Прыехалi
Прыехалi
Цягнiк памалу падыходзiць да станцыi Кем, аднаго з вузлоў Мурманскай чыгункi.
Тры днi ўжо, як мы выехалi зь Ленiнграду.
Што нас там чакае? Якiя новыя абставiны жыцьця? Работа? Але якая работа?
Цi мы так будзем зачыненыя, як у вастрозе, цi будзем магчы хадзiць вольна?..
Нiхто з нас нiчога ня ведаў.
Праз вокны вагону мы бачылi нейкiя дрывяныя склады, кучы расьпiлованых дошчак — прадукцыю якiхсьцi недалёкiх лесапiльняў, нейкiх шэрых людзей у шэрых вопратках…
Цi гэта нашы будучыя таварышы-катаржане?
Ужо сутунела, як даўгая зьмяя вагонаў затрымалася ля свае мэты. Нам заяўлена, што гэтую ноч яшчэ пераначуем у вагонах.
На другi дзень ранiцой каманда:
— Выходи из вагонов!
3 клункамi на плячох выходзiм на рэйкi.
Востры сiвер-вiхор круцiць сьнегам.
Нас вядуць. Два кiлёмэтры сьнегам. Калючыя драты. Шэрае мора. Драўляныя шалашы.
Гэта баракi, гэта наша гаспода.
Мы цяпер на Паповым абтоку.
Вiхор, гуляючы сьнежным пылам, агаляе скалiсты грунт, на якiм няма сьледу якой-колечы расьцiннасьцi.
Уводзяць нас на квадратны пляц, агароджаны калючым дротам. Пры браме вартавая будка. Клункi загадана злажыць каля сьценкi бараку. Паставiлi ў два рады.
Каманда:
«Справа по порядку номеров рассчитайсь!»
Няскладна гэта ў нас выходзiць. Ляскаючы зубамi ад сьцюжы, крычым ахрыплымi галасамi:
— Первый!
— Второй!
— Третий! i г. д.
Блага.
Яшчэ раз ад пачатку!
Навучаюць, што на павiтаньне:
— «Здравствуй, карантинная рота!» Мы павiнны згодна, хорам грымнуць:
— Здра!!!
Крычым гэтае «здра!» Блага! Яшчэ раз! Дрэнна! Ня дружна. Нехта спазьнiўся.
Зноў «здра!». Iзноў блага. Нехта крыкнуў зарана. Трэба набраць у грудзi паветра, зрабiць двухсэкундную паўзу i толькi тады…
Яшчэ раз. Яшчэ ня так! А пасьля зноў: «по порядку номеров рассчитайсь!» А пасьля зноў «здра!»…
Ногi акасьцянелi ад сьцюжы. Вушы мерзнуць. Твары барадатых мужыкоў пакрылiся соплямi лёду. Клункi нашыя счэзьлi пад сьнегам, якi ўсё падае й падае. Нашыя iнструктары зьмяняюцца: адны йдуць у барак пагрэцца, прыходзяць iншыя.
Прыходзiць вышэйшая «ўлада» i лягерны стараста. Ён, як i ўсе, таксама вязень. Здароўкаецца:
— Здравствуй, карантинная рота!
— Здраа!!!
Блага. За гэта поўгадзiны бязупынна мы крычым «здра!». Шмат хто ўжо ахрыпшы. Дзiка крычым гэтае «здра!», каб урэшце здаволiць сваё начальства. Усё нядобра.
Вiдаць, што тут уся справа ня ў якасьцi, а ў колькасьцi гэтае «здра!».
Пасьля сказалi нам строгую прамову, у якой адзначылi, што мы ў лягеры, дзе абавязаны сумленна працаваць, дзе за сабатаж строгiя кары, дзе трэба бяскрытычна выконваць усе загады ўлады й да г. п. вядомыя вастрожныя рэчы.
А пасьля — iзноў «здра!», iзноў «по порядку рассчитайсь» i гэтак да зьмярканьня.