Падзел вязьняў

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Падзел вязьняў

Адмiнiстрацыя дзелiць вязьняў на дзьве катэгорыi: «каэраў» i «сацыяльна блiзкiх». Два розныя сьветы, дзьве псыхiкi, дзьве этыкi.

Крымiнальныя вязьнi, iз свайго боку, дзеляць людзей на дзьве выразна адрозныя часткi: «мы» и «яны». «Мы» — гэта ўсе тыя, хто жыве ў нязгодзе з кодэксам, гэта — зладзеi, бандыты, ашуканцы i да г. п. паразыты на целе грамадзянства. «Яны» — гэтак званыя фраеры — гэта той людзкi мурашнiк, якi творыць пэўныя вартасьцi, баронiць свае маёмасьцi, жыве iз свае працы.

Першыя — гэта абраньнiкi долi, род надлюдзкi, якому ўсё дазволена. Другiя — iлоты, няздольныя да нiчога iншага, як у поце чала здабываць хлеб свой. Першых абавязвае ўва ўзаемных дачыненьнях свая этыка, якая не датычыць да «фраераў». Доўг пры гульнi ў карты мусiць быць выплачаны «свайму» на працягу 24 гадзiнаў. Дадзенае «свайму» слова мусiць быць датрыманае. Наадварот, да фраера дапушчаецца ўсялякае круцельства. Калi ў часе гульнi ў карты (а ўсе крымiналiстыя iз захапленьнем гуляюць у карты) некаму зь iх сяньня не шанцуе й няма ўжо грошай, каб гуляць далей, дык ён будзе гуляць на порткi цi на боты фраера, што сьпiць тут-жа непадалёк на нарах; а калi прагуляе, дык «сумленна» ўкрадзе прагуляную рэч i аддасьць яе таму, хто выгуляў. Калi-ж няма пад рукою фраера, ён гатовы гуляць на палец ад свае рукi i, калi прагуляе, не задумваючыся, адсячэць яго сякерай ды бравурна кiне шчасьлiваму гульцу.

Крымiналiсты (злодзей i бандыт) Iван К-роў прагуляў сваю каханку, якая была ўцяжку.

Быццам-бы дзеля праходку завёў яе ў лес, дзе на ўмоўленым месцы чакалi шэсьць учарайшых гульцоў, i тамака ўсе яны радоўкаю згвалцiлi дзяўчыну. Доўг чэсьцi быў заплачаны, як належыць, у 24 гадзiны! Магчыма, што няўдалы гулец ня быў пазбаўлены пэўнага сантымэнту да свае прыяцелькi, — але доўг перадусiм! А дзяўчына, баючыся помсты, маўчала, не важачыся пажалiцца…

Абкрасьцi свайго — няможна. Украсьцi ў «фраера» апошнюю кашулю — учынак зухаваты.

Узаемныя дачыненьнi памiж «каэрамi» й «сацыяльна-блiзкiмi» былi няпрыязныя. «Сацыяльна-блiзкiя» абкрадалi каэраў, а тыя, як мага, iмсьцiлiся над сацыяльна-блiзкiмi.

Дзеля iлюстрацыi дачыненьняў раскажу аб адным факце, сьведкам якога я быў у 1928 годзе.