Фiлёр

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Фiлёр

Назаўтра ўвечары Попутчiк сядзеў у вакзальным буфэце, чакаючы на прыход цягнiка.

У буфэт увайшла кампанiя, зложаная з двох мужчын, жанчыны i сабакi. Мужчыны былi ў дарагiх шубах, дама была апранута ня горш за жанчын гнiлога захаду, у аднаго з мужчын быў футляр са складной стрэльбай.

Кампанiя расьселася за суседнiм столiкам i пачала гутарку на паляўнiчыя тэмы.

— Хто гэтыя людзi? — думаў Попутчiк. — Гэтыя вясёлыя, добра апранутыя, поўныя радасьцi жыцьця людзi?

— Як вы яго клiчаце? — спытаўся адзiн з мужчын у другога.

— Фiлёр.

— Ха, ха! Праўда, Фiлёр! Лоўкае iмя! Фiлёр! Хадзi сюды! Ха-ха-ха!

Сабака сядзеў спакойна на падлозе, ленна паглядаючы сваймi разумнымi вачыма то на аднаго, то на другога. Раптам адзiн з iх пахiлiўся над сабакам i, зiрнуўшы на Попутчiка, шапнуў:

— Фiлёр! Вазьмi!

Фiлёр падняўся са свайго месца, не сьпяшаючыся падышоў да Попутчiка i, абапёршы лапы на ягоных каленях, павярнуў сваю касматую морду да свайго гаспадара, быццам пытаючыся, цi добра выканаў заданьне.

Элегантная кампанiя расьсьмяялася.

— Якi мiлы жарт, — падумаў Попутчiк i ўсьмiхнуўся, пазiраючы на незнаёмых.

Фiлёр вярнуўся на свае месца.

Гутарка перайшла на iншыя тэмы. Цяпер гаварыла дама. Гаварыла аб шаўковых панчохах, аб вялiкiх цэнах, аб тым, як цяжка знайсьцi добры тавар.

Цягнiк ужо прыйшоў. Толькi адзiн вагон iдзе проста ў Менск. Калi сядзеш у iншы — у Воршы будзе перасадка. Попутчiк знайшоў гэты вагон i ўсьцешыўся, пабачыўшы там бачаную ў буфэце кампанiю. Значыцца, едзем разам у Менск. Пачаў разглядацца навакол, шукаючы для сябе месца.

— Вы шукаеце месца? — падыйшоў да яго адзiн з незнаемых джэнтэльмэнаў. — Вось вашае месца. I паказаў рукой на незанятую лаўку.

— Сядайце, — казаў далей незнаёмы ўпаўголасу, каб ня чулi iншыя пасажыры. — Вы арыштаваны. Зразумела? Вось ордэр!

I чэкiсты паказаў нейкую паперку.

Попутчiк ускрыкнуў:

— Як?! за што? чаму?!

— Цсс! — супакоiў яго незнаёмы. — Не цяпер, тут публiка, пасьля пагаворым… Сядайце, можаце прылегчы… Фiлёр! на месца!

I Фiлёр паслухмяна палез пад лаўку Попутчiка на паказанае яму месца.

Чэкiстыя далей вясёла гутарылi аб розных рэчах. Пасьля заснулi. Заснулi i ўсе пасажыры ў вагоне. Ня спаў толькi Попутчiк i ягоны вартаўнiк — Фiлёр. Як толькi Попутчiк паварухнецца, сабака бурчыць. Попутчiк стараўся нават ня дыхаць, каб не злаваць свайго нямiлага суседа пад лаўкай.

Дык як ён мог спаць! У галаве гудзелi думкi: за што? тут хiба непаразуменьне! Поўна неспадзевак у гэтым саюзе савецкiх рэспублiк!.. Але за што-ж мяне? Дык-жа я ўжо даўно перамянiўся да Саветаў! Дык-жа я ўжо даўно анi словам, анi пяром не выступаў процi iх! Я прыбыў сюды зусiм легальна!.. Дык чаго-ж iм ад мяне трэба?

У вадказ на гэтыя пытаньнi Фiлёр няпрыязна бурчэў пад лаўкай…

* * *

Ранiцой кампанiя разьбiлася. Пан са стрэльбай у футляры разьвiтаўся з панам бяз стрэльбы i з ягонай дамай. Селi на звозчыцкiя санкi: чэкiсты побач Попутчiка, дама ў iх на каленах, пры нагах разьлёгся Фiлёр.

— Савецкая вулiца, ГПУ, — скамандаваў чэкiсты звозчыку.

Паехалi. Гэтыя санi везьлi Попутчiка ў невядомую будучыню.

— Федзя! цi ты хутка вернешся на сьнеданьне?

— Але. Скора. Вось толькi яго здам.

«Яго» — значыцца Попутчiка.

У камэндатуры ГПУ звычайная працэдура. Адзiн «здаў», другi «прыняў», расьпiсаўся. Пасьля «вобыск». Пасьля нейкi калiдор, рад дзьвярэй. Адны з iх адчынiлiся перад Попутчiкам. Нары, вакно з кратамi. Брудныя, са сьлядамi клапоў сьцены…

А пасьля — доўгiя гадзiны панурых думак, можа, днi й ночы, а можа, месяцы, а можа гады нават.

Думак, якiя пачалiся ў падвале ГПУ ў дзень новага 1927 году, ды якiя давялi Попутчiка да перакананьня, што, аднак, «наши пути расходятся».