Лiсты ад прыяцеля

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Лiсты ад прыяцеля

Я лiставаўся з маткаю. Яна ведала, дзе я. Гэткiм чынам i мае. прыяцелi ведалi пра мяне.

На этапе я атрымоўваў ад аднаго зь iх лiсты.

«Дарагi тав. Аляхновiч!

…Тав. Чарвякоў пытаўся, цi я магу за Вас паручыцца. Я адказаў, што так. Напiшэце, як вы на гэта глядзiцё, цi гэта варта, калi застаецца толькi каля месяца да 10-й гадавiны рэвалюцыi? Дзеля таго, што ўсялякiя фармальнасьцi трываюць надта доўга, у працягу месяца не пасьпеецца, дык, можа, ня варта…»

Нарэшце амнiстыя была апавешчана, але я волi не пабачыў. Амнiстыя датычыла толькi да крымiнальных злачынцаў.

Другi лiст быў гэткага зьместу:

«Дарагi тав. Аляхновiч!

Надзея на амнiстыю ня зьдзейсьнiлася. Сяньня пiшу ў Маскву. Не паддавайся роспачы. Цi зварачацца яшчэ раз у Вашай справе да тав. Чарвякова, ня ведаю. Мы ў вашай справе напiсалi калектыўную заяву. Маю надзею, што ўсё скончыцца добра. Трэба быць цярплiвым i ня трацiць бадзёрасьцi…

Пiшэце, працуйце, чытайце…

Напiшэце мне, можа, чаго вам трэба…»

А Аляхновiч быў у Ленiнградзкiм Iспраўдоме. Этап наблiжаўся да месца свайго прызначэньня — да Салавецкiх Лягераў Асаблiвага Прызначэньня.

Няма дзiва, што словы гэтых лiстоў былi як словы ўцехi пры ложку цяжка хворага. Поўныя надзеi словы прымушалi верыць, што запраўды нешта пераменiцца. Дык-жа немагчыма, каб з усiх гэтых стараньняў нiчога ня выйшла!

Дык адказваў акуратна на гэтыя лiсты (цяпер, на этапе, ужо можна было пiсаць штотыдзень), дзякаваў за захады й дакучлiва прасiў далей не пакладаць рук.

Лiсты прыходзiлi акуратна.

«Паважаны тав. Аляхновiч!

Вашая справа пакуль што не скранулася з месца. Мне асаблiва здаецца, што вызваленьня трэба чакаць з Масквы. Сказалi мне ў Менску, што трэба чакаць пастановы Усерасейскай Амнiстыйнай Камiсii. Калi гэта будзе — ня ведама… Гэтак мне казаў старшыня ГПУ ў Менску. Апрача таго, я пiсаў пра Вас да Мянжынскага. Жадаю Вам здароўя i вытрываласьцi.

Да 10-годдзя БССР засталося ўжо менш як год». У гэтым лiсьце адрысата няпрыемна кальнула зьмена ў загалоўку. Ужо замiж «дарагi» стаяў прыметнiк «паважаны». А ў канцы зацемка аб дзесятых угодках БССР! Значыцца, гэтыя ранейшыя надзеi ня маюць моцных падставаў, калi трэба хавацца за новыя.

Нарэшце сталася тое, чаго адрасат баяўся. Апошнi лiст пачынаўся словамi: «Тав. Аляхновiч!» (без прыметнiка!) i абмяжоўваўся толькi сухой iнфармацыяй, што дагэтуль яшчэ нiчога не ўдалося зрабiць, а калi зробiцца, дык будзе паведамлена — i няхай тав. Аляхновiч пакiне гэтак часта пiсаць…

Аляхновiч пакiнуў пiсаць. Карэспандэнцыя спынiлася. Прайшлi й дзесятыя ўгодкi БССР — а ў лёсе вязьня ня было нiякiх пераменаў.