Юдава работа

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Юдава работа

Хаця справа майго вастрожнага камрата ўжо была закончана i ўжо яму не заставалася нiчога iншага, як адседжваць свой тэрмiн або чакаць магчымасьцi расстрэлу, час ад часу клiкалi яго наверх, дзе былi канцылярыi сьледчых. Як ён вяртаўся, я часта чуў ад яго пах гарэлкi. Ён расказваў мне, што клiкалi яго ў справе перасылкi лiстоў ягонай жонцы, якая засталася за гранiцай i да г. п. казкi. Тады я верыў гэтым гутаркам. Цяпер, багаты дасьведчаньнем, якое мне далi сем год вастрожнага жыцьця, ведаю, з якой мэтай клiкалi яго туды «наверх». Ён там даваў справаздачу з таго, аб чым я казаў i што я рабiў. Даведзены тэрорам да поўнага маральнага заняпаду, ён далей iшоў дарогаю зрады, думаючы, што гэткiм чынам выратуецца ад сьмерцi…

Наша камара мела сваю гiсторыю. Казалi, што ў ёй прабыў два днi пасьля свайго арышту Савiнкаў. Тут сядзеў ксёндз Усас, якога пасьля абмянялi ў Польшчу, ды iншыя «славутасьцi». Запраўды, нашая камара была аднэй iз лепшых. 3 вакна было вiдаць падворак. Дзякуючы гэтаму мы часам маглi бачыць вязьняў з iншых камар, калi iх выводзiлi «на прагулку».