Перамены
Перамены
Ад гэтага часу на Салоўках зрабiлася шмат пераменаў. Скончылася ўрэшце панаваньне «дрына» (палкi). Пакiнулi бiць вязьняў. Скасавалi Сякiрку. Палепшылiся санiтарныя абставiны. Абавязкава вадзiлi ў лазьню раз на тыдзень. У лазьнi выдавалi чыстае нацелiва.
Што выклiкала гэтыя перамены?
Няўжо-ж цэнтральныя ўлады ў Маскве дагэтуль ня ведалi, што ў нас робiцца? Няўжо-ж весткi аб дачыненьнях, якiя панавалi на салавецкай катарзе, выпадкам дайшлi да ОГПУ ў Маскве й выклiкалi прыезд адмысловае камiсii, якая правяла «аздараўленьне» дачыненьняў?
Мы — салавецкiя вязьнi — скептычна ўглядалiся на ўсё гэта, ня веручы, каб нашыя валадары кiравалiся чалавекалюбствам. Ведаючы савецкую палiтыку, мы гатовыя былi думаць, што i ў гэтым выпадку адбываецца свайго роду «iнсцэнiзацыя», разьлiчаная на вонкавы эфэкт, — думалi нават, што мо праўда аб жыцьцi на Салоўках дайшла да замежнае прэсы, i жорсткая расправа камiсii з быццам-бы вiнаватымi мела на мэце паказаць, што Саветы рупяцца аб гуманiтарных дачыненьнях да вязьня — у мысьль абвешчанага iмi прынцыпу: «не караць, але папраўляць». Дык хто-ж найболей пацярпеў ад гэнае «санацыi»? Каэры, якiя займалi адмiнiстрацыйныя становiшчы, каэры, якiя быццам-бы дзеля падрыву даверу да савецкага ўраду выкрыўлялi ягоную лiнiю…
А ў запраўднасьцi — немагчыма дапусьцiць, каб гэнае «выкрыцьцё» ня было загадана зьверху!
Ад таго часу «сацыяльна блiзкiя» (гэта значыць: крымiналiстыя!) пачынаюць карыстацца ўсялякiмi прывiлеямi. Была нават зроблена спроба скiнуць усiх палiтычных вязьняў з займаных iмi адмiнiстрацыйна-гаспадарскiх становiшчаў, i заступiць iх зладзеямi. Але хутка спынiлi гэты экспэрымэнт, бо зладзеi з прычыны свайго нiзкога разумовага ўзроўню — былi няздольныя выконваць ускладзеныя на iх абавязкi або, займаючы адказныя становiшчы, кралi.
Экспэрымэнт адкiнулi, застаўся толькi прынцып: наколькi магчыма, выкарыстоўваць дзеля адмiнiстрацыйных становiшчаў крымiнальны элемэнт, адсоўваючы палiтычных ад кiраваньня лягернага жыцьця.
* * *
Адначасна з году ў год, пачалi пагаршацца аправiзацыйныя абставiны. Калi даўней (у 1927-28 гадах) у крамках («ларьках») салавецкага лягеру можна было бязь нiякага абмежаваньня купляць у кажнай колькасьцi хлеб, цукар, кансэрвы, дык цяпер ужо толькi ад часу да часу прадавалi селядцы, пракiслае павiдла («мармаляду») цi ляндрынкi ў вельмi абмежаванай колькасьцi — дый толькi ўдарнiкам, якiя працавалi панад норму.
За кароткае лета (лiпень — жнiвень) прырода крыху падкормлiвала вязьняў. У салавецкiх лясох расло багата чарнiцаў i брусьнiцаў. Гэтых ягадаў была такая маса, што, пахадзiўшы ў лесе пару гадзiнаў, можна было набраць iх поўнае вядро. Ведама, аб тым, каб iх есьцi з цукрам, не магло быць i гутаркi, — але лепш i гэта, чымся нiчога. Было таксама багата грыбоў. Дык за летнiя месяцы голад ня так дакучаў, як узiмку.