49. Нарада ў «Юности»

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

49. Нарада ў «Юности»

Улетку мяне запрасілі ў Маскву на нараду, наладжаную рэдкалегіяй «Юности» і прысьвечаную абмеркаваньню яе маладой прозы. Справа ў тым, што партыйнае кіраўніцтва было незадаволенае некаторымі публікацыямі маладых аўтараў, найперш Анатоля Гладзіліна і Васіля Аксёнава. Перад тым быў зьменены галоўны рэдактар часопісу, — замест В. Катаева прыйшоў Б. Палявой. На нараду зь Сярэдняй Азіі прыехаў Анатоль Ананьеў, які ўжо надрукаваў расхвалены крытыкай ваенны раман «Танкі ідуць ромбам», галоўны герой якога надта ж напамінаў Мікіту Сяргеевіча Хрушчова. Мы з Анатолем былі аднагодкі, на фронце абодва ваявалі ў саракапятках, ён быў цяжка паранены. Пасяліўшыся ў адным гатэлі на Замаскварэччы, цэлы вечар правялі ў гутарцы пра вайну ды літаратуру і выявілі, здавалася, агульны падыход да творчасьці маладых. Я меркаваў, што заўтра мы падтрымаем маладую прозу «Юности», і ў гэтым накірунку рыхтаваўся да выступленьня. Таму дзіўнавата было пачуць уранку, як Ананьеў адразу пачаў з нападак на Гладзіліна, Аксёнава і яшчэ некаторых. Вядома, я выступіў у іх абарону, але тады яшчэ болей зьдзівіў мяне Б. Палявой, які ў заключным выступе падтрымаў не мяне, а Ананьева за яго «нелицеприятную критику». Зрэшты, Ананьева я неўзабаве зразумеў — калі ён з свае Сярэдняй Азіі перабраўся ў Маскву на пасаду намесьніка рэдактара аднаго аўтарытэтнага часопісу.

Недзе тою парой ці, можа, трохі раней у Маскву прыяжджаў амэрыканскі пісьменьнік, аўтар знакамітых «Гронак гневу» Джон Стэйнбек, які завітаў у «Юность» і дужа горача падтрымаў маладых. «Ня бойцеся быць злымі, маладыя ваўчаняты», — скончыў гэты масьціты празаік, зьвяртаючыся да Еўтушэнкі, Гладзіліна, Аксёнава, Вазьнясенскага ды некаторых іншых. У ЦК, казалі, падняўся вялікі скандал, і болей амэрыканскаму маэстру візу ў Савецкі Саюз не далі. Магчыма, аднак, ён яе і не прасіў.

Міхась Гарбачоў тым часам скончыў пераклад аповесьці, але «Юность» адмовілася яе друкаваць. Тады ён аддаў рукапіс у «Новый мир», які перад тым пачаў набываць дысідэнцкую славу. I вось аднойчы мне прыносяць тэлеграму з Масквы ад намесьніка галоўнага рэдактара «Нового мира» Аляксея Кандратовіча з прапановай надрукаваць аповесьць, «если только вам не противен этот журнал».

Ведама, я адразу ж адказаў згодай. Гарбачоў чамусьці маўчаў.