«Фiлоны»

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

«Фiлоны»

Тройкi, зложаныя з прафэсiянальных дрывасекаў, варочалiся з работы ў лягер даволi рана: каля гадзiны 1-ай.

У барак можна было ўвайсьцi, толькi паказаўшы наглядачу выдадзены дзесятнiкам пропуск, якi сьведчыў, што зададзеная работа выкананая.

Пасьля варочалiся iншыя тройкi. Апошнiя варочалiся ўначы. Мала iм заставалася часу на супачынак.

Шпарка беглi ў кухню, каб атрымаць там пакiнены для iх абед i, хутка скiнуўшы зь сябе прамоклыя валёнкi ды iншую адзежу, валiлiся на нары, каб хутчэй заснуць i набраць сiлы на заўтрашнi рабочы дзень.

Тыя, што зусiм не ўпраўлялiся з выкананьнем работы, заставалiся ў лесе. Штодня заставалася каля пяцёх троек. Непадалёк сядзеў наглядач пры вогнiшчы, да якога вязьню забаронена было падыходзiць. Работа павiнна была iх аграваць. Ранiцой прыносiлi iм зьменшаную порцыю хлеба (400 гр) i яны павiнны былi далей працаваць, выконваючы заданьне наступнага дня, калi ўчарашную работу ўжо закончылi.

Зусiм зразумелая рэч, што ў гэткiх абставiнах вязень усё больш аставаўся — урэшце, пасьля колькiх праведзеных у лесе бяссонных ночаў, калi ўжо бадай ня меў сiлы ўтрымацца на нагах, вялi яго ў карцар. Гэта была зьбiтая з дошчак буда, якая стаяла на беразе мора, бязь печы, дзе вiхор, урываючыся празь дзiравыя сьценкi, гуляў, як на адкрытым месцы…

Дзесятнiкi й канвой ненавiдзелi тых, хто ня выконваў работы. Дзякуючы iм, i яны прымушаны былi даўжэй заставацца ў лесе. А канвой, апрача таго, павiнен быў начаваць у лесе, пiльнуючы тых, што працавалi ўначы. Дык канвой часта падганяў аслабелых ад работы й голоду прыкладамi стрэльбаў, а дзесятнiкi звычайнай палкай, якая тут называлася «дрынам». Бiлi бязь лiтасьцi ня толькi сымулянтаў, г. зв. «фiлонаў», але й тых, што падалi ад зьнямогi, хворых, слабых.

Аднойчы работнiк павалiўся ў зьнямозе на сьнег i ляжаў непарушна.

— Ну, на гэткiя штукi ты нас ня возьмеш, не такiх бачылi! — сказаў адзiн зь дзесятнiкаў, бiлi яго датуль, пакуль адзiн не заўважыў:

— Глядзiце! Дык-жа ён зусiм не варушыцца…

Запраўды, няшчасны ўжо ня мог паварушыцца, бо… памёр.

I ўсе яны — i канвой i дзесятнiкi — усе яны — гэтаксама вязьнi. А бязьлiтаснасьцяй i дзiкасьцяй мелi на мэце прыслужыцца ўладзе, атрымаць нейкую палёгку…

Канвой i дзесятнiкi жылi ў лепшых абставiнах. Яны зьмяшчалiся ў васобных бараках, дзе кажны меў свой тапчан. Яны не карысталiся агульнай кухняй, а мелi сваiх днявальных, якiя варылi iм абед i наагул iм паслугоўвалi.

За розныя праступкi процi лягернага рэжыму вiнаватых разьдзявалi i ў адных нагавiцах ставiлi на мароз на паўгадзiны, часам на даўжэй.

Гэта звалася «паставiць на колакал», дзеля таго, што iх запраўды ставiлi на падворку, пад звон, якi вiсеў там i якiм штодня будзiлi нас на работу.

Мая загранiчная люлька перайшла ў рукi аднаго зь дзесятнiкаў, як падарунак. Мой свэтэр гэткiм самым чынам перайшоў на сьпiну другога дзесятнiка. Трэйцi дзесятнiк пагражаў мне ня раз:

— Ну, калi-б гэты фiлон папаўся ў мае рукi, я навучыў-бы яго…

Але не «навучыў». Бо атрымаў ад мяне паўкiлё цукру.