Зьменшваньне кары
Зьменшваньне кары
Раз на год, увосенi, прыяжджала на Салоўкi камiсiя з Масквы, якая складалася з вышэйшых агентаў ГПУ з Глебам Бокiм, апякуном салавецкага лягеру, на чале. Камiсiя пару дзён палявала ў салавецкiх лясох, вечарамi банкетавала, а ўрэшце падпiсвала сьпiс вязьняў, якiм зьмяншалася кара на паўгоду, на год, а часамi й на два гады. Сьпiс быў ужо загадзя нарыхтаваны тутэйшым начальствам, дык ня дзiва, што кажны стараўся нечым выбiцца ўваччу гэтага начальства, здабыць ягоную ласку ды такiм парадкам трапiць у гэны сьпiс, аб якiм усе лятуцелi.
Аднак дарма, што гэтая сыстэма прыгону да працы й эксплёатацыi людзкое сiлы да апошнiх межаў,— работа не давала пажаданых вынiкаў. Заўсёды нешта неўдавалася. Цi то шавецкiя варштаты ня выканалi заказаў, прадугледжаных у пляне работаў, цi цагельня «падвяла», цi iзноў пiльня зацягвала выкананьне дадзенага ёй заданьня, цi нешта iншае «кульгала». Ведама, у такiх выпадках за невыкананьне пляну адказваюць вязьнi, якiя займаюць адказныя становiшчы, i той, хто ўчора пачуваўся панам, сяньня варочаецца да палажэньня звычайнага работнiка, або — яшчэ горш! — трапляе ў карную роту.
У 1928 годзе на Салавецкiм абтоку было звыш 10000 вязьняў. Сярод гэтакае вялiкае грамады сустракалi мы прадстаўнiкоў самых рознастайных нацыянальнасьцяў, якiя ўваходзяць або й не ўваходзяць у склад СССР. Ад якутаў з прыплясканымi тварамi да сыноў Каўказу з арлiнымi насамi, ад фiнаў да ўзбэкаў, ад немцаў да кiтайцаў. Бачыў я даволi багата вугорцаў. Пасьля рэвалюцыi ў Вугоршчыне камсамольская моладзь, якая брала ўдзел у рэвалюцыйным руху, масава ўцякала ў Расею. Аднак, пажыўшы тутака колькi год, яна захацела зьвярнуцца на бацькаўшчыну, гатовая лепш адбыць пару гадоў кары ў сваёй «капiталiстычнай» дзяржаве, чымся жыць далей на «волi» ў краi «сацыялiстычнага будаўнiцтва»… Вось-жа iм ня толькi не далi дазволу зьвярнуцца на бацькаўшчыну, але заарыштавалi й саслалi на 10 год на Салоўкi. Бо яны залiшне ведалi аб савецкiм гаспадарсьцьве, мелi павагу сярод работнiцкiх масаў свае бацькаўшчыны й маглi-б пашкодзiць камунiстычнай акцыi ў Вугоршчыне.