На Вэгэракшы
На Вэгэракшы
Раз, восеньскiм днём, калi я ўжо рыхтаваўся спаць, у маю камару шпарка ўвайшоў камандант:
— Зьбiрай свае манаткi! Хутчэй!
Я астаўпеў. Куды?
Мяне павялi на прыстань. Пасадзiлi на параплаў. Павезьлi ў Кем.
Пасьля шасьцёхгадовага побыту ў лягеру мяне ўжо не ўважалi за небясьпечнага вязьня, якi захацеў-бы ўцячы, дык прызналi магчымым перавесьцi на зямлю. 3 абтоку ўцячы немагчыма, а на зямлi бывалi здарэньнi ўдалых уцёкаў.
Прывезьлi мяне ў Кем, малое мястэчка за 10 кiлёмэтраў ад узьбярэжжа Белага мора. За мястэчкам стаяць драўляныя баракi, абведзеныя калючым дротам. Тут жывуць вязьнi.
Гэтае выклятае месца мае назоў «Вэгэракша», што ў карэльскай мове значыць: шлях ведзьмаў.
Частка прадпрыёмстваў, у якiх працуюць вязьнi, стаiць тут-жа, у драцяной агарожы. Тутака ёсьць: электроўня, друкарня, гарбарня, фабрыка цацак. За агарожай знаходзяцца: сталярня, швальня i канцылярыя, якiя абслугоўваюць лягеры.
Вязьнi, што працуюць за драцяной агарожай, маюць пропускi на права хадзiць да мястэчка. Аднак тамака iз сталымi, вольнымi жыхарамi нiякага лучэньня ня маюць, бо гэта магло-б мець прыкрыя для адных i для другiх вынiкi.
У некаторых крамках, якiя ёсьць у мястэчку, гэтаксама няма емiны, як у лягерных «ларкох». На тутэйшым торжышчы можна дабраць толькi два прадукты: малако ды часам чорны хлеб.
Кормяць вязьняў на «Вегэракшы» зусiм таксама, як i на Салоўках: даюць салоную рыбу ды полiўку з рыбы. Дык згаладалыя людзi цягаюцца берагам ракi, шукаючы адпадкаў емiны, бо ўсялякiя адпадкi i сьмяцьцё скiдаюць тутака на бераг ракi.
Абставiны жыльля тут шмат горшыя, чымся на Caлоўках. Вязьнi жывуць у драўляных бараках, поўных блышыцаў, на двухпаверхавых нарах. Няма й гутаркi аб тым, каб чалавек меў хоць нейкую палiчку над галавой — дзеля асабiстага карыстаньня. Гэтак тут цесна. Тыя, што зьмяшчаюцца на споднiх нарах, трымаюць свае рэчы, судзьдзё й прадукты ў скрыначках пад нарамi, а хто на верхнiх, той мусiць трымаць ўсё дабро ў галавах.
Крадуць таксама, як i на Салоўках.
Наганяюць да працы паводле пануючае ў СССР сыстэмы «ўдарнiцтва» й «спаборнiцтва». Усе залiчаюць сябе да «ўдарнiкаў», усе стараюцца выперадзiць другiх у выкананьнi работы вышэй за норму, бо iнакш не атрымаюць права купляць прадукты, якiя ад часу да часу зьяўляюцца ў крамках.