Допр
Допр
Гэтым самым днём, па абедзе, перавялi мяне ў Допр[11]. 3 жалем я пакiнуў старых таварышоў, камару, да якой прывыкнуў ужо. Ужо разьвеялiся ўспамiны перажытых тутака страшных часiн, бяссонных ночаў, трывожнага наслухоўваньня. Цяпер хацелася тут сядзець i сядзець, хаця-б усе дзесяць гадоў, каб толькi ня ехаць кудысьцi на няведамыя перажываньнi.
У канцылярыi Допру я спытаўся:
— Выбачайце, грамадзянiн! Куды гэта мяне высылаюць?
— Як? Вам не абвешчана? Услон.
— Ну, так, гэта я ведаю. Але што гэта: услон?
— Ну? Ня ведаеце? Управление Соловецких Лагерей Особого Назначения.
* * *
У перапоўненай, як усюды, камары Допру я першы раз спаткаўся з крымiнальным элемэнтам. Хаця крымiнальных была меншасьць, яны, аднак, патрапiлi стэрарызаваць усю камару. Уначы акуратна нас абкрадалi. Зьядалi нашыя спажывецкiя прадукты, забiралi адзежу, абутак. Нiякая рэвiзiя не магла знайсьцi ўкрадзеных рэчаў. Злодзеi выкiдалi ўкрадзенае праз ваконныя краты, а там ужо гэта падбiралi iншыя, i гэткiм чынам рэчы перадавалiся з камары ў камару…
А ўдзень было ня лепш. Удзень яны проста дамагалiся, каб аддаваць тое, да чаго яны прыгледзелiся. Кожны з iх злаўчыўся перанесьцi з сабой у камару нож i, калi хто прабаваў супрацiвiцца, — пагроза нажа была апошнiм аргумэнтам.
Пакрыўджаныя прабавалi жалiцца перад вастрожнай уладай. Але гэта не памагала. Толькi пасьля цяжка адпакутавалi за гэта. На масавай «прагулцы» на вялiзным вастрожным панадворку або ў «уборнай» крымiналiстыя распраўлялiся нажом з тымi, хто адважыўся скардзiцца.
Я пачаў прытарноўвацца да новых абставiнаў жыцьця. Знайшоўшы месца на нарах памiж двома здаравеннымi вярзiламi, разлажыў свае запасы й пачаў частаваць сваiх новых суседзяў. Неўзабаве з iншых нараў пачалi злазiць нейкiя тыпы i наблiжацца да нас з выглядам галодных ваўкоў.
— Ну! Чаго тут! Пайшлi вон! — рэагавалi мае новыя апякуны. — Усiх адзiн чалавек не накормiць!
Я пераканаўся, што мая тактыка правiльная. Падкормлюючы гэтых двох хулiганаў, я меў шансы, што ўсе мае прадукты ня будуць пажортыя адразу. Каб ня гэта, я мог-бы апынуцца ў якi-небудзь дзень зраньня бяз кусочку цукру, бяз папяросiны.
Тутака, у гэтай камары, ведалi, што гэта — Салоўкi. Можа, нехта з гэтых абадранцаў ужо быў на абтоках Белага мора, а калi ня быў, дык напэўна знаў такiх, што былi на савецкай катарзе. Тут расказвалi страшэнныя рэчы. Аб непасiльнай працы на «лесазагатоўках», аб бiцьцi вязьняў «дрынамi» (палкамi), аб стаўленьнi вязьняў на мароз у адных толькi нагавiцах, аб «самарубах», якiя адсякалi сабе пальцы на руках, каб толькi ўхiлiцца ад цяжкiх лесарубных работаў.
Крымiнальныя, засуджаныя на Салоўкi, нават на пяць або тры гады, надта баялiся паўночных канцлягэраў. I лепш было ўсадзiць камусьцi ў вастрозе нож у бок i за гэта атрымаць большы тэрмiн у турме, як ехаць у салавецкiя лягеры «асобага назначэньня».