У дарозе
У дарозе
Праз два днi мяне вывялi зь iзалятара, далi 7 салоных рыбаў i 11/2 кiлёграмы хлеба, пасадзiлi з двума канвойнымi жаўнерамi на воз, i мы паехалi на чыгункавую станцыю. Куды едзем, я ня ведаў. Адзiн iз жаўнераў сказаў, што ў Маскву, другi нешта буркнуў пра Ленiнград. Гэта — сiстэма: не казаць вязьню праўды. Мая трывога ўсьцяж узростала, тым больш што канвой (пэўне, паводле дадзенай яму iнструкцыi) пiльна сачыў мяне. Мне забаранялi ўставаць iз лаўкi, выглядаць праз вакно. Кажны мой pyx на лаўцы выклiкаў неспакойны, пiльны пагляд канвою.
У вынiку разважаньняў я дайшоў да перакананьня, што калi на працягу блiзу сямёхгадовае бытнасьцi мае ў няволi анi голад, анi тыфус, цынга ды iншыя хваробы ня здолелi зьнiшчыць мяне фiзычна, дык пастаноўлена зрабiць мне новую справу i — у найлепшым выпадку — даць яшчэ 10 гадоў лягеру… Але якую справу? У чым мяне абвiнавачваюць?
Прыехалi ў Ленiнград. На вагзале вялiзарны натоўп. Я сядзеў тут пад наглядам аднаго жаўнера, бо другi некуды пайшоў выканаць нейкiя фармальнасьцi. Цяпер я ўжо ведаў напэўна, што едзем у Маскву. Ад часу да часу зварачаўся да мяне нехта з натоўпу, пытаючыся, калi йдзе якi цягнiк, што рабiла вялiкi клопат майму канвою, бо, як вязень, я ня меў права гутарыць iз публiкай.
Адзначаю, што сваiм вонкавым выглядам, у катаржнай вопратцы, я мала адрозьнiваўся ад гэтага бедна апранутага натоўпу. Людзi думалi, што i я — такi-ж самы падарожны, толькi еду ў кампанii з жаўнерам, i нiхто не здагадваўся, што перад iм — салавецкi вязень. А быў я апранены так, што ў нас на Беларусi й дзяды лепш апранаюцца… 3 гэтага можна меркаваць аб агульным вонкавым выглядзе публiкi ў колiшняй сталiцы Расеi.
Заняўшы месцы ў iншым цягнiку, паехалi мы ўрэшце на Маскву.