Лiст да прыяцеляў

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Лiст да прыяцеляў

Я сядзеў на нарах i пiсаў. Пiсаў лiст да сваiх уплывовых прыяцеляў у Менску. Пiсаў зусiм шчыра. Пiсаў аб сваiм энтузiязьме, зь якiм ехаў у БССР, аб сваiм жаданьнi прылажыць сваю цэглiну да агульнага будаўнiцтва, аб незаслужанай кары, якая мяне спаткала — аб усiм. He ўспамiнаў толькi, што ўжо ў душы маёй пачуўся працэс выцьверазеньня. Таксама напiсаў заяву да тав. А. Чарвякова.

Легальным спосабам нельга было пераслаць гэтай карэспандэнцыi. Я ўжо абдумаў на гэта спосаб. Зраблю гэта праз мацi.

Лiст i заяву злажыў i ўцiснуў у пушачку ад сярнiчкаў.

Хутка паклiкалi мяне на гутарку з маткай. Тут, таксама як у ГПУ, пабачаньне адбывалася пры вастрожным дазоры, але тут ужо так строга не сачылi. Мацi яшчэ ня ведала, што я ўжо засуджаны.

— Ну? ну? i што? — пыталася з трывогай.

— Толькi будзьце зусiм спакойныя. Вы-жа бачыце, што я зусiм гэтым не праймаюся…

— Ну, кажы-ж хутчэй! Што табе далi?

— Глупства!.. Нiчога страшнога…

— Мусiць, пяць гадоў?

— Дзесяць гадоў салавецкага лягеру.

— О Божа! Божа! Дзесяць гадоў!.. I бедная старэнькая апусьцiлася зьняможана на лаву, залiваючыся сьлязьмi.

— Супакойцеся… Яшчэ нiчога ня ведама… Можа, будзе амнiстыя…

— Божа! Божа! — стагнала мацi. — Дзесяць гадоў! Гэтулькi часу! Дык я ўжо цябе больш не пабачу!

— Мо мама мае папяросы й сярнiчкi?

— Маю, маю! Вось закуры сабе.

I ў гэты час, запаляючы папяросу, я ёмкiм манэўрам запалiў сярнiчкi, аддаючы матцы пушачку, у якой была ўпiхнутая мая карэспандэнцыя.

Матка заўважыла гэта й прагавiта хапiлася за пушачку. Мы паразумелiся вачыма. Варта нiчога не заўважыла.