Да мяжы
Да мяжы
Назаўтра ў вадкрытым аўтамабiлi — у кампанii з савецкiм афiцэрам i жаўнерам — ехаў я на вагзал. Мы вырушылi — да мяжы…
А ўсё-ж у вагоне пiльнавалi мяне гэтак старанна, як быццам я ехаў не на волю, а назад на Салоўкi, i была небясьпека, што спрабую ўцякаць. Нават у патрэбнае месца я ня мог пайсьцi без канвою…
Шпарка iмчыцца цягнiк, а мне здаецца, што ён цягнецца надта памалу.
Нарэшце — Менск.
Выходзiм iз вагону.
Да адыходу цягнiка маем каля дзьвюх гадзiн. Мяне вядуць у памешканьне чыгуначнага ГПУ. Кажуць, што я буду бачыцца з маёй маткаю, якая жыве ў Менску. Запраўды, праз мамэнт расчыняюцца дзьверы i ўваходзiць, дрыжучы ад узварушаньня, старэнькая. Далi нам толькi паўгадзiны на гутарку. Разьвiтваючыся, аддаю матцы каля кiлёграму чорнага хлеба, якi мне далi на дарогу ў Бутырках. Рукi ў маткi трасуцца.
— Сынок мой! Гэткi багаты дар!.. Мы ўжо даўно ня мелi гэтулькi хлеба! Але, можа, табе прыпатрэбiцца?
— Будзь спакойная, мацi… Мне гэты хлеб ужо не прыпатрэбiцца…
Едзем далей. Коласава — мяжа.
Мяне ўводзяць у памешканьне прымежнага ГПУ. Савецкi жаўнер нi на крок ад мяне не адступае. На мамэнт затрымаўся нейкi пасажырскi цягнiк. Мы ўсе чакаем. Прайшлi яшчэ два таварныя. Чакаем. Прайшло больш за дзьве гадзiны. Пачынае сутунець…
Калi-ж нарэшце?!
Аглядаю паразвешаныя на сьценках «лёзунгi» i партрэты «вождей». Хутка ўжо разьвiтаюся з вамi — хiба што назаўсёды…
Iдзе нейкi цягнiк…
— Не, гэта вецер гудзець, — адказвае мой вартаўнiк-жаўнер.
Раптам убягаець афiцэр, якi вёз мяне з Масквы.
— Собирайтесь с вещами!
Апошнi раз чую гэтую каманду, якую гэтулькi разоў даводзiлася чуць па вастрогах. Хапаю свае клункi i йду на пэрон.
Але… у той самы мамэнт адчуваю, што я ўжо ня вязень. Наадварот — цяпер я ганаровая асоба. Бо павадыр нашага паходу, нейкi чэкiсты ў даўгiм шынэлi, з ромбамi на каўняры — адзнакi найвышэйшага вайсковага становiшча — закамандаваў:
— Взять вещи!
Ураз-жа падскочыў да мяне чырвонаармеец, якi падхапiў мае манаткi, i мы пайшлi. Наўперадзе iшоў гэны гэпiсты з гэнэральскiмi адзнакамi, за iм — я, побач — жаўнер iз рэчамi, за мною — канвой ды яшчэ нейкiя людзi… Я на iх не ўзяў увагi.