Сэнсацыйная нататка
Сэнсацыйная нататка
Каля месяца перад гэтым здарэньнем у Кракаўскай газэце «Illustrowany Kurjer Codzienny» зьявiлася гэткая нататка:
Бунт вязьняў на Салаўкох.
Група савецкiх вязьняў на Салавецкай катарзе, на чале з беларускiм пiсьменьнiкам з Вiльнi Францiшкам Аляхновiчам, напала на канвой, абяззброiла i паперабiвала чырвонаармейцаў, iз зброяй у руках пайшла праз тундру ў кiрунку фiнскай гранiцы…
I гэтак далей.
Мае вiленскiя прыяцелi нецярплiва чакалi ад мяне тэлеграмы з Фiнляндыi.
А я ў той час сядзеў у чатырнаццатай «запрэтнай роце».
Праз пару дзён камандант 14-ай роты сказаў:
— Аляхновiч! На заўтра на 10 гадзiну ранiцы цябе клiчуць у IСО.
Ня весела! 3 якой мэтай клiчуць? Нешта нядобрае.
Аляхновiч тады яшчэ ня ведаў аб сваiх «гэройскiх подвiгах, аб сваiм атаманстве над узбунтаванымi салавецкiмi вязьнямi»…
«Мусiць, нейкi данос…», — падумаў.
На другi дзень пад канвоем днявальнага пайшоў у IСО.
— Хто? чаго? да каго?
— Гэта Аляхновiч. Клiчуць яго да начальнiка.
— Добра. Пачакай.
Паклiкалi ў габiнэт начальнiка.
— Ты Аляхновiч?
— Але.
— Iмя, отчество?
— Франц Карлавiч.
— Сколько лет?
— Дзесяць гадоў.
— Статья?
— 58, пункт 5.
Начальнiк уважна прыглядаўся да барадатага згорбленага вязьня. «Не, гэты не выглядае, каб мог паперабiваць варту… Гэта нешта ня так».
— Ну, ступай в роту. Когда надо будет, вызову.
Аляхновiч пайшоў назад у 14-ую роту.