Паморы

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Паморы

Паморы — гэта салавецкiя вязьнi, якiя самохаць пускаюцца ў гэтае небясьпечнае падарожжа. У невялiкiх лодках — на шэсць душ, забясьпечаныя правiянтам на два тыднi, iдуць яны ў мора, вязучы звычайную пошту — лiсты вязьняў. Спачатку вязуць лодкi на санях па лёдзе, якi абкружае абток ажно пакуль не дацягнуцца да шугi, якая плавае па моры, i спускаюць лодкi. Тады пачынаецца змаганьне з морам — за жыцьцё.

Добра, калi дзьме вецер спадарожны. Тады натугi весьляроў не марнуюцца. Лодкi пасоўваюцца наперад — у пажаданым кiрунку — на Кемь. Па дарозе сустракаюцца вялiзныя плывучыя лядовыя глыбы. Паморы тады выцягваюць свае лодкi на лёд, папiхаюць iх павольна, асьцярожна, моцна трымаючыся за борт. Бо лёд раптам канчаецца, i неасьцярожны падарожнiк правальваецца праз здраднiцкую шугу — у ваду. Калi нямоцна трымаўся за борт лодкi, дык пакуль таварышы пасьпеюць падаць яму руку дапамогi — шуга ўжо самкнецца над ягонай галавой, — i вынырнуць стуль ужо немагчыма.

Калi-ж па моры пачне шалець працiўны вецер, усе натугi памораў дарэмныя. Вецер гонiць лодкi iз заторамi шугi — у няведамую даль, часта ажно да Ледавiтага акiяну. Сьмелыя, загартаваныя людзi на пару тыдняў змагаюцца з морам, сплючы па чарзе ў тэй самай лодцы, якая iх нясе мо на загубу, маючы за прыкрыцьцё брэзэнт, пад якiм на газавай машынцы вараць сабе страву, адданыя на даску й няласку вятроў. Добра, калi ў такiх абставiнах iм удаецца прыстаць да аднаго з астраўкоў, густа расьсеяных па Белым моры, i тамака дачакацца зьмены ветру. Часта, аднак, падарожжа канчаецца трагэдыяй. У 1929 г. адну з лодак, якiя плылi да Кемi, бура панесла ў адваротным кiрунку. Усякi сьлед яе загiнуў. I толькi праз пару месяцаў iншая паморская лодка спаткала тую, што загiнула — поўную сьнегу, абледзянелую, у гушчы шугi. У ей ляжалi замёрзлыя паморы.

Дарма, што гэтае падарожжа небясьпечнае, адважных ахвотнiкаў даволi. Яны займаюць у лягеры ўпрывiлеяванае палажэньне. Страву маюць першае катэгорыi, значыць такую, як тыя, што працуюць на найцяжэйшых работах. У летнiя месяцы, як пачнецца нармальная навiгацыя, блiзу нiчога ня робяць — адпачываюць. Калi-ж пачынаецца пэрыяд лодачнай камунiкацыi, iм даюць мясныя кансэрвы й сьпiрытус. Гэта — люксус, якога нiхто, апрача iх, ня мае.

Калi ўзiмку ў лягеры разыйдзецца чутка, што першыя лодкi паплылi ўжо да Кемi, усе нецярплiва чакаюць вестак аб iхнай долi. Урэшце радыё падае зь Кемi гэтак чаканую вестку: лодкi прыйшлi шчасьлiва! Значыць, нашыя лiсты дойдуць да адрысатаў! Значыцца, як лодкi вярнуцца, i мы атрымаем лiсты ад тых, каго мы пакiнулi там — на волi.

А тое, што паморы загiнуць — аб гэтым нiхто не задумваецца. Жывучы ўсьцяж у небясьпецы, нiстожаныя масава хваробамi, заслабелыя ад голаду, маючы перад сабой пагрозу расстрэлу, салавецкiя вязьнi звыклi мала цанiць чалавечае жыцьцё. Душа ў iх зачарсьцьвела, непадзельна запанаваў эгаiзм, загубiлiся ўсе лепшыя чалавечыя пачуцьцi — лiтасьць, спагадлiвасьць…