96. Уладзімер Караткевіч

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

96. Уладзімер Караткевіч

Мабыць, праўда, што ўжо на генэтычным узроўні жанчына мацнейшая за мужчыну і далей у працэсе нялёгкага існаваньня найменш паддаецца ўзьдзеяньню асяродзьдзя, захоўвае сваю самасьць. Асабліва тое праяўляецца ў канфліктныя моманты, калі трэба абараніць сябе, сям’ю, дзяцей. А то і мужа. Мужчына ня мае такой пэўнасьці, бо дужа шмат магутных акалічнасьцяў уплываюць на яго — улады, партыі, войска, дзе зь ім толькі і робяць, што ламаюць, становяць на калені. Мусіць, усё тое і сфармавала сучасны, ня надта зайздросны архетып беларускага мужыка ў жыцьці і літаратуры, — беднай, рахманай, баязьлівай істоты. Таго, пра каго кажа выслоўе: красьці баіцца, працаваць лянуецца, прасіць саромеецца. Тое мы спрэс назіралі пасьля вайны, калі адважныя цягам чатырох год партызаны ў мірны час страцілі ўсю сваю адвагу і даюць памыкаць сабой кожнаму, хто таго захоча. У тым ліку і з жаночага боку, які, аднак жа, мала ў вайну згубіў. А можа, яшчэ і набыў — розуму і рашучасьці.

Некаторыя пытаюцца, чаму ў вайну беларускія партызаны апынуліся гэткімі храбрымі, адкуль яны набраліся тае храбрасьці ў абязбожанай, калгаснай, паўгалоднай краіне? А ўсё адтуль жа — з 30-х гадоў, у выніку савецкай дрэсіроўкі голадам, вынішчэньнем і страхам. Калі сялянству ўжо мала што засталося губляць. Хіба жыцьцё як апошнюю ўласнасьць. Але і жыцьця шмат каму было ня шкода, такое яно стала нясьцерпнае. У той сытуацыі і палягае псыхалягічная крыніца шмат якіх учынкаў, у тым ліку і тых, якія цяпер называюць подзьвігамі.

Мы гаварылі пра тое, што нельга нікога заганяць у кут — ні сябра, ні ворага. Беларускае сялянства ў 30-я гады, пазбаўленае зямлі і волі, па сутнасьці апынулася ў куце. Ад галоднай сьмерці яго ўратавалі гароды — сорак сотак дзедаўскай зямлі, якія кармілі. Пасьля немцы загналі яго яшчэ глыбей — што было рабіць сялянам? Што робіць сабака ці воўк, калі яго прышчэмяць у загарадзі? Кідаецца на людзей. Беларусы кінуліся на немцаў. З адчаю. Во і вытокі гераічнай партызанкі.

Калі б акупацыйная палітыка немцаў была больш разумная ды немцы распусьцілі б калгасы, вярнулі беларусам іхнія царскія надзелы зямлі, цягло, дык нават ва ўмовах вайны і акупацыйнай няволі беларусы паводзілі б сябе інакш. Прынамсі, як летувісы, латышы ці эстонцы. Як украінцы нарэшце. Аралі б зямлю, гадавалі дзяцей і плюнулі на бандыцкую партызанку, якая, наўрад ці памагаючы фронту, адно забясьпечвала амбіцыі маскоўска-партызанскага кіраўніцтва. Той факт, што немцы нішчылі ў мястэчках яўрэйскае насельніцтва, беларусаў ня вельмі турбаваў — абы не чапалі саміх. Але ж «зачапілі» і беларусаў — пачалі бязьлітасна страляць і паліць. Казалі — як расплата за партызанку, што ўвогуле было падобна на праўду. Пасутнасьці тут Гітлер са Сталіным апынуліся ў адным хаўрусе, хаўрусе катаў. Тое, што Сталін ня справіўся дарабіць у перадваенныя гады, дарабіў за вайну Гітлер. Беларусь страціла чвэрць уласных насельнікаў і апынулася на руінах, каб затым пачаць «гераічную» эпоху адраджэньня.

Нельга нікога заганяць у кут — сабе даражэй абыдзецца. А мая Сьцепаніда апынулася менавіта загнанай у кут.

Сьцепаніда, вясковая цётка, не хацела губляць жыцьцё і чаплялася за нейкія праявы волі. Ды спазьнела чаплялася. У тым яе чалавечая трагедыя.

Але калі было — не спазьнела? У Сьцепаніды наогул не было свайго часу, яна, як і ўсё навакол, выпала з хады часу, апынулася на мяжы небыцьця. Некалькі год ці тыдняў таго балянсаваньня, і ўсё загінула. Каб не адрадзіцца?

Уладзімер Караткевіч быў нязгодны з маім фатальным паглядам, ён хацеў спадзявацца. Як мог, ён таксама чапляўся за жыцьцё, за надзею. Ды не ўчапіўся. Бо таксама апынуўся чалавекам бяз часу, што зарана ці запозьнена нарадзіўся, не ў пару зрабіўся пісьменьнікам. Несучасным. Несучасны чалавек жыць доўга ня можа. Павінны памерці.

У тыя часы, каб дасягнуць нейкага посьпеху ў літаратуры, мала было мець літаратурны талент — патрэбны быў грамадзкі твар, начальніцкая пасада, немагчымыя бяз «членства» ў партыі. Менавіта з тае прычыны нашыя «маладыя таленавітыя» яшчэ ва ўнівэрсытэце ўступалі ў партыю, па сканчэньні вучобы ахвотна (ці не) вербаваліся ў сэксоты і, каб замацавацца ў сталіцы, уладкоўваліся ў рэдакцыі. Службовая кар’ера ўвогуле мала залежала ад літаратурнага таленту, які нярэдка толькі шкодзіў кар’еры. Звычайна літаратурныя маэстры, надзеленыя рэгаліямі, званьнямі і адказнымі пасадамі, былі пасрэднымі літаратарамі, што, аднак, ня шкодзіла ім кіраваць іншымі. Літаратура была справай ня толькі рызыковай, але і вельмі няпэўнай, як няпэўным быў мэтад сацрэалізму. Iншая рэч — пасада. Літаратурная ці яшчэ лепей — партыйная. Гэтая карміла, забясьпечвала камфортным жытлом і належным да яе гонарам. Шмат хто зь пісьменьнікаў, калі ня шэньціла прабіцца да такіх пасадаў, апыналіся ў доўгіх сьпісах рэдкалегіяў (ці рэдсаветаў), некаторыя зь ліку адмыслова давераных значыліся ў двух, трох, а то і чатырох рэдкалегіях, дзе шэраг гадоў выконвалі свае цэнзарскія абавязкі. Іншых там не было, а ўжо гэтыя бальшыня зь іх мкнулася выконваць як мае быць.

Уладзімер Караткевіч ня быў нават шараговым камуністам, ня быў якім-небудзь «членам», ні тым болей рэдактарам, што ж яму заставалася? Нічога іншага, апроч як пісаць «несучасныя», гістарычныя раманы ды піць гарэлку.

Друкавалі яго пасьля бясконцых, часам дурных, але заўжды палітычных прыдзірак (вядома ж, баючыся беларускага страхоцьця — нацыяналізму), але піць забараніць не маглі. Мабыць, зыходзячы з уласнага вопыту, кіраўніцтва разумела, што тут яно бясьсільнае. Валодзя таксама разумеў тое як права на адзіна магчымую для сябе свабоду і па магчымасьці карыстаўся ёю. Аднак і тут не магло абысьціся без праблемаў. Усе Валодзевы «грахі» былі на строгім уліку.

Але тое будзе яшчэ не цяпер, яшчэ Валодзя хадзіў на мора, у пасёлак па чачу. Я ж колькі тыдняў сядзеў у лоджыі і пісаў на лёгкім і хісткім дзюралевым століку. Валодзя казаў, што ён ненавідзіць такія столікі, хоць у пакоі, хоць у кавярні, што гэта — вынаходства д’ябла. На ім нічога людзкага стварыць немагчыма. Яму для ягоных твораў патрэбны быў стары, моцны, дубовы стол. А таксама стос добрай паперы і свежая, адпрасаваная сарочка. Тады паяўлялася натхненьне, якое адно і гарантавала плён.

Аднойчы ён зноў прапаў на няпэўны час, а як паявіўся, мы яго не пазналі. Быў нібы не тутэйшы — зь цьмяным позіркам, змучаным тварам. На зьмярканьні пачаў скардзіцца, што ўнізе ў кустоўі сядзіць цмок, пільнуе за ім. Кажа — ідзі, пакажу. Я ішоў у іх з Валяй кутні нумар, і Валодзя паказваў уніз: во, во… Выглядвае!.. Не, схаваўся. Ну, чакай, я цябе падпільную… Не пільнуй, Валодзя, казаў я з жалем. Кладзіся спаць. — Не, спаць я ня буду, я буду пільнаваць яго…

Валя плакала. Toe было дужа кепска…

Напрыканцы нашага тэрміну паехалі з экскурсіяй у Сухум, дзе Валодзя першым чынам пацягнуў усіх у малпоўнік. Тут ён быў жывы і вясёлы, поўны самага дзіцячага захапленьня, калі азіраў усіх тых малых і вялікіх істотаў, што сядзелі, лазілі, скакалі з сука на сук, здаецца, зусім не рэагуючы на цікаўных наведвальнікаў. Валодзя знайшоў дужа сімпатычную малпачку, якая, сустрэўшы ягоны позірк, сьмела скокнула да яго і працягнула далоньку з тоненькімі чорнымі пальчыкамі. «Глядзіце, які цуд! — казаў Валодзя. — Яна ж лепшая за людзей, колькі дабрыні і адданасьці…» Ён клаў ёй у далоньку мандарын, і яна з радасным віскам узьлятала высока на дрэва.

А ў кавярні на праспэкце пад пальмамі было толькі кіслае сьцюдзёнае віно, ад якога Валодзя грэбліва моршчыўся. I піў.

Караткевіч і Валя зьехалі зь Піцунды раней за нас — скончыўся тэрмін пуцёўкі. Мы правялі іх да аўтобусу, выпіць на разьвітаньне не было чаго. Надта ж былі ўзрадаваныя, калі праз кароткі час атрымалі зь Менску тэлеграфны перавод на добрую суму і невялічкую цяжкаватую пасылачку. Памятаю, ішлі з пошты і дужа цікавалі: што гэта прыслаў Валодзя? Падобна — цагліну. Аж не цагліну — бутэльку малдаўскага каньяку, які ў Беларусі яшчэ можна было «дастаць». Ну — Боская душа, мілы Валодзя!

Пасьля, ужо ў Менску, Валю паклалі ў Бараўляны, і я вазіў да яе Валодзю — на адведкі. Сам заставаўся ў машыне, а ён ішоў у корпус. Вяртаўся адтуль вельмі і вельмі засмучаны, употай выціраў вочы. Ён кахаў жонку…

А як памерла, здаецца, ня плакаў. Памятаю, пасьля паховін раіўся, як яму жыць? Хацеў знайсьці кабету, каб безь дзяцей, якіх яму з Валяй ня даў Бог. I каб безь вялікай радні. Мяне неяк уразілі тыя яго клопаты, бо яму самому жыць засталося няшмат.

Незадоўга да сваёй сьмерці ён неяк дужа ўважліва ставіўся да тых, каго паважаў, з кім сябраваў. Тады часта тэлефанаваў мне, і, калі мяне не было дома, падоўгу размаўляў зь Iрынай. Здароўе яго пагаршалася, ды ён ня дужа прыслухоўваўся да здароўя. Вядома, хвораму ня надта пісалася, і ён ішоў да сяброў. Бы ў прадчуваньні хуткага канца рваўся на прыроду, зь якой наканавана было канчаткова зьліцца, і апошняя паездка на любімую Прыпяць і згубіла яго. Ягоную сьмерць аплаквала ўся Беларусь, доўга будзе шанаваць яго слаўнае імя. Такія, як Караткевіч, часта не нараджаюцца…