Жанчыны на Салоўках
Жанчыны на Салоўках
Сярод шматмоўнае масы сагнаных з усiх канцоў Эўропы й Азii на Салоўкi вязьняў 17–18 процантаў жанок. Як i сярод мужчын, бачыш тутака прадстаўнiкоў самых разнастайных нацыянальнасьцяў i клясаў. Ёсьць беларускi й полькi, украiнкi й фiнкi, башкiркi, якуткi, грузiнкi, армянкi, вугоркi, немкi й г. д.
Ад зладзейкi да палацовае дамы, ад прастытуткi да манашкi — усе ступенi сацыяльнае лесьвiцы маюць сярод iх сваё прадстаўнiцтва. Гэтая маса абадраных, пакрытых — як i мужчыны — вашыма жанок месьцiцца ў васобным бараку, якi мае назоў «женроты» (жаноцкае роты). I тут, як у мужчынаў, пануе вастрожны рэжым, жанчына-камандант (вязень) мае тую-ж форму — чорныя кляпы на бушлаце з адпаведнымi бляшанымi нашыўкамi.
Хаця жанкi спатыкалiся з мужчынамi пры рабоце, у канцылярыях, на тарфянiшчы й г. д. — усякае сябраваньне памiж мужчынамi й жанкамi было забароненае. Каралi ня толькi за «любоў», але й за нявiнную гутарку пры спатканьнi, за колькi словаў, за простае прывiтаньне. Каралi пераважна 14-дзённым арыштам.
А ўсё-ж ткi прастытуцыя красавала. Лiшне малы быў працэнт жанок у лягеры, лiшне вялiкi быў попыт мужчынаў на iх — не паддацца спакусе было цяжка.
Жанкi, якiя не займалiся прастытуцыяй у шырэйшых межах, мелi па колькi каханкаў. Кажны зь iх нёс сваей любай што мог. Пекар краў хлеб у пякарнi, той, хто ня курыў, аддаваў свой паёк тытуну, кiраўнiк крамкi цiшком выносiў одэколён цi пару панчохаў, той — жменю цукру, якi прызапасiў iз пайку, а iншы дзялiўся прысланай ад жонкi з волi пасылкай.
Вельмi часта прывозiлi на Салоўкi маладыя пары. Сужанцоў, ведама, разлучалi: яе зачынялi ў «женроце», яго адсылалi да аднае з мужчынскiх ротаў або й на iншы абток. Калi сужанцы й заставалiся на адным абтоку, усё роўна спатыкацца iм было забаронена. Калi жонка была маладая й прыгожая, дык зараз-жа знаходзiла «паклоннiка» сярод вязьняў, што мелi ўладу, каханка, якi часам быў за начальнiка ў ейнага мужа. Ад яго залежала паслаць няшчаснага мужа на такiя работы, дзе той легка мог галавой палажыць, — жонка-ж была аддадзеная на ласку цi няласку розных «заваў» (заведваючых), «начаў» (начальнiкаў) ды iншых спасярод дужых гэтага сьвету, якiя старалiся завалодаць ёю.
Упiрацца было дужа цяжка…
Месцам спатканьняў улетку былi гушчары салавецкага лесу, узiмку — розныя закуткi-тайнiкi, якiя можна было наймаць у тых, хто меў туды прыступ, дзякуючы свайму службоваму становiшчу. Гэтак хурманы прыймалi закаханыя пары ў стайнi на саломе, ночны стораж адступаў сваю будку, тэатральны рэквiзытар даваў месца ў складзе рэквiзытаў. Здаралася, што камандант «женроты» (жанчына) рабiла палёгкi аддадзеным пад ейны загад жанчынам для спатканьняў з мужчынамi — за грошы. Бывала, што спрытныя й адважныя мужчыны праз вокны «женроты» пралазiлi ў самы барак, каб перабыць ночку побач iз сваёй «возлюбленной»… на агульных жаноцкiх нарах, рызыкуючы, што тамака можа яго злавiць ночны абход.
Побач iз прастытуцыяй красавала сутэнэрства. Гэта зусiм ня значыць, што сутэнэр быў апякуном i абаронцам свае кармiцелькi. Ад каго баранiць? Як баранiць? Не. Гэта для жанчыны была па-просту патрэба ейнага сэрца.
Маючы колькi каханкаў або, як iх у салавецкай гутарцы называлi, «хахаляў», якiя цi то прыносiлi ёй ежу або грошы, цi то старалiся зрабiць ёй палёгку ў працы, — жанчына адчувала патрэбу мець кагосьцi, каму магла-б аддавацца зусiм не дзеля карысьцi, зь кiм хацела дзялiцца бедамi свайго штодзённага жыцьця, выплакаць перад iм сваю трагэдыю ахвяры, кiненай памiж шакалаў. Гэткага суцяшальнiка — пры ладнай колькаснай перавазе мужчынаў на Салоўках — знайсьцi было няцяжка, i з гэтым абраньнiкам свайго сэрца жанчына дзялiлася тым, што даставала ад выпадковых хахаляў за дадзеную iм уцеху ў каханьнi…
Тут пяро мае вывальваецца з рукi… Цяжка пiсаць. Баюся, што чытач не паверыць мне. Гэта такая жудасьць!.. Аднак гэта факт — i зусiм ня вылучны…
Ну, вось:
Жанкi, якiя мелi дзяцей пры грудзёх, даставалi дадатковы паёк для дзiцяцi: жменьку цукру, крыху малака, кусочак шэрага хлеба. Вось-жа здаралася, што мацi аддавала гэны дзiцячы паёк… свайму «хахалю», а дзiця — жмакала ўвесь дзень размочаны матчынаю сьлiнаю драбок чорнага хлеба…
Для дзяцей больш чым аднаго году быў адмысловы прытулак у васобным, чыстым дамочку, у лесе. Колькi гэта было магчыма, савецкiя ўлады старалiся ўзгадоўваць гэных дзяцей як належыць. Спасярод вязьняў-жанок набiралi патрэбную колькасьць нянек, якiм аддавалi дзяцей пад апеку. Прадстаўнiкi ўлады часта наведвалi гэны прытулак i пiльнавалi, каб дзецям ня было крыўды. Быў час, калi емiнныя справы на Салоўках былi лепшыя, дык тады дзяцей кармiлi рысам, малаком, давалi даволi цукру, ды нават дзiцячая кухня атрымлiвала белую пшанiчную муку. Аднак хутка страваваньне лягеру гэтак пагоршылася, што дзiцячая страва мала чым розьнiлася ад стравы вырослых, галоўную складовую частку якое станавiла соленая рыба.
* * *
«Женрота» зьмяшчалася ў двупаверхавым драўляным будынку за мурамi «Крэмля» — пры магiльнiку.
У 1927-30 гадох расстрэлы адбывалiся звычайна на зьмярканьнi на магiльнiку. Тады жанчыны ў сваiм бараку гасiлi агонь i праз вокны прыглядалiся да экзэкуцыi, якая адбывалася на магiльнiку пры сьвятле лiхтарняў.
Раз (было гэта ў 1930 годзе) здарылася, што на магiльнiк прывялi былога чэкiстага С., хахаля панi П. Ён кiраваў лясныя работы на Салоўках i быў тамака засуджаны да расстрэлу за службовыя надужыцьцi. Панi П. (да рэвалюцыi жонка мiлiянэра, расейскага фабрыканта) праз акно свае камары прыгладалася разам iз сваймi таварышкамi… Ведама — быў плач, спазмы, абамленьне, чуханьне…
А праз два тыднi панi П. суцешылася па сваей страце. Новы «зав» заступiў свайго папярэднiка.
Жывуць сьцiпла толькi жанчыны-калекi ды старыя бабы.
Шырака разьвiтая прастытуцыя выклiкала ладнае пашырэньне вэнэрычных хваробаў. Асобы, якiя стаялi блiзка да санiтарных справаў у лягеры, казалi, што каля 80 працэнтаў жанок хварэе на розныя вэнэрычныя хваробы, але толькi палавiна iх шукае лекарскае дапамогi. Дый, памiма гэтага, нястача лекаў не дае магчымасьцi змагацца з вэнэрычнымi хваробамi.
Усё лягернае жыцьцё плыве пад знакам агiднае маскоўскае лаянкi. Лаюцца прачынаючыся, лаюцца iдучы на работу й вяртаючыся з работы, лаюцца, стоячы ў радоўцы, лаюцца, калi радуюцца, i лаюцца, калi сумуюць. Лаюцца пры кажнай нагодзе.
Але такую лаянку, якая чуваць у сьценах «женроты», рэдка пачуеш у мужчынскiх ротах.