48. «Мёртвым не баліць»

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

48. «Мёртвым не баліць»

Прыехаўшы дадому ў Горадню, узяўся за новую аповесьць, назву якой знайшоў не адразу. Пра назву наогул думаецца ў апошнюю чаргу, звычайна як ужо твор напішацца. Зусім дарма некаторыя выхваляюцца: «Пачаў раман, ужо ёсьць назва — „Агнём гартаваныя“». Звычайна з такога гарту мала што атрымліваецца. Ведаю яшчэ такую на гэты конт асаблівасьць: у добрай прозе звычайна так сабе назва, а вельмі звонкая назва ёсьць знак прозы кепскай. Праўда, тое ўсё ж суб’ектыўна, і першыя выключэньні з таго — творы заходніх аўтараў, дзе і проза выдатная, і назвы нязвыклыя, прынамсі для нашага вуха.

Першы імпульс да аповесьці атрымаў, аднак, па дарозе з Масквы — у Менску. Паміж цягнікамі ў мяне быў вольны час, і я зайшоў у рэдакцыю «ЛіМу», дзе застаў аднаго толькі галоўнага рэдактара Нічыпара Пашкевіча. Пачалася размова, у якой Нічыпар праявіў поўны антаганізм да маіх думак-поглядаў, што я вёз з Масквы. Апроч хіба адной — пайсьці і разам выпіць. За рэстаранным сталом дыскусія працягвалася болей мірная, мы амаль паразумеліся і, калі зайшла гаворка пра вайну, я распавёў партызанукамсоргу Пашкевічу эпізод майго раненьня пад Кіраваградам. Гэта як доказ таго, што і на фронце хапала ліха. Змораны гаворкай і вячэрай, Нічыпар лагодна сказаў, мабыць, каб скончыць спрэчку: «Ну во, амаль гатовая аповесьць». Пасьля, едучы цягніком у Горадню, я пачаў над тым думаць і вырашыў паспрабаваць напісаць.

Я ня ведаў яшчэ, што гэта будзе — апавяданьне, аповесьць ці, можа, які ўспамін. Але намер напісаць засеў у галаве моцна.

«Мёртвым не баліць» пісаў у асноўным улетку і ня так таропка, як ранейшыя аповесьці. У мяне ўжо атрымлівалася раней і пасьля, што рэчы зь зімовай натурай пісаліся ўлетку і наадварот. Тое, канешне, ня надта добра. Добра, калі натура перад вачыма, і яе ня трэба ўзнаўляць у зрокавай памяці. Як у мастакоў. Некаторыя пісьменьнікі, як і мастакі, любяць пісаць з натуры: пра вясну — вясной, пра лес — у лесе. У мяне так не атрымлівалася. Мабыць, з тае прычыны і малая ўвага да антуражу, болей — да дзеі. Але пэўна ня ведаю, як лепш. Мабыць, як хто ўмее.

Тады ўжо я ведаў, што залішняй драматызацыі ваеннага сюжэту можа ня быць, што можа ня быць і ніякага сюжэту, аб чым колісь пісаў яшчэ Чэхаў. Драматызацыя на вайне — натуральная рэч. Крыху іншая справа — за кошт чаго? Якімі сродкамі? Вядома, найперш сродкамі выяўленьня сутнасьці барацьбы двух бакоў, што ўвогуле было надта традыцыйна, калі не сказаць руцінна. Мяне ж здаўна цікавілі канфлікты іншага кшталту — унутраныя, якіх хапала і на вайне таксама. Вайна зусім не спыніла (калі не абвастрыла) унутраную палітыку ў адносінах партыі (і асабліва яе карных органаў) да народу. Рэпрэсіўная палітыка працягвалася, хаця, можа быць, ня гэтак заўважна, як да вайны. Вядома, увага тады была адцягнена на іншую барацьбу. Але мне стаў вядомы лёс аднаго нашага аднапалчаніна, журналіста дывізійнай газэты. Ён пісаў вершы, якія рэгулярна паяўляліся на старонках нашай дывізіёнкі за подпісам малодшага лейтэнанта Д. Кугульцінава. А затым раптам зьніклі. Тады тое ня дужа зьвяртала на сябе ўвагу: людзі на вайне ўвесь час зьнікалі — хто на той сьвет, хто ў шпіталь. Пасьля вайны ўжо стала вядома, што калмыка Кугульцінава з фронту адправілі ў ссылку, куды выслалі ўвесь ягоны калмыцкі народ. Вярнуўся ён толькі празь дзесяць год і стаў слынным калмыцкім паэтам. Тое ж, дарэчы, адбылося з другім выдатным паэтам, балкарцам Кайсынам Куліевым ды з мноствам іншых. Пра пасьляваенныя пасадкі афіцэраў я ўжо апавядаў, тое тады было сьвежае ў памяці і ўражвала.

Пасьля выкрыцьця «культу асобы» ў расейскай літаратуры пачалі паяўляцца негатыўныя вобразы чэкістаў, энкавэдыстаў, здаралася, што і нядаўніх сьмершаўцаў. Але ўсё тое дужа ашчадна і нясьмела. Тады «Архіпэлаг ГУЛАГ» ня быў вядомы, А. Салжаніцын заставаўся аўтарам толькі «Аднаго дня Iвана Дзянісавіча». Але ў грамадзкай сьвядомасьці ўжо склаўся адыёзны тып гэтых людзей, пэўныя адносіны да якіх у мяне склаліся даўно. Карцела напісаць, хоць я пэўна ня ведаў, чым можа скончыцца такая спроба. Пэўнае адчуваньне, аднак, было, у паветры павеялі ўжо іншыя вятры, але думалася, можа, часова. Можа, тое, што адбылося ў грамадзкім жыцьці краіны, беззваротна, і краіна назаўжды скончыла з уласным крывавым мінулым. Вайсковыя пляны пісаў асобна, пасьля ў іх уставіў пасьляваенны сюжэт з маладымі людзьмі таго часу. То быў мой нерэалізаваны доўг маладзёжнай тэмы, і меў яшчэ адну прычыну. Як заўжды, друкаваць аповесьць меўся ў «Маладосьці», а ў Маскве Гарбачоў паабяцаў перакласьці яе для «Юности» — часопісу, які тады стаў дужа папулярны ня толькі сярод моладзі. Дзейнага сюжэту хапала аж занадта, па магчымасьці я стараўся яго скараціць. Памятаючы параду А. Чэхава, ад сюжэту адсек пачатак і канец, бо, як пісаў клясык, — там найбольш фальшу. Што ж да самага канфліктнага вобразу сьмершаўца, дык давялося нямала паламаць галаву над тым, якое даць яму прозьвішча? Было вядома, якія ў нас склаліся адносіны да нацыянальнай прыналежнасьці літаратурных пэрсанажаў, асабліва пэрсанажаў адмоўных. Звычайна на дадатныя рэагавалі моўчкі, бы так і трэба, а на адмоўныя слалі аўтарам і ў рэдакцыі пратэсты і рэклямацыі з крыўдамі за абразу. Шахцёры крыўдзіліся за шахцёраў, сталявары — за сталявараў, настаўнікі — за настаўнікаў. Толькі за адмоўных калгасьнікаў ніхто ня крыўдзіўся і не заступаўся. Чыста расейскае прозьвішча не падыходзіла з самага пачатку (не прапусьціць Галоўліт), сярэднеазіяцкае выклікала немалы сумнеў, азіяцкія «чытачы» на гэты конт былі яшчэ болей чуйныя. I я не без ваганьня выбраў амаль нэйтральнае — Сахно, якое хоць і несла ў сабе нейкі славянскі элемэнт, але, на мой погляд, ня мела выразнай нацыянальнай прыналежнасьці. Напэўна, аднак, тут да канца не дадумаў, некаторыя прызналі яго сваім, што мне пасьля каштавала нямала папсутай крыві. У тым ліку і ад маіх украінскіх сяброў — пісьменьнікаў.

Абмеркаваньне на рэдкалегіі адбывалася ўвогуле дабражадана, некаторыя члены рэдкалегіі выказваліся нават залішне апалягетычна (Генадзь Бураўкін, сакратар ЦК камсамола Арсен Ваніцкі). Праўда, былі і такія, што глыбакадумна прамаўчалі, хоць тое пасьля ня шкодзіла ім сьцьвярджаць, быццам яны галасавалі супроць. Нехта сказаў, што гэта ўжо не аповесьць, а паўнакроўны раман. Але такога азначэньня жанру я пазьбягаў, мяне задавальняла і аповесьць. Пімен Емяльянавіч не хваліў, хаця і ня ганіў, толькі на самым пачатку сказаў, як пра штось вырашанае: пасаду Сахно трэба зьмяніць. Тое мне ня дужа падабалася, бо такая папраўка шмат што мяняла ў сыстэме ідэяў. Але я зразумеў, і пасьля нядоўгай нарады мы вырашылі ня ўказваць ягонай пасады наогул. Проста — афіцэр штабу. Разумны здагадаецца, а дурню няма чаго ўсё да драбніц разжоўваць.

Аповесьць друкавалася ў двух нумарах «Маладосці», даволі хутка паявіліся і рэцэнзіі на яе[2]. Рэцэнзэнты зьвярталі галоўную ўвагу на франтавыя рэаліі, дэталі вайны і гераізм яе радавых удзельнікаў. Пра «афіцэра штабу» Сахно імкнуліся ня надта пісаць, і я супакоіўся. Нават зьявілася такое адчуваньне, што галоўнай ідэі твору могуць не зразумець, і я ня ведаў, як аднесьціся да таго.