! Нiчога я ня маю i хочу ўжо легчы спаць. Падрыхтуйце мне, калi ласка, пасьцель.
Попутчiк распранаўся, а жыд усё час ад часу заглядваў у пакой, быццам забыўшыся падаць нейкую патрэбную рэч, а адным вокам паглядаючы на распранутага гасьця, цi з-пад нагавiц ня высунецца пара дамскiх шаўковых панчох або цi не ўпадзе на падлогу флякончык з фiрмай Coti або Houbigan…
* * *
Прачнуўся рана, з прыемнасьцю працягваючыся на цёплых жыдоўскiх пярынах.
«Ну, вось я ўжо ў Менску! Ужо даехаў да мэты. Што-ж мяне тутака чакае? Цi добра прывiтаюць i будуць намаўляць застацца, цi пасьля пары тыдняў прыйдзецца варочацца ў Вiльню».
За вакном падаў дождж. Вулiца брудная, укрытая балацянымi лужынамi, бязьлюдная. У паветры разьлiта была нейкая нудная шэрасьць. Лянотна праехалi вулiцаю два вазы з цэглай. Нейкi праходжы махаў камусьцi кулаком i лаяўся агiдна, па-расейску…
Попутчiк сказаў, каб яму далi гарачай вады, агалiўся, пачысьцiўся i пайшоў на горад.
Як толькi выйшаў на вулiцу, нейкiя два малыя жулiкi спаткалi яго сьмехам:
— Глядзi! Глядзi! — крычэў адзiн. — Во! Дзядзька iдзе ў цылiндры!
Гэта быў нацемак на капялюш Попутчiка. Ён прыехаў у цьвярдым капялюшы, якiх даўно ўжо ў Менску ня бачылi, а маладыя жулiкi напэўна пабачылi першы раз у жыцьцi.
Больше книг — больше знаний!
Заберите 20% скидку на все книги Литрес с нашим промокодом
ПОЛУЧИТЬ СКИДКУ