Як я зрабiўся загадчыкам IЗО

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Як я зрабiўся загадчыкам IЗО

14-ая рота ўжо забытая. Я ўжо зноў у лепшых абставiнах жыцьця. Iзноў собскi тапчан, iзноў палiчка i г. д.

Тэатр ужо зьлiквiдаваны. Я мяняю работу. Працаваў на дрывяным складзе, у канцылярыi УСЛОНу, за стоража i на iншых пасадах. Урэшце ўладзiўся ў IЗО (iзобразiцельный отдел), дзе маляваў лёзунгi, розныя плякаты i да г. п.

Перад 1 траўня была гарачая работа. Трэ было прыаздобiць лягер для першамайскага сьвята. Малявалi партрэты «важдзей», пiсалi лёзунгi, вязалi гiрлянды зь елачных галiнак.

Наш узгадавальнiк упiраўся, каб выпiсаць вялiкiмi друкаванымi лiтарамi нешта з твораў «мудрага» Сталiна i наклеiць на аднэй iзь сьценак у Крамлi., Загадчык 130 казаў, што мала часу, што праз адну ноч гэтую работу зрабiць немагчыма. Я, седзячы ў другiм пакоi, нiчога аб плянах узгадавальнiка i аб ягонай гутарцы з загадчыкам ня ведаў. Раптам узгадавальнiк паклiкаў мяне.

— Аляхновiч! Можаш зрабiць гэтую работу за адну ноч?

— Пожалуй…

— Ну, дык валяй! Атрымаеш прэмiю… Я пастараюся, каб табе выдалi два кiлё хлеба.

Я зрабiў сабе драўляныя лапаткi i пачаў друкаваць мудрыя словы гэнiяльнага Сталiна. Да ранiцы работа была скончаная. Я атрымаў ня 2, a 3 кiлё хлеба. I яшчэ больш…

Бо праз пару дзён узгадавальнiк сказаў:

— Аляхновiч! Хочаш быць загадчыкам IЗО? Я ўжо гаварыў з начальнiкам васьпiтацельнай часьцi. Згаджаецца.

— Не, таварыш васьпiтацель! Дазвольце лепш застацца на старым становiшчы.

Я ведаў, што адказнае становiшча на Салоўках — рэч небясьпечная.

— Няма чаго казаць. Справа пастаноўленая ўжо. Будзеш за загадчыка.

I я зрабiўся загадчыкам. Меў асобную кватэру (жыў у куточку пры IЗО), меў свайго днявальнага, якi хадзiў па варатак, прыбiраў памешканьне i да г. п. Пад маiм загадам быў мастак (маляваў партрэты «важдзей»), дыяграмiсты (вырысоўваў дыяграмы «вырабаткi») i памянёны днявальны.

Жылося добра. Працы (як ня было нiякiх «торжеств») было мала. Я быў спагадным, мяккiм загадчыкам.

Мастак сядзеў перад начатым партрэтам Дзяржынскага i драмаў. Я грэўся перад печкай. Дыяграмiсты расказваў анэкдоты або таксама драмаў. Толькi адзiн днявальны сядзеў у куточку iз сшыткам у руцэ i, рытмiчна кiваючыся, нешта пяяў сабе пад нос па-башкiрску.

Ён доўга не хацеў сказаць, аб чым ён пяе.

Пасьля толькi ўдалося мне даведацца.

Ен казаў:

— Як я вярнусь да свой дом… я не памятаюць усё… Так я цяпер усё, што перажываюць, усё пiсаць, i вучыць на памяць, i пяяць… Як буду ў свой дом, тады ўсё, што перажыў, буду пяяць…

Ён быў башкiрскiм паэтам.

Часам, аднак, неўспадзеўкi заглядаў да нас начальнiк васьпiтацельнай часьцi.

— Ну, што тут у вас робiцца?

— Работаем, гражданiн начальнiк!

— А этот што-ж усё сядзiць над партрэтам Дзяржынскага! Той раз я бачыў гэты партрэт i цяпер тое самае.

— Гражданiн начальнiк… Гэта мастацкая работа… Леонардо да Вiнчы сваю Джыоконду маляваў пяць гадоў i казаў, што яшчэ ня зусiм закончаная…

— Гм… Ну, хорошо… Работайце… Толькi не забывайце о большэвiстскiх тэмпах.

— Мы памятаем, гражданiн начальнiк!