Узгадаваньне

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Узгадаваньне

Савецкiя вастрогi шмат аддаюць увагi на «ўзгадаваньне» вязьня. Бо мэтай трыманьня ў вастрозе мае быць ня кара, але паправа.

Галоўную ўвагу аддаюць на «ўзгадаваньне» сацыяльна блiзкiх — гэта значыць — злодзеяў, душагубаў, бандытаў i да г. п. крымiнальных злачынцаў. Бо яны быццам зьяўляюцца ахвярамi старога капiталiстычнага ладу, а новы сацыялiстычны лад стаўляе сабе за заданьне лiквiдацыю сумнае спадчыны мiнулых часоў.

Дзеля «ўзгадаваньня» служаць: 1) лекцыi «палiтграматы» — нiбы свайго роду савецкага катахiзму; 2) узгадавальныя ўплывы; 3) сьценгазэты; 4) «красные уголки» (чырвоныя куткi) i 5) кiно, клюбы, розныя лекцыi, тэатральныя паказы i да г. п.

Палiтграмата ўводзiць у дэгэнэраваныя мазгаўнi крымiнальных вязьняў паняцьце аб клясавасьцi, здабычах рэвалюцыi, дасягненьнях «пяцiгодкi», канстытуцыi савецкага гаспадарства.

За ўзгадавальнiкаў («воспитатели») прызначаюцца тыя самыя вязьнi, толькi ўжо даволi дасьведчаныя мудрасьцi «палiтграматы», клясавая прыналежнасьць якiх дае паруку, што яны будуць акуратна выконваць свае абавязкi. Гэтыя «ўзгадавальнiкi» глядзяць перш за ўсё, каб iхныя гадунцы былi палiтычна лёяльнымi i адначасна выконваюць ролю шпiкаў у дачыненьнi да сваiх таварышоў.

Сценгазэта займаецца даносамi на пiсьме (ананiмна). Яе пiшуць рукой i налеплiваюць пэрыядычна на сьценах. Пiшуць тутака аб вастрожным жыцьцi, «клеймяць» нядбалых у працы i парушальнiкаў вастрожных правiлаў, заахвочваюць да «ўдарнiцтва», падаюць прозьвiшчы тых, хто наагул нечым праштрапiўся.

Гэтая форма «данасiцельства» дае шырокае поле да асабiстых разрахункаў памiж вязьнямi.

«Красные уголки» — гэта як быццам каплiчкi бальшавiцкiя. Для iх вызначаюць найлепшыя памешчаньнi ў вастрозе. У куце пастаўлены гiпсавы бюст Ленiна на прыбоаным у чырвань фоне. На сьцяне партрэт «отца трудящихся» Сталiна. Далей лёзунгi. Пасярэдзiне стаiць стол, засланы чырвоным рызманом, а на iм параскiданыя савецкiя часапiсы, якiя выпiсваюцца прымусова на кошт вязьняў.