Сякiрка

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

Сякiрка

Другiм, шмат страшнейшым месцам кары за праступкi, учыненыя на катарзе, была Сякiрка.

Гэта — гара на паўночна-ўсходнiм ускрайку Салавецкага абтоку. На версе гэтае гары стаiць пабудаваная манахамi царква, у якой цяпер зроблены камары для вязьняў.

На найвышэйшым паверху царквы ёсьць марская лiхтарня (маяк), яхая цяпер страцiла сваё пачатковае значэньне i служыць толькi дзеля выкрываньня морскiх уцёкаў вязьняў. На мае шчасьце, доля ня судзiла мне пазнаёмiцца з гэтым страшным месцам, i я ведаю аб iм толькi з апавяданьняў маiх таварышоў, якiя адбывалi тамака кару.

Вялiзарны гмах былое царквы падзелены на дзьве часткi. У нiжняй садзiлi за меншыя праступкi, як зладзействы, бойкi i йнш. Вязень меў права забраць iз сабою пасьцель ды вопратку. Кара — апрача зьменшанага пайка — была ў тым, што памешчаньне гэнае не апальвалася, i такiм парадкам узiмку гэта была кара марозам.

Розьнiца памiж нiзам i верхнiм паверхам была ў тым, што наверсе вязьнi ня мелi пасьцелi i заставалiся бяз вопраткi — у вадным нацелiве. Апрача таго, замiж шыбаў у вокнах былi толькi калючыя драты… Улетку трымалi тутака даўжэй, узiмку — карацей. Сюды траплялi пераважна абвiнавачаныя ў спробе ўцячы ды гэтак званыя палiтычныя злачынцы.

На нарах ляжаць блiзу голыя людзi, тулячыся адны да другiх, дрыжучы ад холаду. Дзеля таго, што ляжаньне побач не давала даволi цяпла, бо мароз даймаў i зьнiзу, вязьнi знайшлi iншы спосаб грэцца. Яны тварылi гэтак званыя «штабелi»— гэта значыць: клалiся адны на адных упоперак уколькi разоў. Але тым, што былi ў нiжнiм радзе дый у верхнiм, было найхаладней — адны мерзьлi зьнiзу, другiя зьверху. Дык дзеля справядлiвасьцi рады зьмянялiся: тыя, хто быў нанiзе цi на версе, iшлi ў сярэдзiну — i наадварот.

Гэтак вязьнi на Сякiрцы ратавалiся ад замярзаньня.

А выходзiлi згэтуль або ў бальнiцу, або… на магiльнiк.