Гутарка суседак
Гутарка суседак
На рагу Вясёлай i Правiянцкай спаткалiся дзьве суседкi.
— Панiчка! Што гэта можа быць?.. Тут нешта ў нас на нашай вулiцы не ў парадку.
— А што, панiчка?
— А во! Ня бачыце?
— Што? Гэны, што там… папяроску круцiць?
— А няўжо-ж.
— Сочаць некага?
— Але. Я ўжо даўно заўважыла.
— I на каго-ж мае зноў звалiцца няшчасьце?
— А ня ведаеце, панiчка? Дык-жа да гэтай старой, што жыве на Вясёлай вулiцы, сын знакам тым прыехаў. 3-за гранiцы! Можа, бачыла панiчка, гэткi алiгантна апрануты, пазагранiчнаму, i ў гэтакiм кацялку на галаве ходзiць…
— Шкада старой! Вось будзе турбота…
— A мо i нiчога ня будзе.
— Э, не кажэце! Нiколi гэтак ня бывала, каб дарма саiчылi. Ужо калi за кiм ходзяць, дык не здарма…
— Цiкавасьць, а цi старая ведае ўжо…
— Як-жа-ж магла-б ня ведаць, калi гэты, вось што тамака стаiць, дык i ня надта крыецца. Ад самага раньня прыходзiць i пачынае пад ейнымi вокнамi хадзiць: туды i назад, туды i назад… Сьляпы ўбачыць.
— А мо яму, гэтаму сыну ейнаму значыцца, i нiчога ня зробяць! Кажуць, што гэта нейкi вядомы беларус… А яны беларусаў цяпер паважаюць. Можа, яму нейкую службу добрую дадуць.
— Дай Божа, дай Божа, але ня ведаю…
На другiм баку вулiцы гэтым часам стаяў нейкi чалавек у чорнай скураной шапцы i круцiў у руцэ пушачку з сярнiчкамi, робячы выгляд, быццам хоча закурыць папяроску. На першы пагляд магло паздавацца, што нiчым больш ён ня цiкавiцца. Але добра прыгледзеўшыся, можна было заўважыць, што гэты працэс запальваньня папяросы трывае зашмат, доўга i што пагляд чалавека ў скураной шапцы скiроўваецца ад часу да часу на ваконцы малога драўлянага дамка пры Вясёлай вулiцы.
— Панiчка! Не глядзеце на гэтага гада! А то й для сябе нейкае няшчасьце прыдбаеце.
— Праўду, панiчка, кажаш. Ня наша гэта справа. Божая воля…