У дарогу!

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

У дарогу!

Нарэшце надыйшоў дзень выпраўляцца на этап.

Адчынiлася зялезная брама Допру.

Пачалi выходзiць на вулiцу вязьнi i ставаць па чатыры ў рад. Канец лiпеня. Гарачая пара па паўднi. Неба бяз хмараў. Сонца пячэ. Усе аблiваюцца потам, бо гэтыя людзi, выпраўляючыся ў далёкую дарогу, на поўнач, апранутыя ня так, як гэтага вымагае тэмпэратура сяньняшняга дня. Яны панацягалi на сябе рознае рызьзё, якое там, у часе паўночных маразоў, бязумоўна, iм прыпатрэбiцца. Апрача таго, кажны гнецца пад цяжкiмi клункамi, якiя ўзвалiў сабе на плечы.

Салдаты акружаюць вязьняў.

Нарэшце ўжо выйшлi апошнiя прадзначаныя на этап арыштанты.

Брама iз скрыгатам зачынiлася.

«Паверка». Выклiкаюць кажнага прозьвiшча.

Ёсьць. Усё ў парадку.

Начальнiк варты зварачаецца са строгай прамовай:

«Партия, слушай!

Идти посередине улицы!..

Не разговаривать!..

По сторонам не оглядываться!..

Шаг вправо, шаг влево — будет считаться побегом…

При попытке бегства будет применено оружие без предупреждения…

Беспрекословно исполнять все распоряжения конвоя!..

Партия!

Ша-а-агом — марш!!!» — загрукацела па менскiм бруку хада колькi дзесяткаў ног.

Пайшлi, угнуўшыся пад цяжарам клункаў i свайго лёсу, на вакзал.