«Самарубы»

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

«Самарубы»

У вадным з баракаў быў «акалодак», г. зн. амбуляторыя для хворых. Калi былi цяжка хворыя, тут-жа ставiлi тапчаны, на якiх разьмяшчалi iх. На чале гэтае ўстановы стаяў «лекпом», г. зн. фэльчар.

Якая была ягоная мэдычная веда — цяжка сказаць. Мэдыкамэнты, якiмi ён распараджаўся — гэта былi нейкiя парашкi рожавага колеру й два роды нейкае жыжкi. Вось i ўсё. Гэта былi нутраныя лекi. Вонкавыя — ёд i нейкае рызьзё, якое заступала бандажы.

Штодзень, перад выхадам на работу, пасьля першага звону, перад дзьвярыма «акалодку» стаяла чарада хворых, якiя хацелi звольнiцца ад працы. Звальнялi (i то на адзiн дзень) толькi такiх, якiя мелi павышаную тэмпэратуру, прынамсi, да 38 градусаў. Рэўматызм (даволi часты) ды iншыя хваробы, пры якiх тэмпэратура бывала нармальнай, не давалi права на звальненьне.

Я заўсёды вяртаўся зь лесу гэтак разьбiты фiзычна, што думаў, што захварэю. I запраўды, на другi дзень ранiцой, як зазьвiнеў звон, я ня мог зьлезьцi з нараў. Гэтак балелi рукi й ногi. Хiстаючыся, хапаючыся за сьценку, я йшоў у акалодак. Стаяў у чарадзе. Чакаў. Дачакаўся. Лекпом узяў тэрмомэтар…

Тэмпэратура была нармальнай — звальненьня ня было.

* * *

Даведзеныя да роспачы людзi даставалi свайго роду псыхозу, якi выяўляўся эпiдэмiчна. Няздолеўшы выканаць работу, а ведаючы, што яму за гэта пагражае, чалавек, агорнуты бясьсiльнай роспачай, клаў на пень сваю руку i… адсякаў сабе пальцы… i кiдаў iх у твар дзесятнiкаў.

— Патрэбны вам мае рабочыя рукi? Вось вам…

Здаралася, што ашалелыя людзi адсякалi сабе цэлую пясьць левае рукi.

У лесе ня было мэдыцынскае дапамогi, нават гэткай, якая была ў лягеры. Дык, аблiваючыся крывёй, вязень собскiмi анучамi перавязваў сабе рану й варочаўся ў лягер.

Але пры ўваходзе ў барак трэба мець пропуск. Для «самарубаў» выдавалiся адмысловыя. Дзесятнiк на адпiлаванай калодцы пiсаў хэмiчным алавiком пропуск, i ранены, нясучы на плячох гэтую калоду-пропуск, варочаўся ў лягер, млеючы ад болю, утомы й страты крывi.

Блiзу ўсе «самарубы» памiралi ад заражэньня крывi.