89. Справы асабістыя
89. Справы асабістыя
У даволі драматычным і багемным пісьменьніцкім побыце немалая праблема склалася праз алкаголь. Частыя паездкі, бадзяньні і гасьцяваньні, паседжаньні і зьезды амаль ніколі не абыходзіліся без таварыскіх пачостак, нярэдка даўгіх і празьмерных. Не заўсёды яны міналіся ў таварыскай лагодзе — часам адбываліся ў сварах і каштавалі нэрваў…
Памятаю, на нейкім зьезьдзе мы з адным маім сябрам, толькі спаткаўшыся ўранку, вядома ж, скіравалі ў буфэт, дзе і заселі надоўга. Неўзабаве да нас далучыліся два кіеўскіх літаратары, і пачалася спрэчка пра адносіны да Віктара Някрасава, якога цкавалі ў Кіеве. Спрэчка перайшла ў злосную сварку, і мы сварыліся і пілі аж да сканчэньня мерапрыемства. Так і не зайшоўшы ў залю. І гэта не адзіны выпадак. Былі і горшыя.
Натуральна, што такія паводзіны не маглі не застацца без непажаданых наступстваў. Не маглі не прывесьці да канфліктных адносінаў у сям’і.
Першы адчуў кепскае ў маім жыцьці Аляксей Карпюк, каторы пачаў захады здалёку. Аднойчы паехаў у Менск і насварыўся на маіх сяброў за тое, што яны нібыта спойваюць Быкава. Тады гэта мяне абурыла, і я пасварыўся з Карпюком. А як пагляджу цяпер, з вышыні пражытых гадоў, дык бачу, што цьвярэзьнік Карпюк меў рацыю. Хаця яго прынцыповая цьвярозасьць, штодзённыя зарадкі і наогул любоў да фізкультуры не прадоўжылі ягонага жыцьця. На чалавека заўжды знойдзецца якая халера — ня рак, дык начальства, якое ня горш за хваробы ўмее загнаць чалавека ў дамавіну. А што да гарэлкі, дык хто яе ня піў? Як казалі мае землякі, той ня п’е, у каго няма грошай. Неўпрыцям стварыўся пэўны імідж Быкава, вядома, ня самы лепшы, і я знарок не бурыў яго. Ён што-нішто мне выбачаў, найперш у вачох начальства. Хаця тут важна было не перабраць меры. Іначай сьвяціла яшчэ большая небясьпека.
У Маскве ў той час я калі-нікалі заходзіў да Куранёва і там пазнаёміўся зь ягоным сябрам, псыхіятарам Валодзем. Валодзя працаваў загадчыкам аддзяленьня псыхіятрычнай больніцы, ня так даўно лячыў генэрала Грыгарэнку і яшчэ некаторых дысыдэнтаў. Аднойчы ў выхадны, калі мы з Куранёвым былі ў яго на гасьцях, доктар прапанаваў пазнаёміцца зь ягонымі хворымі, тым болей што больніца знаходзілася ў суседнім корпусе. Мы пайшлі. Увогуле было цікава, ні Куранёў, ні я з псыхамі яшчэ не знаёміліся. I мы іх пабачылі. То было жахлівае відовішча. Адзін, лежачы на ложку, скардзіўся, што не выконваецца плян вывазкі драўніны, толькі што ён званіў у дальні лясгас. Я запытаўся ў доктара, ці адсюль у яго ёсьць магчымасьць званіць? Ды не, кажа доктар, тое яму толькі здаецца. То сакратар абкаму па прамысловасьці, і ён усё кіруе выкананьнем пляну. Другі, здаровы дзяцюк, што еў за сталом кашу, аказваецца, быў выпускнік школы КДБ, які перад тым, як ехаць на заданьне, збаяўся, і яго падазраюць у сымуляцыі. А трэці — вунь той, што ляжыць на ложку і пазірае на нас, прапанаваў Суславу праэкт рэфармаваньня ўраду. Суслаў яго сюды і прыслаў. Куранёў запытаўся: «А што, яны — сапраўды хворыя?». Доктар з усьмешкай сказаў: «Здаравейшыя, чым мы з вамі».
Toe, па ўсёй верагоднасьці, было праўдай. А той псыхіятар праз кароткі час зьнік. Можа, паплаціўся за сваю даверлівасьць, а можа, яшчэ што. Мы з Куранёвым спрабавалі яго адшукаць, але Куранёў неўзабаве памёр. I тады я зразумеў, што ў маім жыцьці трэба нешта мяняць. Тым болей, што сыны мае на той час вырасьлі і абралі свой шлях. Старэйшы, Сяргей, скончыў вайсковую вучэльню ў Палтаве і служыў у Лейпцыгу. Нядаўна ў яго нарадзіўся сынок, таксама Сярожка. Малодшы, Васіль, ужо працаваў доктарам у Горадні, захапляўся рыбалкай. У мяне з сынамі былі нармальныя адносіны. Дрэнна хіба, што пры пэўных абставінах жыцьця я ня мог стварыць ім нацыянальных умоваў выхаваньня, і хлопцы вырасьлі па сутнасьці ў касмапалітычным гарадзкім асяродку. Жонкі іх таксама былі небеларускамі, — у аднаго расейка, а ў другога ўкраінка.
Вельмі шкада было пакідаць Горадню, якая стала для мяне роднай, але мусіў перабрацца ў Менск. Нейкі час жыў у гатэлях, ды тое было ня надта зручна ва ўсіх адносінах. Тады Андрэй Макаёнак, зь якім я неяк па-добраму зблізіўся, пазваніў у ЦК Кузьміну. Той адразу зрэагаваў — паклікаў мяне да сябе, распытаў, што і як. Пачуўшы, што мне трэба жытло, прыпамятаў, як колісь таксама агітаваў мяне на пераезд у Менск, дзе я меў магчымасьць выйсьці з-пад гнятлівай увагі абласных босаў. У Менску, казаў, усё ж лягчэй будзе дыхаць. Тады я адмовіўся, а цяпер сам прашуся. Аляксандр Трыфанавіч павёў мяне на іншы паверх — да Аксёнава, які без даўгіх размоваў зьняў тэлефонную трубку і кудысь пазваніў. Празь дзень я атрымаў ордэр на недабудаваную, праўда, кватэру па Танкавай, дзе і жыву дасюль. У навасельскіх клопатах мне нямала дапамог спачувальны Мікола Матукоўскі зь яго паслужлівым шафёрам Пецем. Матукоўскі затым вазіў мяне да міністра гандлю, каб набыць для новай кватэры мэблю (іначай было немагчыма), перавозіў некаторыя рэчы з Горадні. Як увечары я саматугам зьбіраў-зьвінчваў тую мэблю, прыехаў для знаёмства палкоўнік Сульянаў. Яшчэ вучачыся ў акадэміі ў Маскве, ён чытаў мае кнігі і адчуў пэўную сымпатыю да аўтара. Неўзабаве Анатоль Канстанцінавіч стаў генэралам, пісьменьнікам і адарыў мяне адданай і сардэчнай дружбай.
У Менск я прывёз новую аповесьць — тое апошняе, што напісалася ў труднай і блаславёнай Горадні. «Пайсьці і не вярнуцца» вырасла з апавяданьня на тэму складанасьці спрадвечнай зьявы — каханьня. Асабліва ў пераломны ці канфліктны пэрыяд жыцьця, калі ад каханьня да нянавісьці сапраўды адзін крок. Аляксей Карпюк, прачытаўшы аповесьць, не ўхваліў яе, нават прасіў не друкаваць, і я не разумеў, чаму. Зразумеў толькі надта пасьля… Тады ж маімі пачуцьцямі валодалі іншыя справы.
У цёплы сонечны май семдзесят восьмага году да мяне ў Менск з Горадні прыехала Iрына Суворава, зь якой мы да таго доўга ў добрым сяброўстве працавалі ў газэце.
Iрыну я ведаў зь яе студэнцкіх гадоў, як яна прыязджала ў Горадню на практыку з журфаку БДУ. Неўзабаве пасьля таго я апынуўся другім разам у войску, зьехаў на Далёкі Усход, а Iрына, скончыўшы вучобу, выйшла замуж, нарадзіла сынка Сярожку і амаль да самай пэнсіі прарабіла ў «Гродзенскай праўдзе». Таксама я яе і застаў на другі раз, вярнуўшыся з войску. Iрына адной зь першых у рэдакцыі адзначыла мае літаратурныя спробы, выявіўшы адмысловыя веды і дасканалы літаратурны густ. Пасьля яна паслугоўвала мне таксама ў якасьці машыністкі-друкаркі і першага крытыка маіх твораў. Я быў ёй удзячны за ўсё, і тая ўдзячнасьць пакрысе перарасла ў сталае пачуцьцё. Пачуцьцё тое набыло пэўны характар, калі я трапіў у чорную паласу літаратурна-палітычных зьдзекаў, калі гарадзенскае начальства і шмат якія з маіх калегаў-пісьменьнікаў і журналістаў пачалі праяўляць да мяне непрыязь. Iрына стаяла на сваім, падтрымлівала і верыла ў мой шчасьлівы літаратурны лёс, хаця з кожным годам рабіць тое выпадала ўсё болей складана. Важна яшчэ і тое, што толькі двое нас у рэдакцыі былі беспартыйныя. Як астатнія пачыналі засядаць на сваіх рытуальных партсходах, мы выпраўляліся на прыроду, якую Iрына любіла зь няўрымсьлівасьцю гараджанкі.
Блізячыся да пэнсійнага ўзросту, Iрына нічога не чакала, ні на што не разьлічвала і з выгляду заставалася амаль ранейшай дзяўчынкай-падлеткам, абыякавай да жыцьцёвых дабротаў, — Гаўрошкай, як яна сама сябе называла. Тое было праўдай, як я пасьпеў пераканацца пасьля, яна доўга заставалася бескарысьлівай, па-маладому імклівай. Хаця гады, як вядома, не ашчаджаюць нікога. Тым болей жанчыну.