6. Віцебск

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

6. Віцебск

Улетку паслаў дакумэнты ў Віцебск, у мастацкае вучылішча. Мабыць, дарэчы будзе зазначыць, што тое маё рашэньне не было нечаканым, па ўсёй верагоднасьці, так вымагаў лёс. Жыць у калгасе рабілася неяк, голад і рэпрэсіі гналі людзей прэч. Але дарослыя ўцячы з калгаса нікуды не маглі, хіба што моладзь, падлеткі. Якраз на гэтым часе ў школе паявіўся новы піянэрважаты, малады хлопец Віктар Кандрацкі, які ажаніўся з нашай Клаўдзяй Якаўлеўнай. Працаваў ён няшмат і раптам зьнік, аказваецца, паступіў у Віцебскае мастацкае вучылішча. Аднойчы ўлетку мы сустрэліся ў Кублічах, і ён расказаў пра вучобу, паказаў свае студэнцкія малюнкі. Сказаў, што даюць інтэрнат і нават плоцяць стыпэндыю — аж 60 рублёў. Заахвочаны ім, я пайшоў да дырэктара па свой клясны табель. Дырэктар сьпярша не пагаджаўся, усё ж я быў выдатнікам у школе. Але мусіў табель аддаць (Тры папярэднія сказы выкрасьленыя аўтарам у кніжным выданьні.). Во бацька і кажа: «Едзь куды-небудзь, бо тут ад галадухі зачахнеш. А там, у Віцебску, будзеш хоць стыпендыю мець. 60 рублёў — гэта ж грошы!» Праўда, бацька меў розум сялянскі, і яму ня дужа падабаўся мой мастакоўскі выбар. Ён усё казаў: «Лепей бы вывучыўся на настаўніка ды паступіў у партыю, як наш Новікаў. Начальнікам стаў». На бацькаў жаль, таго мне не было суджана… Зрэшты, як і стаць мастаком…

На ўступныя экзамэны ехаў цягніком, гэта быў мой першы выезд у вялікі сьвет, зь перасядкаю ў Полацку, у якім я таксама быў першы раз. Выехалі на золаку, па дарозе пераняў дождж, добра вымаклі. Сушыўся, ходзячы ранкам па Полацку. Пасьля звыклага вясковага гарадзкое навакольле ўражвала незвычайна, усё там было новае і цікавае. Вузкія, крывыя, брукаваныя вулічкі, крамы… Таксама і ў Віцебску, які ўразіў мяне шматлюдзьдзем і… трамваямі. Зь некаторым страхам ехаў на трамваі ад вакзалу ў цэнтар. На плошчы віселі вялізныя каляровыя рэклямы кінатэатраў, недалёка высіўся аграмадны сабор і вежа ратушы.

Вучылішча месьцілася ў добрым старым дамку буржуазнага выгляду, з мазаічнай падлогай у вэстыбюлі. (Здаецца, цяпер там музычная школа. Будынак захаваўся, не пабурылі ў вайну.) Галоўныя экзамэны былі, вядома ж, па мастацтву, мы малявалі акварэляй нацюрморт з гаршкамі. Пасьля іншыя прадметы, якія я здаў пасьпяхова, і, вярнуўшыся дамоў, атрымаў паведамленьне аб залічэньні ў студэнты.

У інтэрнаце мастацкага вучылішча былі толькі матрацы з ваты — камячыстыя і нязручныя, на іх і спалі. Коўдры трэба было прывезьці з дому, і я прывёз стракатую коўдрачку, вынятую маці з куфра як самую каштоўную. Тканая яна была накшталт крыжыкаў — белае з чорным, і мае злыя сябры адразу ўбачылі ў ёй штось папоўскае. Ад іхніх папрокаў мне было сорамна, і я накрываўся коўдрай толькі ў сьцюжу, зьверху яшчэ клаў тужурку. Тужурка тая дасталася мне ад першага мужа мамы, які ў рэвалюцыю прыехаў з Курляндыі, прывёз самыя каштоўныя рэчы (тужурку, залачоныя запанкі для кашулі, цэлюлёідныя каўнерыкі і манжэты), склаў у куфар. І паехаў у Пецярбург, дзе і прапаў. Мама чакала яго ці ня год пяць, а пасьля, схадзіўшы пешшу на паклон да Ефрасіньні Полацкай, выйшла замуж за суседа-ўдаўца Уладзімера.

Увосень пачалася вучоба: жывапіс і малюнак, якія выкладаў стары Лейтман, усе іншыя прадметы, як і ў школе. Жылі мы сьпярша ў інтэрнаце на Магілёўскай плошчы, цяпер яе няма — перайменавалі ў Савецкую. Ці, можа, Цэнтральную. А потым, забыўся зь якой прычыны, нас чатырох пасялілі ў прыватным доме на Смаленскім кірмашы. Здаецца, раней тая плошча называлася Краснаю. Празь нейкі час у вучылішчы арганізавалася скульптурнае аддзяленьне, і я зь невялікай групай хлопцаў перайшоў туды. Скульптурныя клясы мясьціліся ў бакавым завулку перад былой ратушай і мастацкім музэем. Вучыла нас скульптар Ганна Iванаўна Бяляева, паходжаньнем, здаецца, з Кіева. (Пасьля вайны нідзе ня чуў пра яе, мабыць, прапала.) Дырэктарам вучылішча быў Iван Восіпавіч Ахрэмчык. Там жа знаходзілася ягоная майстэрня, на першым паверсе, з вокнамі, якія выходзілі на вуліцу. Вокны вялізныя, як і належыць для мастакоўскай майстэрні. Калі пачынала цямнець, уключае сьвятло, а шторы не зашморгвае, і мы глядзім, што ён робіць. Помніцца вялікая, на ўсю сьцяну палатніна, на якой недамаляваныя абрысы Леніна і Сталіна на нейкім зьезьдзе. Тады гэтая тэма была абавязковай. Скульптура ўвогуле давалася мне лёгка, але падабалася менш, чым жывапіс. Шмат ляпілі анатомію — фрагмэнты клясыкаў, мікелянджаляўскага Давіда — насы, вушы, твар, — тое было няцяжка. Болей клопату было з кампазыцыямі — аднаі дзьвюхфігурнымі. Маёй курсавой работай стала фігура пагранічніка ў шынялі, зь вінтоўкай і біноклем каля вачэй. Выкладчыца пахваліла.

У скульптурнай клясе мастацкага вучылішча гліну для лепкі аднекуль прывозілі, а фарбы для маляваньня трэба было купіць. Пакуль што мы абыходзіліся акварэльлю, бо масьляных фарбаў, пра якія ўсе марылі, набыць маглі хіба некаторыя. У нас маслам працаваў хлопец з Азэрбайджану (пасьля і яшчэ адзін), астатнія толькі пазіралі, як ён ліха «кладзе мазкі». Мы ж ашчадна размазвалі акварэльлю на невялікіх аркушах таўставатай паперы.

А пасьля, як адмянілі стыпэндыю, ня стала за што купіць і акварэлі. Найлепшы гатунак зь яе лічыўся «мядовы», і ён быў даволі дарагі.

Горад вабіў, цікавіў, часам захапляў сельскага жыхара будынкамі і вітрынамі. Зрэдзьчас заходзіў у сабор, дзе абразоў ужо не было, а з вышыні гайдаўся знакаміты маятнік Фуко — як доказ таго, што Бога няма і зямля круціцца. Іншыя саборы пад той час ужо паўзрывалі. Заўжды галодных студэнтаў, аднак, найбольш вабілі сталоўкі, паткнуцца ў якія патрэбна была адвага. Найперш — чыстыя абрусы. Зноў жа афіцыянткі ў белых фартушках. Неяк яны дужа прыдзірліва аглядалі нас, сарамлівых падлеткаў, прымалі з усьмешкай наш сарамлівы «заказ». Заказ быў болей чым сьціплы: каша (пшонная ці пярловая) з лыжачкай масла наверсе, 200 грамаў хлеба і чай. Каша каштавала 60 кап. Наедак зь яе порцыі для нас быў ніякі. Калі са стыпэндыі мы замаўлялі па дзьве порцыі, і то было мала.

У асноўным харчаваліся хлебам з кіпнем — па бохану на дзень. Тое каштавала 1 рубель. Аднойчы, як жылі на Смаленскім базары, падрабілі пару рублёў: намалявалі акварэльлю, добра пацерлі (бы старая паперка), і прадаўшчыца не заўважыла. Але толькі аднойчы. Болей не адважыліся, дый хутка атрымалі стыпэндыю.

Віцебск тады, канешне, быў традыцыйна мастацкі горад, меў музэй; на вуліцы Гогаля недалёка ад плошчы быў музэй славутага Пэна, якога незадоўга перад тым загадкава забілі. У невялікім пакоі і на драўлянай лесьвіцы віселі яго карціны, выкананыя ў стылі дабротнага рэалізму — шаўцы, старыя яўрэі, коні, выявы старадаўняга Віцебску. Пра ягонага славутага вучня Марка Шагала, які тады жыў у Парыжы, у яго родным горадзе нічога не было вядома. Бы ён і ня меў ніякага дачыненьня да гэтага гораду. Але час мяняецца, і праз шмат гадоў я ўжо быў у ліку тых, хто на Пакроўскай вуліцы адкрываў скульптурны помнік славутаму земляку.

Я там правучыўся няшмат. Увосень саракавога году аб’явілі «радасную» навіну: пастановай ураду стыпендыі адмяняюцца, за ўсе матэрыялы і падручнікі трэба плаціць. Як было жыць, ня толькі вучыцца? Грошай мне з дому ніколі не прысылалі, ды я і не прасіў. Аднойчы бацька, як ехаў у горад, заехаў да дзядзькі Сьцяпана, пазычыў тры чырвонцы, якія я расьцягваў, як мог. Найбольш — на хлеб, якім звычайна мы харчаваліся. Устанеш раненька, гадзін у 6, і — да хлебнай крамы ў чаргу. Чарга вялізная, усе чакаюць. Гадзін у восем прывозяць хлеб, пачынаецца штурханіна. Карткі пад гэты час ужо адмянілі, дык па хлеб у горад рынуліся з навакольных вёсак, зь іншых раёнаў. На хлеб выдаткоўваўся ня больш за рубель, бо трэба ж было яшчэ купіць фарбы. Ды і з брызентавых гамашаў вылезьлі пальцы… Спрабавалі мы з хлопцамі перабівацца такімісякімі заробкамі[: ] на грузавой станцыі, шчотачнай фабрыцы. У Віцебску, як ні дзіўна, да самай вайны захаваўся дробны прыватны сэктар. Недзе на вуліцы, што вяла да аэрапорту, убачылі маленькую такую крамку, над дзьвярыма было няўмела напісана «Головные уборы шью» — стары Абрам шыў там шапкі. I вось, памятаю, мы ўдвух з Шаўчонкам, хлопцам з Палесься, пайшлі туды. (Шаўчонак пасьля таксама кінуў вучобу, — не было як вучыцца. Ня меў абутку, дык ён асеньняй парой, па гразі хадзіў у растаптаных бурках.) Дамовіліся з гаспадаром зрабіць яму прыгожую шыльду, ён паабяцаў за тое 15 рублёў. Знайшлі нейкую здатную фанэрыну, загрунтавалі, напісалі «Галаўныя ўборы». На адным канцы дошкі намалявалі кепку, а на другім капялюш. Панесьлі заказ. Гаспадар паглядзеў, паглядзеў і кажа: а чаму капялюш? Што, я капелюшы раблю для буржуяў? I ня ўзяў шыльду, адмовіўся. Відаць, быў напалоханы з часоў нэпа.