Карэльскiя вёскi

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Карэльскiя вёскi

Карэльскiя вёскi на нашым шляху ляжалi адна ад аднэй збольшага на трыццаць кiлёмэтраў, якiя нам трэба было прайсьцi ў вадзiн дзень, каб трапiць на начлег пад рыбацкую страху. Тутэйшае жыхарства складаецца пераважна з рыбакоў. Хлеб сюды прывозяць. Натуральнае багацьце гэтай старонкi — рыба, якой Белае мора дае багата. Карэльскiя сяляне ў той час (1927-8 гг.) былi багатыя, яшчэ тут ня было калгасаў. У вялiкiх вёсках, якiя мелi па пару тысячы жыхароў, былi двохпавярховыя драўляныя хаты, непабеленыя, але надта чыстыя, шаляваныя дошкамi, накрытыя дранiцай. Пару месяцаў летняга рыбалоўства дазвалялi на даўгi зiмовы адпачынак, грошы ад продажы рыбы ставала на ўсё, чаго суровая тутэйшая прырода не магла даць тутэйшым жыхаром.

Я йшоў апошнiм. Усе мае таварышы разам з канвоем ужо даўно выперадзiлi мяне. Куды мне сьпяшацца? Каб хутчэй трапiць у цёплую карэльскую хату, дзе спаткаю чужыя, а часам варожыя твары?

Лепш было аднаму памалу йсьцi сьнегам, думаючы аб страчанай волi, а ня важачыся думаць аб тым, каб на волi зноў апынiцца.

Уцякаць у гэтых абставiнах немагчыма. Аб гэтым ня было чаго й думаць. Наперадзе й адзаду толькi адна дарожка, працёртая санямi, якiя праяжджаюць ад часу да часу. 3 бакоў лясы, дзе сьнег даходзiць чалавеку да грудзей, дзе, уцякаючы, калi-б ты нават i важыўся на гэта, пакiнеш за сабою сьлед, паводле якога легка здагоняць i зловяць. Уцякаць дарогаю — гэтаксама немагчыма, бо бяз пашпарту, бяз грошай уцекача ў першай карэльскай вёсцы зловяць i аддадуць у рукi ўлады, бо за кожнага ўцекача плацяць па два пуды пшанiчнае мукi…

Цiшыня.

Маўчыць паўночны лес. Часам на сьнезе нешта паварушыцца. Гэта белыя паўночныя курапаты слаба адзначаюцца на белым сьнежным фоне. Птушкi сьмела падыходзяць да самае дарогi, быццам ведаючы, што гэтыя падарожныя, якiя тут цягнуцца гужам па сьнежнай дарозе, зла iм ня зробяць…