Апошняя надзея разьвеялася
Апошняя надзея разьвеялася
Пятроў даў дазвол бачыцца з сынам.
— Аляхновiч! Выхадзi на «свидание», — загудзеў адзiн раз голас чырвонаармейца.
Я ўскочыў, як спружына. Усьцешыўся. Матка прыйшла! Першы раз буду мець кантакт з вонкавым жьщьцём. Цяпер скажу мацi, што трэба рабiць, з кiм пабачыцца…
У калiдоры ў камэндатуры сядзела ўжо старэнькая, чакаючы на сына. Як мяне пабачыла, сьлёзы, як пацеркi, пасыпалiся па зьбялелым твары. То абыймала мяне, тулячы да сваiх грудзей, то адсоўвала маю галаву, каб лепш мне прыгледзецца.
— Ну, кажы, кажы!.. Здароў? Не хварэў?
— Здароў. Гэтак хутка лiха мяне ня возьмець.
— Я прынесла табе крыху паесьцi, чыстую зьмену, трошкi ежы. Цi ты ўсё атрымаў?
— Усё атрымаў. Вельмi дзякую. Асаблiва за папяросы.
— А ты менш куры! Гэта шкодзiць на здароўе.
— Пагаворым аб справах важнейшых, бо ня хопiць часу. Маем толькi 15 мiнут. Цi мама пiсала ў Вiльню, да жонкi, каб не прыяжджала?
— Але, напiсала. Пiсала так, як трэба… Але яны зразумеюць.
— А затым другая справа: даведайцеся, калi будзе ў Менску Ульянаў… Зайдзецеся да Ульянава…
Мацi безнадзейна махнула рукой:
— Э! Няма чаго…
— Але-ж я прашу, каб мама расказала яму ўсё… Можа, ён яшчэ нiчога ня ведае…
— Ах, Божанька мой! Як ты нiчога не разумееш! Я ўжо была…
— Ну, i што? Што?
Матка зiрнула на чырвонаармейца, што быў пры гэтым, паказваючы сваiм поглядам, што ня можа адкрыта аба ўсiм казаць, ды й зноў махнула рукой.
Мне ў галаве не мясьцiлася: няўжо-ж i надзея на Ульянава аказалася манлiвай!