Вiцебск

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Вiцебск

Затрымалiся ў Вiцебску. Тут прабылi больш за месяц, бо трэ было чакаць новых этапаў з розных бакоў. Вiцебск быў зборным пунктам. Лiк нас, «салаўчан», павялiчыўся ўжо да пары сотняў асоб.

Тут мяне спаткала прыемная неспадзеўка. Ад кагосьцi, ня ведаю, ад каго, я атрымаў памiдораў, гуркоў, кiлбасы, сыру, белых булак. Мабыць, ад некага з Вiцебскага тэатру.

У дзень выезду сагналi нас усiх на падворак дзеля рэвiзii. Адбiралi махорку й табаку, баючыся, каб у дарозе праз горад мы не засыпалi вочы канвою й не ўцяклi.

Рэвiзiя была «вясёлая». Чырвонаармейцы жартавалi й строiлi з нас кепiкi.

— Табе колькi?

— Дзесяць гадоў.

— Ха-ха-ха! Чырвонец, значыцца?

— А цябе на колькi, стары? — спыталiся ў мяне.

— Дзесяць.

— О-хо-хо! Гэты ўжо напэўна ня вернецца! — сьмяялiся вясёлыя чырвонаармейцы.

Ад свайго арышту я не галiўся. У мяне вырасла даўгая патрыярхальная барада. Прыбiты маральна, змораны фiзычна — няма дзiва, што я зрабiў на бальшавiцкiх салдатаў гэткае «вясёлае» ўражаньне.