9. Станцыя Гразі. Салтыкоўка

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

9. Станцыя Гразі. Салтыкоўка

Апынуліся на станцыі Гразі, там усчалася перафармоўка. I тут аказалася, што паводле тылавых законаў 23-і год нараджэньня прызываецца, а 24-ы — яшчэ не. I вось нас усіх, хто быў з 24-га года, сабралі разам. А трэба сказаць, што такіх набралася няшмат, бо ўкраінцы — ня дурні, яны далёка ад дому не адыходзілі, звычайна вярталіся. Ну а мне куды было вяртацца? Беларусь засталася за тысячу кілямэтраў, ня дойдзеш. I я змушаны быў цягнуцца з усімі. Дык сфармавалі з маіх аднагодкаў калёну, выдалі па тры буханкі хлеба і, як былі, у зашмальцаваных ватоўках, не зважаючы на зіму — у пілотках, выправілі ў тыл. Але зноў пад камандай падпалкоўнікаў [запасу] — каб не разьбегліся. Iшлі ў Саратаўскую вобласьць…

Харчаваліся зноў самапасам — хто чым знойдзе. Сяляне часам кармілі, усё ж то быў тыл, і шмат у каго мужчыны былі на фронце, людзі спачувалі вайскоўцам. Тым больш такім жаўтаротым, як мы. Хаця гледзячы дзе. На станцыях, дзе ўсё было абабрана, нічога нам не надаралася, а ў сёлах трохі перападала. Пакуль дайшлі да Саратаўшчыны, абнасіліся і абязножалі. Чаравікі мае сталі такія, што і парцянкі вылезьлі. А тут пачаліся халады. Цёплага ж на нас не было нічога. Памятаю, нейкая цётка дала мне вязаны шалік[,] і ўсё. Нарэшце дабрылі да станцыі Салтыкоўка, гэта ў самым канцы 41-га. Там нас разьмеркавалі па калгасах. Мы з адным хлопцам, Лёшкам Арловым (дарэчы, таксама ўшацкім) трапілі ў недалёкі калгас…

Сяло было вялікае (дзіўна, забыў яго назву), на поўдзень ад ст[анцыі] Салтыкоўка. Калгас, здаецца, меў назву «Камінтэрн». Мы зь Лёшкам Арловым жылі недалёка адзін ад аднаго, але спатыкаліся рэдка — тое ў нашых гаспадароў не было прынята. Я ўвесь дзень, зьезьдзіўшы зранку ў стэп і прывёзшы мерзлага будыльля, сядзеў дома. Рабіць не было чаго, чытаць таксама. Гаспадары амаль не размаўлялі між сабой (нявестка варагавала зь сьвякроўю), гаспадар быў на працы. Але была малая, гадоў шэсьць дзяўчынка, — мілае, прыхільнае стварэньне, якая не адыходзіла ад мяне цэлы дзень, патрабуючы што-небудзь распавядаць. Я распавёў ёй усе казкі, што ведаў, распавёў пра Беларусь зь яе лясамі, птушкамі і зьвярамі. Але таго было мала. Тады, неяк дастаўшы ў суседзяў таўсты том акадэміка Тарле — пра Напалеона, пачаў ёй чытаць. Наўзьдзіў, яна слухала, і мне была палёгка.

Там мы праседзелі ў калгасьнікаў амаль усю зіму 1942 году. Калгас выдзяляў проса — па кіляграму на тыдзень. Гэтае проса трэба было абадраць на цёрцы, атрымаць пшано. У сям’і, дзе я жыў, былі гаспадар-камбайнёр, які меў бронь, гаспадыня, малая дзяўчынка і бабка. Бабуля гэтая, сьветлая ёй памяць, і варыла мне кашу. Сям’я, натуральна, харчавалася асобна, а я — пшоннаю кашай, што па тым часе зусім няблага. У нас да вайны пшано было далікатэсам. Памятаю, у Віцебску талерачка такой кашы з чайнай лыжачкай масла зьверху каштавала 60 капеек. Тут масла не было… Увогуле было галаднавата, заўсёды хацелася есьці… Малады ж быў.

Трудная была тая зіма, сьцюдзёная, а галоўнае — даймала адзінота, адарванасьць ад звыклых мясьцінаў, ад радзімы, што апынуліся пад акупацыяй. Лёшка жыў цераз дарогу ў суседзяў, і нашаю зь ім задачай было забясьпечыць гаспадароў палівам. Палівам служыла будыльлё сланечніку, што застаўся пад сьнегам у стэпе. Для таго мелася пара гаспадарскіх буркаў на двух. I вось часьцяком (разы дватры на тыдні) едзеш з санкамі ў стэп, пералазіш яр і наломваеш там мёрзлага будыльля, вязеш яго ў сяло. Зь цяжкім возам перабрацца цераз крутыя схілы было няпроста, добра нарвеш кішкі. А як вылезеш мокры ад поту, успомніш свой роў ля роднае вёскі, паглядзіш на чырвоны марозны захад, дзе далёка-далёка засталася радзімая старонка, і ўжо не стрымаеш сьлёз. Тым болей, што вакол расхінуўся марозны стэп, ніхто тут цябе ня бачыць, можна не саромецца. Адзінота, закінутасьць, адчуваньне поўнага сіроцтва — балючыя самотныя пачуцьці, якіх да таго перажываць не даводзілася. Першы, але не апошні раз было тое…

Не сказаць, што да нас там адносіліся кепска, — як і да ўсіх. Але на нейкім часе стала нам нязмогла, і мы з Лёшкам вырашылі рушыць на захад. Беларусь была пад акупацыяй, але ж там былі партызаны. Зноў жа фронт, жахі якога памалу сталі забывацца, і нам захацелася туды. Аднойчы і рванулі. Ды недалёка. Наіўных уцекачоў на захад затрымалі на першым жа чыгуначным мосьце, вярнулі ў раённы НКВД у Рцішчаве. Там зноў пачалося тое, што некалі са мной у Белгарадзе. Дапытвалі, хто нас паслаў на мост і зь якім заданьнем? Тое, што мы прабіраліся на захад, у бок фронту, выклікала ў начальнікаў недавер, нават абурэньне. I м трэба было пераканаць нас і сябе, што мы ішлі ў тыл і зь нейкаю мэтай. Зь якой?

Выбавіў нас адтуль выпадак іншага кшталту. Уначы прывялі нейкага крымінальнага вепрука, які тут жа, у пакоі дзяжурнага, усчаў бойку. Быў надта дужы, паперакуліў усю мэблю, пачаў душыць начальніка, і да яго кінуліся ўсе міліцыянты, якія там былі. А мы зь Лёшкам тым часам ціхенька высьлізнулі празь дзьверы. Зноў вярнуліся ў калгас, да ранейшых гаспадароў, якім штось ня дужа складна схлусілі. Ня ведаю, ці паверылі.