У бараку
У бараку
Уначы збудзiлi нас:
— На работу!
Што за чорт! На якую работу? Дык-жа цёмна! Ноч. Ускокваем шпарка, бо хто не сьпяшаецца — нагой у бок! Выганяюць нас з бараку на сьнег.
Ясная, марозная палярная ноч. На небе пралятаюць нейкiя сьветлыя хмаркi. Адна чэзьне, зьяўляецца iншая.
Пасьля мiгцяць на небе нейкiя асьветляныя палосы. Там, у прасторы, здаецца, адбываецца нейкi творчы працэс, паўстаюць новыя сьветы…
Гэта мiгацiць паўночнае зiхаценьне.
Iдзём рэйкамi. 3 бакоў горы сьнегу. Далёка вiдаць таварныя пляцформы, нагружаныя дошкамi. Нам дадзена заданьне: перасунуць гэтыя пляцформы пару кiлёмэтраў у бок станцыi.
Учапiўшыся, як мурашкi, за колы й буфэры, за дошкi, што тырчаць, пхаем наперад цяжкiя пляцформы. Нехта звалiўся iзь сьнежнае наспы пад кола. Крык разьдзiрае паветра, пасьля лаянка, пасьля зноў цiшыня, i чуваць толькi цяжкi подых колькi дзесяткоў людзей, якiя напружваюць свае мускулы.
Той, што звалiўся iзь сьнежнае наспы пад колы пляцформы, шчасьлiва вылазiць з-пад ног сваiх таварышоў. Страсае зь сябе сьнег.
— Ну, ты! Не аставайся! Даганяй!
На другi дзень прыйшлi ў барак дактары (вязьнi), каб зрабiць мэдыцынскi агляд i падзялiць вязьняў на катэгорыi паводле нашых фiзычных здольнасьцяў да працы. Стаiмо голыя ў чарзе. Агляд адбываўся надта хутка, аднак гэтая працэдура заняла паўдня. Шмат было народу.
А ўначы — не зважаючы на катэгорыi — зноў пагналi ўсiх на чыгунку перасоўваць таварныя вагоны.