80. Дзядкоў. Сеўрук

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

80. Дзядкоў. Сеўрук

На зьезьдзе, як заўжды, гучалі прамовы, звыкла сумаваў прэзыдыум. У кулуарах было цікавей. Недзе пад канец дня паявіўся Віктар Някрасаў, якога на той час цкавалі ў яго родным Кіеве і ў Маскве таксама. Завітаў ён на зьезд з выглядам парыжскага клашара — у няновай расхрыстанай тэнісцы, старых джынсах і разношаных сандалетах на босую нагу, зь якіх вытыркаліся жоўтыя старэчыя пазногці.

Сярод параднай, з усіх сілаў выкшталцонай публікі тое выглядала выклікам. Затое яго хутка абкружылі маладыя, і зь іх цеснага кола на лесьвіцы доўга чуліся гоман і сьмех. Гэбісты ў штацкім змушаны былі прычыніць дзьверы ў залю.

Важна, што сустрэчы і знаёмствы прадаўжаліся і пасьля зьезду, у гатэлях і рэстаранах. Увечары на кватэры Валянціна Аскоцкага ўпершыню спаткаўся зь вельмі мною шанаваным крытыкам Iгарам Дзядковым. Той даўно жыў у Кастраме, у сталіцы паяўляўся рэдка, але друкаваў глыбокія і разумныя артыкулы пра сучасную літаратуру, у тым ліку і беларускую. Часам ён прысылаў мне цёплыя лісты ў Горадню, а праз колькі год напісаў грунтоўнае дасьледаваньне пра маю творчасьць. Бачыўся я зь ім рэдка, але заўжды адчуваў ягоную прысутнасьць у маім пісьменьніцкім лёсе.

Пра пісьменьніцкія зьезды ў Маскве можна ўспамінаць доўга і шмат. Ці з нудой ад іхняй руціны, ці, здаралася, і з захапленьнем ад некаторых сьмелых і разумных выступаў. Асабліва падчас перабудовы, калі жалезна арганізаваны СП пачаў прыкметна развальвацца. Але і тады партыя ўпарта трымала яго ва ўласных руках. Паспрабавалі рэфармаваць кіраўніцтва, у праўленьне паўводзілі нядаўна яшчэ адыёзных пісьменьнікаў. Кіраваць зьездам даручылі Юрыю Бондараву, аднаго разу нават мяне пасадзілі за ганаровы стол прэзыдыума. Аляксандр Якаўлеў меў з намі спрыяльную гутарку ў кулуарах. Але і тады ў ЦК прадаўжаў сядзець Шаура і ягоны зямляк Сеўрук, які пад той час зрабіў найвышэйшую для сябе кар’еру — кіраваў усесаюзным галоўлітам, практычна ажыцьцяўляючы цэнзуру над усёй савецкай літаратурай. Гэты ўчэпіста трымаўся за свае цэкоўскія пасады нават пры Гарбачове і канчаткова рухнуў толькі тады, як рухнула партыя КПСС. Перабраўся ў гасьцінную лукашэнкаўскую Беларусь, дзе і дагэтуль заняты сваёю звыклаю справай.

Недзе яшчэ ў брэжнеўскія часы Масква нечакана для сябе знайшла дзіўнаватага аўтара зь яго ня меней дзіўнаватым творам пад назовам «Москва-Петушки». Прозьвішча аўтара было Веніямін Ярафееў або проста Венічка, як яго з сымпатыяй клікалі сябры і чытачы. Мне гэтую кніжку даў пачытаць Адамовіч, якому яна дужа спадабалася, можа, з тае прычыны, што, не парываючы з гуманізмам, несла ў сабе зачаткі будучага постмадэрну. Пасьля мы даведаліся, што аўтар працаваў на пракладцы газаправоду, быў дужа хворы і сябраваў з групай маскоўскіх літаратараў, якія выдалі на той час скандальны «Метрополь». Аднойчы Адамовіч мяне зьдзівіў, папытаўшыся ў тэлефоннай размове, што такое мэніск? То быў не філялягічны тэрмін, і далёкі ад тэхнікі Адамовіч не павінны быў ім зацікавіцца. Я ж прыпамятаў зь фізікі, што меніск — крывалінейнае нацяжэньне паверхні вадкасьці. У наступнай размове высьветлілася, што ў адным інтэрв’ю, надрукаваным, здаецца, у «Литературной России», Венічка вельмі прыхільна адгукаўся пра нас з Адамовічам і сказаў, што Адамовічу наліў бы пры сустрэчы поўную шклянку, а Быкаву — нават з мэніскам. Бедны алкаш Венічка, мабыць, ня ведаў, што Адамовіч ня п’е, і тым павесяліў апошняга. А ўсё роўна ягоны маральны жэст быў куды болей прыемны для нас абодвух, чым ідэалягічная пахвала якога-небудзь «літаратураведа ў штацкім».