Газэта й радыё

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Газэта й радыё

Што другi дзень выходзiць тутака друкаваная газэта «Трудовой Путь», рэдагаваная й складаная вязьнямi. Газэта ўсьцяж заклiкае да павялiчэньня прадукцыйнасьцi працы i «кляймiць» усякiя правiннасьцi вязьняў.

У кажнай роце i ў кажным прадпрыёмстве ёсьць радыёгукальнiк, злучаны з цэнтральнай станцыяй на Вэгэракшы.

На працягу ўсяго дня чуем заахвочваньне да наследаваньня найлепшых ударнiцкiх брыгадаў i словы асуджэньня ды пагрозы адказнасьцяй для тых, хто не спраўляецца iз сваёй рабочай нормай, — а ўвечары злучаюць нас iз Macквой, скуль чуем лекцыi, бягучыя весткi (i там усё ў ударнiцкiх тэмпах), канцэрты, опэру. А самай поўначы (паводле заходняэўрапэйскага часу — а 10-й гадзiне вечару) чуюцца нязьменна гукi савецкага гiмну (iнтэрнацыяналу), i пасьля да 2-ое гадзiны ўначы злучаюць нас iз сталiцамi эўрапэйскiх гаспадарстваў. Слухалi мы часта Бэрлiн, Вену, Прагу, Варшаву…

Пасьля ўсiх гэтых нясьцiханных гутарак аб «ударнiцтве» й «спаборнiцтве» дзiўнае ўражаньне робяць гукi фокстроту, якiя плывуць да нас зь нейкае эўрапэйскае кавярнi. У перапынках чуваць бразганьне судзьдзя, гул галасоў людзкiх… Галодны, у лахманах вязень слухае гэтыя гукi i лятуцiць аб сытым жыцьцi, жыцьцi ў чысьцiнi, — не аб камфорце, але аб найбольш элемэнтарных абставiнах запраўды людзкага жыцьця. Усё гэта — такое далёкае, недасяжнае… Наплываюць наiўныя думкi аб чыстым каўнерыку, аб эўрапэйскай вопратцы, аб шыкарных жанчынах, аб залiтай сьвятлом залi, аб красках… Наплываюць думкi аб усiм, што чалавек страцiў назаўсёды. Гэта-ж — ня сон. Там, недзе далёка, за колькi тысяч кiлёмэтраў, людзi жывуць iнакш… Там, недзе, у «капiталiстычных» краёх людзi не памiраюць ад голаду, ня знаюць ГПУ…

Гэткiм шляхам iмкнуцца думкi вязьня пад гукi фокстроту, пачутага праз радыё з эўрапэйскае кавярнi…

Стаiць вязень, абапёршыся аб сьцяну, i слухае. Закруцiлася сьляза ў воку. Добра, што нiхто ня бачыць: таварышы спяць. Ён лятуцiць… А блышыцы пачулi пажыву… шпарка паўзуць па сьцяне да лятуценьнiка, што прытулiўся да яе… Лезуць за каўнер i — варочаюць яго да запраўднасьцi…

Трэба баранiцца ад блышыцаў… Дый спаць пара ўжо. Дай Бог, каб сон быў без кашмараў! Заўтра рана трэба падымацца на работу…

А стуль — здалёк, праз тысячы кiлёмэтраў, радыёвыя хвалi нясуць гукi музыкi, калышуць да сну…