Магiльнiк

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Магiльнiк

Сярод вязьняў ёсьць дактары. Работы яны маюць вельмi багата, бо працэнт хворых на Салоўках вялiзарны. Апрача вэнэрычных хваробаў, тутака хварэюць на цынгу, сухоты, скульлё, ня кажучы аб пошасьцi тыфусу, якая час ад часу выбухае.

Штодня, а 5-й гадзiне ўраньнi расчыняецца галоўная брама «Крэмля» й выяжджае з двума санiтарамi ў белых хвартухох i даўгiх чорных гумовых рукавiцах воз iз устаўленай на iм вялiкай скрыняй. Скрыня можа зьмясьцiць да васьмёх трупаў. Хавалi нябожчыкаў на старым манастырскiм магiльнiку за «женротай», там, дзе адбывалiся расстрэлы. Тамака заўсёды была нарыхтаваная яма, разьлiчаная на больш-менш 200 трупаў. У гэтую яму санiтары скiдалi iз скрынi прывезеныя трупы й пакрывалi яму дошкамi. Дошкi закладалiся ня вельмi шчытна, дык удзень можна было вельмi добра бачыць панакiданыя ў яме бязь нiякага парадку целы мужчынаў i жанок, старых i маладых.

Толькi тады, як у яме набiралася прадугледжаная колькасьць трупаў, яе засыпалi зямлёй.

Называлi мы гэтыя ямы «брацкiмi магiламi». Узiмку брацкiя магiлы не псавалi паветра, але няма чаго й казаць, якi страшэнны смурод iшоў з магiльнiку ўлетку…

* * *

Нiхто самахоць на гэты выкляты абток ня едзе. Не кажу аб вязьнях, але аб вышэйшай нялiчнай адмiнiстрацыi — гэтак званых вольных людзях. Гэта ўсё былыя агенты ГПУ, якiх за розныя драбнейшыя правiннасьцi на службе ссылаюць на Салоўкi, на становiшчы розных начальнiкаў.

А за цяжэйшыя правiннасьцi iх прысылаюць сюды як вязьняў. Дый у такiм выпадку яны далей працуюць у сваёй старой галiне, выконваючы розныя функцыi ў ИСО.