Неспадзяванкi

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Неспадзяванкi

4-га верасьня, калi я быў заняты мыцьцём калiдораў, адарваў мяне ад работы старшы наглядач. Прыйшоў ён разам iз цырульнiкам. Пасадзiлi мяне на ўслончык i агалiлi.

Мяне вельмi зьдзiвiлi гэтыя захады каля мае асобы, бо ў «перасыльнай» камары, дзе людзi сядзелi толькi часова й адсылалiся далей, ня было звычаю галiць вязьняў.

Ад гэтага мамэнту падзеi надыходзiлi адна па аднэй з надзвычайнай хуткасьцяй. Праз поўгадзiны пасьля галеньня мяне павялi ў лазьню, дзе далi новае нацелiва замест старога, не зьмянянага ўжо шэсць тыдняў. Ледзь пасьпеў я вярнуцца ў камару, дзе пачаў апавядаць таварышом аб маiх дзiўных прыгодах, як расчынiлiся дзьверы, i мяне выклiкалi з рэчамi на калiдор. Стуль павялi ў другое крыло вастрогу i пасадзiлi ў вадзiночнай камары, дзе далi добрую мiску кашы, чайнiк з гарбатай, дзесяць папярос, чыстую пасьцель, падушку.

За гэтулькi гадоў першы раз раскашаваўся я адзiноцтвам. Закурыўшы папяроску, пачаў разважаць аб маiм новым палажэньнi. Адно з двух: або мая справа вельмi благая, або — вельмi добрая. Або абходзяцца тут са мной гэтак, як iз «важным» злачынцам, або…

Гэтае другое дапушчэньне не хацела зьмясьцiцца ў маёй галаве. Пасьля гэтулькiх расчараваньняў, не хацелася мець новага.

Але на разважаньнi я меў мала часу. Дзьверы расчынiлiся, i мяне павялi на нiжнi калiдор, дзе чакаў на мяне нейкi агент ГПУ.

— Цi ня маеце лепшай вопраткi? — ветлiва запытаўся ён у мяне, паглядзеўшы на мае лахманы.

Я адказаў, што ня маю.

— Паедзем зараз да раднiка польскага пасольства… Вас выменьваюць у Польшчу…

Ад непамернасьцi шчасьця дыханьне сьперлася ў мяне ў грудзёх. У ваччу ўсё закружылася. Я абапёрся аб сьцяну, каб ня страцiць раўнавагi. Нэрвовая сударга сьцiснула мяне за горла.

— Вось шкада… — замармытаў я хрыплым голасам.

— Чаго шкада? — зьдзiвiўся гепiсты.

— Шкада, што ўжо ня здолею прымаць удзел у сацыялiстычным будаўнiцтве…

Гепiст скасурыўся на мяне. Iронiя была лiшне выразная…