«Лесазагатоўкi»

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

«Лесазагатоўкi»

А трэцяй гадзiне ўначы на падворку зьвiнiць звон: лягер будзiцца. Днявальныя прыносяць iз сушыльнi валёнкi й iншую адзежу, прамоклую ўчора ад сьнегу.

3 крыкам, лаянкай, пры слабым сьвятле падвешанай пад столяй лямпачкi, варушацца сьценi ў бараку, поркаючыся ў кучах наваленай на падлозе адзежы.

Адзiн ня можа знайсьцi валёнкаў, другому прапала «телогрейка». Лаюць днявальнага, той адгрызаецца.

Валёнак завалiўся кудысьцi за клункi, за скрынкi пад нары.

Тыя, хто ўжо ўправiўся знайсьцi ўсе часткi свае адзежы, хутка апранаюцца й бягуць за мiскамi ў кухню, каб атрымаць сьнеданьне. Бо хутка ўжо зазьвiнiць звон другi раз — тады ўжо трэба бегчы на падворак на «паверку».

Нехта на верхнiх нарах разьлiў сваю страву. Жыжка цячэ на галаву i ў мiску суседа на нiжнiх нарах. Iзноў крык, сварка, бойка…

Няшчасная доля, замiж злучаць людзей у дружную грамаду, разлучаець iх, выклiкаючы памiж iмi злосьць i ненавiсьць.

Зазьвiнеў звон другi раз.

Усе выбягаюць iз баракаў. Некаторыя хапаюць на падворку жменю сьнегу й нацiраюць iм сабе рукi i твар. Гэта — ранiчны туалет вязьня. Але бальшыня ня робiць гэтага. Даволi iм лазьнi два разы на месяц.

На падворку пры сьвятле лiхтарняў «паверка». Зьяўляецца начальнiк лягеру.

— Здравствуйте, рабочие роты!

— Здраа!!! — адказваем дружна.

Раздача iнструмэнтаў. Раздалi пiлы, сякеры, лапаты.

— На работу — марш!

Iдзём.

Дзесятнiкi на лыжах вядуць сваiх работнiкаў у лес на месца працы. За iмi, таксама на лыжах, пасоўваецца канвой. Iдзём гужом, адзiн па адным, вузкаю, вытаптанаю на сьнезе дарожкаю, здаганяюць нас санi, якiя едуць у лес забiраць напiлаваныя дровы. Даём саням дарогу, падаючы ў сьнег па грудзi…

Санi шпарка праляцелi мiма, але нiхто й не прабаваў за iх учапiцца. Катаржанам, апрача дзесятнiкаў i хурманоў, забаронена ехаць на месца работы.

Iдзём пехатою каля 10 кiлёмэтраў, ажно на другi канец абтоку.

Свiтае.

Пасьля шэрай начы пачынаецца таксама шэры, крыху толькi сьвятлейшы паўночны дзень.

Займаем вызначаную для работы дзялянку лесу. Падзяляемся на тройкi. Кожная тройка сварыцца зь iншай тройкай за лепшае месца, г. зн., дзе дрэвы растуць гусьцей.

Пачынаецца работа. Змоўклi людскiя галасы. Чуваць толькi галасы пiлаў i сякераў…

Чуваць трэск дрэва, якое валiцца, шум галiнаў, пасьля гук ад паданьня на сьнег елкi.

Падаюць адно на адным карэльскiя дрэвы.

Часам чуваць чалавечы крык. Нехта, неасьцярожны, ня ўправiўся ўпару адскочыць… Кароткi крык хутка зацiх. Ужо чуваць толькi недзе стогн… Дзесятнiкi папаўняюць «тройку»… Адзiн з канвою папёр на лыжах у лягер паклiкаць «лекпома»…

Енчаць пiлы, гудуць сякеры… Цяжка дыхаюць людзi, сьпяшаючыся выканаць «урок».

Работа была «ўрочная». На «ўрок» давалi на тройку — першай катэгорыi, дужэйшым, па 65 дрэваў, другой — слабейшым — па 45. Трэба было звалiць, пасьля адпiлаваць да вядомай вышынi вяршалiну, паабсякаць галiны, злажыць iх у кучу, сьсячы навакол кусты й дрэўцы, якiя перашкаджаюць даезду саняў. Сьпiлаваць дрэва трэ было пры самым пнi, а дзеля таго, што сьнег часам даходзiў да грудзей чалавека, можна сабе ўявiць, якая гэта была праца — гэты сьнег раскапаць, утаптаць, каб дабрацца да самае зямлi.

I гэтак каля кажнага дрэва.

Былi сярод нас i маладыя хлопцы, здаравенныя, прафэсiянальныя дрывасекi. Яны выконвалi сваю работу лёгка. Але працэнт гэткiх работнiкаў быў надта малы. Бальшыня з нас — гэта былi людзi, якiя ўпяршыню працавалi на «лесазагатоўках».