20. Венгрыя. Ухіленьне ад бою

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

20. Венгрыя. Ухіленьне ад бою

Гэта была першая на нашым шляху сапраўды эўрапейская краіна, не пабураная вайной, са шматлікімі адзнакамі даваеннага дабрабыту. Позьняй восеньню ў дождж і слоту ідзем, бывала, празь венгерскія гарадкі і паселішчы ды прагна пазіраем на іх ладныя, пад чарапіцай дамоўкі, акуратныя брамкі, драцяныя агароджы. Белыя сьцены вясковых хатаў яшчэ здалёку зьзяюць чырваньню ад маткоў разьвешанага перцу, знакамітай венгерскай папрыкі… Сустракала насельніцтва ўвогуле прыязна, нават гасьцінна, хоць венгерская армія тады яшчэ ваявала з намі, хіба безь нямецкага імпэту. У кожным доме белы хлеб, вяндліна, каўбасы, слоікі варэньня з розных фруктаў. Уся садавіна перапрацавана, нарыхтавана ўзімку, састаўлена ў скляпах. Па скляпах, канешне, мы заўсёды лазілі. Бо ці баі, ці бамбёжкі, надзейнае сховішча, калі ў вёсцы, — склеп. Там жа і выдатнае венгерскае віно. Аж ня хочацца вылазіць — пад агонь, — на кроў і сьмерць. Войска там перайшло на самазабесьпячэньне, тое, што варылася ў палявых кухнях, перасталі браць. Iдзём, бывала, калёнай празь якое сяло, і салдаты, бы мышы, шмыг-шмыг па падворках. Пасьля даганяюць свой строй — падпахай вэнджаны кумпячок, процігазная сумка поўная слоікаў з варэньнем, на штыху белы бохан, а ў руках вядзёрка ці каністра зь віном. Камандзіры глядзелі на тое паблажліва, самім перападала. Зноў жа Венгрыя была саюзьніцай Гітлера, таму шмат што дазвалялася.

Позьняй восеньню фарсіравалі Дунай. Помню, тры дні біліся, і ўсё няўдала. А Дунай там шырачэзны, можа, як Волга. З аднаго берагу другі ледзьве відаць. Мы фарсіруем ноччу. Вядома, сьпярша артпадрыхтоўка — даволі слабая, сродкамі штатнай артылерыі. Зь берагу я пастраляю крыху на крайнім прыцэле, бяжыць хтось ад камбата: «Спыніць стральбу, — чым будзеш страляць на тым беразе?». У сэнсе, калі на гэтым расстраляеш свой боезапас. То правільна, стральбу спыняем. Празь нейкі час прыбягае начальнік артылерыі — пачаму спынілі артпадрыхтоўку? Немедленна агонь! Ну канешне, гэты адказвае за артпадрыхтоўку, а той бераг яго пакуль што не хвалюе. Так дзьве ці тры ночы. Перадавыя роты на плытах і лодках адплываюць па начным Дунаі, і ніхто не вяртаецца. Хіба назаўтра прыбрыдзе зьнізу па цячэньні мокры салдат, дрыжучы раскажа, як іх там сустрэлі немцы. Так доўжылася да таго часу, пакуль па Дунаі не прайшлі бранякатэры з танкавымі вежамі на палубах, у некаторых былі нават «кацюшы». Яны ўзялі нас на свой борт і высадзілі на тым беразе. Коней пакінулі на гэтым, а там у першым жа венгерскім сяле мой Закіраў раздабыў коней у поўным складзе. Так ад Дунаю пачалі наступленьне ў напрамку на Балатон. Гэта былі жахлівыя баі кожны дзень і кожную ноч.

Памятаю, калі камбат аддаваў загад, мы заўсёды цікавіліся, хто перад намі: немцы ці венгры? Калі венгры, дык яны надта не супраціўляліся, пад націскам адыходзілі. А немцы, канешне, як заўсёды: колькі хацелі, столькі і абараняліся. Лёгка зьбіць іх з занятых пазыцый было немагчыма, пакуль яны самі не пакідалі іх.

Стаяла позьняя восень, сьцюжа, слота, дажджы… Сьпярша ад Дунаі ішлі лясістыя пагоркі, а затым раскінуліся балоцістыя поймы, мэліярацыйныя каналы. Акапацца там не было як, поле бою наскрозь прастрэльвалася. Неяк увесь дзень ішоў дождж, позна ўвечары занялі нейкую вёску, батальён разышоўся па хатах, начальства таксама. Стомленасьць страшэнная, халадэча. Спаць жа ніколі не дазвалялася, калі можна было, хвіліну якую ўрывалі дзе і хто мог. Галоўным чынам як зьнікалі куды камандзіры. Мы закацілі ў нейкі падворак гарматы і тут жа ў хаце прылеглі. Толькі я прыдрамаў, здаецца, а ўжо сьвітае, і за вёскай у лесе ідзе бой. Батальён рушыў туды на сьвітаньні, а нас не гукнулі. Ну, бачу: справы мае кепскія… Бо я з гарматамі абавязаны быць там. А я праспаў. I салдаты мае праспалі. I вось мы рванулі туды цераз поле — пад абстрэлам, што было сілы ў коней. Даскакалі да лесу, а тут якраз камандзір батальёну, адразу да мяне зь пісталетам: за ўкланеньне ад бою… Падобна, ён тут жа хацеў са мной расправіцца, бо батальён ляжыць, а немцы сякуць разрыўнымі, ліха працуюць іх хуткастрэльныя МГ. Але памалу астыў і загадвае: зьбіць кулямёты! 20 мінут часу. Мы хутчэй гармату ўстанаўліваем, і тут высьвятляецца: няма снарадаў. Рэч у тым, што дзеля гатоўнасьці снарады заўсёды клалі на станіны, а як гналі пад агнём цераз поле, тыя пападалі, рассыпаліся. Дзе цяпер іх шукаць?

У нашым жа перадку былі толькі бранябойныя і падкаліберныя, якімі тады не стралялі.

Кулямёты сякуць, толькі вецьце сыплецца. Камбат крычыць: «Быкаў, агонь!» А чым агонь? Гэта было, канешне, жахліва, я тады хацеў, каб мяне як найхутчэй забіла. Усё ж паслаў перадок на поле, пазьбіралі ў быльнягу снарады, пачалі мы страляць. Словам, у гэтым лесе яны калашмацілі нас добра, а што мы зрабілі ім нашым агнём, тое невядома. Можа, зьбілі, а можа, тыя пад вечар самі адышлі.

Як я ўпамінаў ужо, другая гармата ў мяне была без прыцэлу, а без прыцэлу якая ж стральба? Такім чынам, у запасе заставалася, апроч гарматы, яшча пара коней, шэсьць чалавек салдатаў. Я іх трымаў у тыле, — што ім рабіць на перадавой? На перадавой у нас ладныя хлопцы Сьвінцоў і Пронін, камандзір і наводчык — харошы наводчык. А старшы сяржант Закіраў, спэц па конях, у нас за інтэнданта. Пакуль мы гібеем пад агнём, цягаем сюды-туды нашу гармату, вядома ж, у холадзе і голадзе, яны там дзесь у бліжняе вёсцы для нас стараюцца. I во, як пацішэе пад вечар, пацямнее, глядзім, Закіраў з салдатам паўзуць. Цягнуць нам у вядзерцы мяса ці кураціну, белага хлеба пару боханаў у рэчмяшку і віна ў тэрмасе ці каністры. Во тады мы раскашуем — між станін, за гарматным шчытом.

Пасьля высачэзнага дрыкганта, пакінутага на тым беразе, Закіраў дастаў мне маладую кабылку, якая двойчы ўратавала мне жыццё. Аднаго разу, як наступленьне трохі прыпынілася, выклікае мяне камандзір батальёну. Быў вечар, туман, дробны дожджык сыпле. Месца незнаёмае, мы толькі надвячоркам тут апынуліся, але мне чамусьці здалося, што КП блізка, за пагоркам. I я паехаў. Страляніны блізка няма, і я ехаў, ехаў, ды раптам ня ведаю, куды ехаць. Чую нейкія галасы, павярнуў да іх, гляджу: на касагорчыку вінаграднік і на ягоным краі нешта капаюць. Паціху пад’яжджаю бліжэй, прыслухаўся — немцы! Завярнуў у іншы бок, ехаў, ехаў, узьбіўся на нейкую дарогу, а там нямецкія машыны ідуць…

Я быў без аўтамата, зь пісталетам, бо аўтамат мне яшчэ ў пяхоце абрыдзеў. Ды й нязручны ён з гэтым барабанным магазынам. Лепш што лягчэйшае. Нямецкі «шмайсэр», напрыклад. Але да нямецкага патрэбны патроны, якіх не заўсёды хапала. Здавалася тады, што во за пагорак заеду, і там КП. А тут нешта ні пагорка, ні КП. I я ўжо ня ведаю, як быць? I тое натуральна, бо я заехаў да немцаў. Але адчуваю, што мая кабылка ўсё некуды бярэ ўбок, і я думаю: хай сама ідзе. Повад пусьціў, і яна пайшла. Рухава гэтак пайшла. Цераз пагорачак перайшла, пасьля ўзьлескам, сюды-туды і прывяла мяне да лагчынкі. А там пасьвяцца коні нашага камэнданцкага ўзводу. Там блізка быў і КП камандзіра батальёну.

А потым яе забілі, пада мной, хоць мяне яна ўратавала.

Гэта пазьней. Помню, пяхота ўзяла нейкае вялікае мадзьярскае сяло ці гарадок нават, мы сьпяшаемся на ўскраіну, дзе ідзе бой, ды тут паяўляюцца нейкія два маёры, крычаць: «Срочно вон туда, направо! Нямецкія танкі! Іх трэба спыніць». I ўжо там ідзе страляніна. Паскакаў я направа, але аказалася, што тыя зьвесткі пра танкі былі спазьнелыя, танкі ўжо ўвайшлі ў вуліцы. I вось на адным павароце (вуліца літарай Г загіналася) я і падляцеў пад чаргу, з танку сьцебанулі па маёй кабылцы, і яна з усіх ног рухнула пад плот. Толькі крывавае шмацьцё ад яе паляцела, мяне запырскала крывёй. Але кабылка, падаючы, шпурлянула мяне за агароджу, у гарод… Як пасьля празь дзень салдаты зьнялі сядло, дык яно скрозь было пасечанае кулямі. А я адтуль выпаўзаў агародамі. Гармату завярнулі ў другую вуліцу, добра, што гармата за мной не пасьпела… Дарэчы, пасьля ўжо каня ў мяне не было, ня стала як езьдзіць. Наступ наш замарудзіўся, — ад сяла да сяла болей па-пластунску. Скрозь у полі каналы, канавы, а баі кожны дзень і кожную ноч. Выматвалі так, што і есьці ня хочацца, толькі б упасьці і ляжаць. Але дзе ўпадзеш? Трэба акапацца, а неяк. Капнеш на штых лапатай, а там вада. Во ў гэтую гразь кладзешся і ляжыш пад агнём — жыць жа ўсё роўна хочацца. А тут надвор’е паскуднае, кожны дзень макрата, дождж. Калі танкі паяўляюцца, тут ужо настае гарачка, тут ужо потам абліваешся.

Аднойчы прыпыніліся ў нейкім графскім маёнтку, сунуліся ў барак, дзе былі кватэры для тутэйшых парабкаў. Графа, вядома, тут не было, парабкі засталіся і спачувальна паставіліся да нашых салдатаў, частавалі віном і распавядалі пра сваё панявольнае жытла. Нашыя зацікаўлена слухалі: колькі зараблялі грошай, хлеба і нават віна. Распавёўшы пра сябе, тыя пыталіся: ну, а як у вашых калгасах? I хто-небудзь з нашых, падумаўшы, пачынаў хлусіць — і пра грошы, і пра хлеб, стараўся, каб было больш, чым у венграў. Iншыя змрочна маўчалі.