Госьцi

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Госьцi

Аднойчы я даведаўся, што мяне нехта шукае.

— Дзе тут Аляхновiч? Хто тут Аляхновiч?..

— Вось ён там, iдзеце сюды… — iнфармаваў камандант.

— Гэта я. У чым рэч?

— А! Здароў! Гэта вы? А, якая-ж вялiзная ў вас барада!.. He пазнаяцё? Беларусы зь Менску. Калiсьцi з вамi сустракалiся… Пры немцах у Менску… Даведалiся, што вы тут… Курыць маеце? Не, не! Мы хацелi вам даць, думалi, што, можа, ня маеце махоркi… Ну, ня трацьце надзеi!.. Усё неяк наладзiцца. Пастараемся ўладзiць вас у канцылярыi… Мы ўжо тут даўно, мы маем «блат»… Яшчэ прыдзецца вам тут пасядзець са два тыднi, а пасьля…

— О Божа мой! Яшчэ два тыднi?!

Ну, не маркоцьцеся, можа, удасца хутчэй… Будзем старацца…

— О, як я вам удзячны, што вы прыйшлi сюды, знайшлi мяне… Дзякую вам, другi мае!..

— Што? Кажуць на дзесяць гадоў?..

— Але. На дзесяць.

— За што-ж вас гэтак?

— Ну, ведаеце, жыў я ў Заходняй Беларусi, у Вiльнi… А тут «сацыялiстычнае будаўнiцтва» i гэтак далей. Разумееце? Дык i зманiўся…

— Эх, Аляхновiч! Лучылi вы ў бяду, i са свае вiны! Ну, нам няма дзiва. Мы людзi савецкiя… Але вы! Самi прыехалi з-за гранiцы!.. Ужо гэтага не направiш… Як вас тут будуць пытацца, якая ў вас прафэсiя, кажэце: «канцелярский служащий»… Акурат цяпер патрэбны людзi ў канцэлярыю… Ну, бывайце здаровы! Даужэй нельга… Трэба ўжо йсьцi… Ня сумуйце!

— Дзякую вам, даражэнькiя, за ваш спогад i дапамогу… Пастарайцеся…

* * *

У гэты самы дзень быў яшчэ адзiн вiзыт.

Знайшоў мяне мой былы вучань зь вiленскай гiмназii Фр. П-вiч.

Яго, таксама як мяне, спакусiла «савецкае будаўнiцтва». Прыехаў у Менск з Прагi, дзе вучыўся на мэдыцынскiм факультэце. Яму далi мала. Толькi тры гады концлягеру, якiя праседзеў ужо на Салоўках.

Цяпер перавялi яго ў нашую карантынную роту, дзе чакаў на пастанову маскоўскае калегii датычна далейшае свае долi.

Сядзеў у другiм бараку. Даведаўшыся, шо й я тут, прыйшоў да мяне пагутарыць. Яму, як чалавеку, якi адбыў ужо сваю кару, можна было вольна хадзiць з бараку ў барак.

— Было мне не найгорш, — казаў. — Дзякуючы маёй праскай мэдыцыне, удалося мне ўладзiцца за лекпома…

— Што гэта?

— Памагаты лекара — фэльчар. Дзякуючы гэтаму не давялося працаваць на лясных работах. Цяпер сяджу тут пяты ўжо месяц — усё чакаю, што далей. Думаю, што пашлюць мяне на пару год у Сiбiр. 3 высылкi ўцяку…

— Цiшэй! He кажэце гэтак!

— Дык-жа нiхто ня чуе. Уцяку. Буду ў Вiльнi. Даю вам слова, што буду ў Вiльнi! Там раскажу аб вас. 3 Саловак уцячы ня было нiякае магчымасьцi. Прабавалi iншыя — не ўдалося нiкому. Зь Сiбiру ўцяку! Калi трэба будзе камусьцi лоб расшчапiць — расшчаплю, а ўцяку!

— Цiшэй, калi ласка!

— Нiчога. Нiхто ня чуе…

П-вiчу ўдалося выстарацца для мяне перавод у ягоны барак. Там было шмат вальней. Нам удалося разьмясьцiцца на верхнiх нарах. Каля самых нараў цягнулася зялезная труба ад печкi. Тут, на гэтай трубе, П-вiч пёк для мяне «ляпёшкi». Хаця сам жыў толькi на казённым пайку, нiзашто не хацеў узяць ад мяне нi «ляпёшкi», нi кусочка сала.

— Вы павiнны ашчаджаць свае сiлы й грошы… Нiзашто не вазьму! Вас чакае яшчэ шмат гадоў цяжкiх перажываньняў, а я ўжо скончыў… Я ўжо аднэй нагой на волi…

— Ну, на волi!..

— Але! Кажу вам! Як толькi выбяруся з лягера, зараз пачну думаць, як уцякаць загранiцу… I ўцяку!..[14]

П-вiч быу маiм апякуном. Для мяне, чалавека новага ў лягеры, апека П-вiча як зь неба звалiлася. Ён ня толькi думаў аб тым, каб палепшыць мае фiзычнае палажэньне, але, што галоўнае, заражаў мяне сваiм аптымiзмам, надаваў мне надзеi на вызваленьне.

* * *

Нядоўга трывала нашае супольнае жыцьцё на нарах у карантыннай роце.

Аднойчы, калi паклiкалi ўсiх на работу, П-вiч не паслухаўся.

— Не пайду! Я ўжо скончыў свой тэрмiн! Ня маеце права браць мяне на работу!

— П-вiч! Што вы робiце! Не пратэстуйце, гэта нiчога не паможа… — стараўся я пераканаць яго.

— Не пайду! Хай робяць, што хочуць… Ня маюць права. Я не пайду!

П-вiча зачынiлi ў iзалятар. Больш я ў концлягеры яго ня бачыў.

Сустрэлiся мы шмат гадоў пасьля ў Вiльнi…