Час ляцеў…
Час ляцеў…
Час ляцеў, гады йшлi…
Аляхновiч усё сядзеў i сядзеў.
Праўда, прыстроiўся ўжо ня блага. Дзякуючы Богу й каманданту 7-ай роты, жыў у б. манастырскай кельлi. У невялiчкiм пакойчыку зьмяшчалася восем чалавек, аднак хапала месца, каб кажны меў для сябе асобны тапчан.
Iз старых мяшкоў Аляхновiч наладзiў сабе сяньнiк, за пачку махоркi дастаў у сталярнай майстроўнi стружак для яго набiўкi. Над сваiм тапчанам павесiў палiчку, на якой стаяў кубак, мiска, банка з тытуном. Пад палiчкай вiсела фатаграфiя малых Аляхновiчатаў.
Камфорт! Чаго больш?
Клопатаў нiякiх. Усё паводле званка. Званок — выходзь на праверку! Званок — iдзi з мiскай у кухню! Званок — выходзь на работу. Званок — рабочы дзень скончаны! Можаш бiць клапоў, гуляць у шахматы, чытаць кнiжку, выйсьцi на панадворак на шпацыр, а калi дастанеш пропуск — дык нават за муры Крамля, у лес. Раз на тыдзень камандант склiкае сваю роту: «собiрайся в баню». Там, разьдзеўшыся, у вадно ваконца аддаеш сваю брудную бялiзну, у другiм дастаеш чыстую. Ня трэба нi аб чым думаць. Iншыя пра цябе падумалi, iншыя за цябе паклапацiлiся.
Ня жыцьцё, а малiна!
Але аднаго разу зайшоў у камару камандант роты.
— Аляхновiч! Хто тут з вас Аляхновiч! Ты Аляхновiч? «Собирайся с вещами!»
— Куды, таварыш камандант?
— У чатырнаццатую роту.
Брр! Чатырнаццатая рота называлася «запретнай» ротай. Там былi шмат горшыя ўмовы жыцьця. Спалi на агульных нарах. Забаронена было выходзiць. У кухню, на работу, у патрэбнае месца — iшлi пад канвоем. Тут быў сабраны «няпэўны» элемэнт: былыя афiцэры царскай службы, пракуроры i iнш. небясьпечныя каэры.
Пасьля камфорту 7-ай роты Аляхновiч апынуўся ў 14-ай «запретнай».
Чаму? За што? Што здарылася?..