Эпiдэмiя тыфусу
Эпiдэмiя тыфусу
Штодня параплаў «Глеб Бокiй» цягнуў за сабой на буксiры вялiзную барку, якая ад iмя ведамай нямецкай камунiсткi называлася «Клара Цэткiн». Штодня прыбывалi ўсё новыя ды новыя партыi арыштантаў. Штодня на палубе i пад палубай «Глеба» i «Клары» сотнi вязьняў ехалi на свой страшны лёс.
Гэтыя новыя масы засуджаных на гiбель людзей усмоктвалiся рознымi аддзеламi лягеру на салавецкiм абтоку.
Пакуль адбудзецца разьмяшчэньне, трэба было адбываць карантын у цэнтры салавецкага жыцьця, у Крамлi або недзе блiзка. Вызначаная дзеля гэтае мэты рота ўжо даўно была перапоўненая. Людзi спалi на нарах, пад нарамi, дзе пападзя. Новыя транспарты пачалi зьмяшчацца ў пустых стайнях i хлявох «Сельхозу». Тутака ў брудзе, на сьмярдзючай саломе, у мокрадзi, цесна адзiн пры адным, ляжалi прафэсiянальны злодзей i прафэсар унiвэрсытэту, вясковы земляроб — кулак i б. царскi гэнэрал. Вошы страшэннай масай пакрывалi целы й рызьзё гэтых няшчасных людзей.
Увосень 1928 году неяк у вадзiн дзень разыйщлася чутка, якую шапталi з вуснаў у вусны, бо голасна гаварыць аб гэтым тымчасам яшчэ нельга было, — што ў стайнях «Сельхозу» хварэюць на плямiсты тыфус. Хутка салавецкая больнiца аказалася перапоўненай. Пад хворых пазаймалi й iншыя памешчаньнi. Празь нейкi час зачынiлi тэатр якi запоўнiлi тапчаны з хворымi. У прадпрыёмствах, дзе працавала вялiкшая колькасьць людзей, работы спынiлi. Было забаронена хадзiць iз роты ў роту. Калi ў камары нехта захварэў, яго выносiлi ў больнiцу, а камару зачынялi на ключ, i ўсе вязьнi — жыхары камары мусiлi тамака адбыць двохтыднёвы карантын. Абеды прыносiў iз кухнi днявальны.
Падвоз новых партыяў вязьняў прыпынiўся.
«Брацкiя магiлы» на могiльнiку ўжо даўно не маглi зьмясьцiць багатае жнiво сьмерцi. У суседнiм лесе капалi ямы, у якiя штодня скiдалi па колькi дзесяткоў трупаў. На шчасьце, насталi маразы, i гнiцьцё трупаў спынiлася. У скляпох больнiцы ляжалi кучы мёртвых целаў, выкiданых штодня з больнiчных заляў, i чакалi на сваю радоўку на пахаваньне. Нябожчыкам вешалi на шыi таблiчкi зь iмем i прозьвiшчам.
Аднак гэты спосаб азначаньня трупаў хутка пакiнулi i санiтар, памачыўшы нябожчыку жывот мокрым лахманом пiсаў проста на целе нябожчыкава ймя й прозьвiшча хэмiчным алавiком. Санiтары гэтак сама хварэлi на тыфус i памiралi аднолькава з усiмi.
Эпiдэмiя абняла ўвесь абток. 3 аддзелаў (камандыровак), якiя з санiтарнага гледзiшча былi ў яшчэ горшых абставiнах, чымся Крэмль, даходзiлi весткi аб страшэнных памерах катастрофы.
Навiгацыя скончылася. Лёд скаваў мора на паўгоду.
Пачалося змаганьне з пошасьцяй радыкальнымi спосабамi. Цэлыя роты выкiдалi з усiмi iхнымi манаткамi й нарамi на сьнег. Нары шаравалi, апарвалi гарачай вадой. Камары дэзынфэкавалi й мылi.
Штотыдня пачалi ганяць людзей ў лазьню, а вопратку iхную аддавалi ў дэзынфэкцыю. Прымусам стрыглi валасы на ўсенькiм целе. У лазьнi пачалi выдаваць казённае чыстае нацелiва. Былi ўтвораныя гэтак званыя «санiтарныя тройкi», якiя рабiлi ў ротах санiтарную рэвiзiю i, калi ў некага выкрывалi вошы, дык усю роту без радоўкi гналi ў лазьню, а рэчы пасылалi ў дэзынфэкцыю.
Урэшце, у лютым налета эпiдэмiя, зьменшыўшы жыхарства Саловак напалавiну, пачала цiшэць, а зь вясной зусiм шчэзла.