Бяз маскi
Бяз маскi
Але далоў маску! Бо, мусiць, ужо чытач i сам здагадаўся, што пад гэтай, вельмi празрыстай, мiж iншым кажучы, маскай «Попутчiка» хаваецца сам аўтар гэтых успамiнаў.
Скiдаю маску. Але! Гэтым наiўным «Попутчiкам» быў я — Францiшак Аляхновiч.
Чытачы мае! Вы думаеце, што гэта лёгка прызнацца, што я, ужо не дзяцюк, даў так наiўна, так дурнавата, гэтак бязьмежна недарэчна ашукаць сябе! Мне цяпер сорамна, што я гэтак бяскрытычна верыў тады ў савецкi мiраж, што нават агентаў ГПУ прыймаў за людзей, якiм можна верыць, мала што не за сваiх прыяцеляў.
Цяжка было пiсаць гэту споведзь, гэтае дабраахвотнае «пакаяньне». Довадам гэтага, што ў 1937 г., выпускаючы ў Вiльнi сваю кнiжку «У капцюрох ГПУ», я абмежаваўся толькi сваiмi вастрожнымi ўспамiнамi, ня кажучы нiчога аб тым, што было са мной ад дня прыезду ў Менск да дня арышту.
Але трэба было напiсаць i аб тым, што дзеялася памiж 17 лiстапада 1926 г. i 1 студзеня 1927 г. Бяз гэтага было шмат чаго няясна. Адны пыталiся: «За што-ж канец канцоў бальшавiкi пасадзiлi гэтага Аляхновiча?» А iншыя казалi:
«Э! Мусiць, нешта было… гэта нездарма… чалавека так нiзашто ў вастрог ня садзяць…»
Цяпер маеце ўсё, няма нiчога недасказанага! Цяпер ведаеце, за што. Але цяпер, пасля перажываньняў апошнiх год, ужо, мусiць, нiхто й не задаваў-бы гэткiх пытаньняў. Цяпер ужо ўсе — i ў Заходняй i Усходняй Беларусi — добра пазналi бальшавiкоў i ведаюць, за што людзей садзяць у вастрог…
Дык навошта я гэта ўсё пiшу? Можа, й ня трэба ўжо аб гэтым пiсаць, калi ўсе ўжо добра пазналiся на бальшавiкох?
Дай Божа, каб усе. Але яшчэ ня ўсе. Як сыфiлiтычныя сьпiрохэты ў варганiзьме, гэтак залазiць ў душы паганая бальшавiцкая атрута. Няхай мае словы, словы «попутчiка», аздараўляюць гэтых бедных духам людзей. Няхай вучацца на маiм прыкладзе. Бо нi Тарашкевiч, нi Рак-Мiхайлоўскi, нi Гаўрылкiн, нi Дварчанiн — ды й ня пералiчыш iх усiх, нiчога вам ня скажуць. Адны з гэтых няшчасных, неразумных гнiюць ўжо ў зямлi, iншыя — у концлягерах або вастрогах.
Мне пашанцавала. Я шчэ жыву. Я на волi. Я магу яшчэ трымаць пяро ў руцэ. Ад свайго вызваленьня, восем год назад, я не пакiдаю пiсаць i гаварыць аб найстрашнейшым ворагу чалавецтва — аб бальшавiзьме. Мне калiсь ня верылi. Казалi, што гэта паэтыцкая выдумка. Хлусьня. Цяпер паверыце.