Попутчiк у сваёй хаце

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Попутчiк у сваёй хаце

— Татка, раскажэце мне казку!

Пяцёхгадовы хлапчук, Попутчiкаў сын, узглабаўся да яго на каленi i, тулячы галоўку да бацькаўскiх грудзей, прасiў:

— Раскажэце казку!

Попутчiк любiў свайго сына i хацеў узгадаваць яго ў беларускiм духу, што было повадам частых сямейных непаразуменьняў, бо жонка лямантавала:

— Што робiш? Калечыш дзiцё! Я ня хочу, каб ён быў беларусам.

— Будзе гэткiм, як i ягоны бацька.

— О, ня дай Божа, каб падобны быў да бацькi! Крый Божа ад гэткага няшчасьця!

— I скуль у цябе гэткая зьвярыная ненавiсьць да ўсяго беларускага?

— А ў цябе скуль гэткая любасьць да iх? Што яны табе далi, гэтыя твае беларусы? Службу маеш дзякуючы сваiм прыяцелям паляком.

У сямейны дуэт урываўся дзiцячы галасок:

— Татка, раскажэце мне казку!

I Попутчiк, тулячы да сябе сынаву галоўку, прыплюшчваў вочы i пачынаў расказваць. Iмправiзаваў.

Ужо не расказваў старую ўлюбёную казку аб Iкары, якому сонечныя косы ў часе палёту растапiлi вязаньнi крыльляў, а казаў-лятуцеў аб гэтай багаславёнай краiне, краiне грамадзкае справядлiвасьцi, краiне свабоды й творчага размаху. Казаў у прастор, сам да сябе, а дзiця, не разумеючы гэтых бацькаўскiх лятуценьняў, чула толькi мэлёдыю слоў i ў канцы засынала на каленах у бацькi.

Малодшы сын, двохгадовае дзiця, ужо даўно спаў у сваёй пасьцелi i ня чуў бацькаўскае казкi.

Цяжка было Попутчiку пераканаць сваю жонку ў патрэбе выезду ў Менск. Ведаючы, што сам ня дасьць рады, пусьцiўся на хiтрыкi. Рак-Мiхайлоўскiя мелi ўплыў на жонку, дык запрасiў iх да сябе на вячэру, i тады ўдалося пераламаць Попутчiху.

Некаторай палёгкаю ў палажэньнi было яшчэ тое, што Попутчiк меў у Менску мацi, дык цяжка было вымагаць ад сына, каб пасьля доўгага нябачаньня не паехаў яе адведаць.

— Ну, што-ж рабiць, — сказала канец канцоў Попутчiха, — калi так ужо надта хочаш — дык едзь, я нiчога процi ня маю. Спадзяюся, што да канца свайго водпуску на службе зьвернешся… Ну, а калi што… калi-б ты захацеў там застацца, — казала сумна, — дык што-ж рабiць, паедзем i мы ў Менск.

Попутчiк перамог на цэлай лiнii.