72. Сьмерць АТК

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

72. Сьмерць АТК

Вялікая група беларускіх пісьменьнікаў была ў Маскве на чарговым пленуме СП, як прыйшла вестка, што памёр Твардоўскі. Мы ўсе засталіся на пахаваньне.

Хавалі яго з ЦДЛ на Вароўскага. Перад тым была нейкая незразумелая валтузьня і трывога — штось не маглі ўзгадніць з кіраўніцтвам Масквы ці краіны. Казалі, найперш было клопату, дзе пахаваць, могілкі на Нова-Дзевічым не хацела даваць начальства. Публіку ў жалобную залю пушчалі па прапусках, людзей было дужа многа. Стоячы ля труны ў варце, я глядзеў і не пазнаваў колішняга паэта і рэдактара. Хвароба дарэшты зьела некалі магутнага чалавека, і перада мной ляжаў зьмізарнелы, з рэдкім пушком на галаве нябожчык. У час паніхіды казаліся пранікнёныя словы пра яго заслугі перад літаратурай і наогул расейскай культурай, — словы, якія непапраўна спазьніліся. Запомніўся выступ Канстанціна Сіманава, які, гаворачы перад поўнай заляй, не саромячыся, душыўся сьлязьмі. Шмат хто плакаў і ў залі. Там жа многія ўпершыню ўбачылі Аляксандра Салжаніцына, што сядзеў поруч з удавой Марыяй Iларыёнаўнай і перахрысьціў нябожчыка. Але слова на разьвітаньне яму не далі. Пасьля стала вядома, што ледзьве пусьцілі ў залю, — на той час Салжаніцын ужо быў выключаны з саюзу пісьменьнікаў.

Як скончылася паніхіда, многія паехалі на могілкі. Быў змрочны, непагодны дзень зазімку, падаў рэдкі сьняжок. На пад’ездах да могілак пахавальны картэж сустрэў ланцуг войску МУС — уздоўж чыгункі, аж да брамы могілак. На могілках тое ж самае. Усе змушаныя былі прабірацца празь цесныя шэрагі войску бясьпекі да месца магілы. Нас з Валяй Шчадрыной, калі мы выпнуліся з шэрагу, злосна аблаяў афіцэр бясьпекі, нават крыкнуў: «Страляць буду!». На што гэтая непалахлівая беларуска ціха, але рашуча мовіла: «Давай, страляй, ну!». I той, здалося, аж схамянуўся ад яе рашучасьці.

Перад тым, як труну засыпаць зямлёй, яе перахрысьціў Салжаніцын. Тое было нязвыкла ў атэістычным пісьменьніцкім асяродку, пра што доўга пасьля гаварылі і пісалі сьведкі. Арганізатары пахаваньня змушаны былі апраўдвацца — маўляў, вінаваты, не дагледзелі. Пасьля паховін усе, сябры і ворагі нядаўняга рэдактара адыёзнага часопісу, разышліся па кабаках — абмываць нябожчыка. Беларусы таксама абмылі ягоныя костачкі, асабліва Аркадзь Куляшоў, які ўвесь час плакаў. Твардоўскі быў ягоны даўні і найлепшы сябра. Я дык адчуў сябе сіратой…

Неўзабаве па вяртаньні дамоў пасьля той сумнай нагоды, як ужо выйшаў «Новый мир» з маёй аповесьцю, «Полымя» запрасіла прыехаць. Сабраліся нарэшце друкаваць, наладжвалася абмеркаваньне. Сыйшлася ці не самая прадстаўнічая рэдкалегія, — усе, апроч Барадуліна, які быў дзесь у ад’езьдзе. Я меркаваў, што будуць дробязныя заўвагі па мове і стылі, аказалася, — усчалі абмеркаваньне па поўнай праграме. На маё слабое пярэчаньне, што ў Маскве ўжо абмяркоўвалі і маскоўскі Галоўліт прапусьціў, палымянскі галоўны Павел Кавалёў адказаў, што Масква нам ня ўказ. Масква друкавала і Еўтушэнку, чаго ў Беларусі ніколі ня здарылася б, бо беларуская літаратура ідэйна здаровая, бяз шкодных ухілаў. На абмеркаваньні асабліва стараўся Анатоль Вялюгін, які, мяркуючы па ўсім, быў загадзя да таго падрыхтаваны. Ён праводзіў паралелі паміж прозай Быкава і тымі заганнымі ідэямі, што нам навязваюць зь Мюнхену, то бок з радыё «Свабода». Iншыя палымянцы выказваліся болей памяркоўна, але ўсе сышліся на тым, што аповесьць друкаваць рана, трэба дапрацаваць. Дапамогу аўтару ў дапрацоўцы было вырашана даручыць Барысу Сачанку. Сказалі, каб з тым не цягнуць.

Адразу пасьля паседжаньня рэдкалегіі, яшчэ пакуль не прастылі сьвежыя ўказаньні, мы з Сачанкам пайшлі да яго на кватэру. Там Барыс мне сказаў, што ня п’е, таму і мне ня раіць, бо рэдагаваць трэба зь цьвярозай галавой — справа сур’ёзная. Я ўжо меў вопыт Сачанкавай рэдактуры, колісь яго намаганьнямі была амаль цалкам перапісана мая невялічкая аповесьць «Здрада». Цяпер мне Барыс па-сяброўску адкрыў сакрэт рэдактарскіх закідаў да аповесьці — адсутнасьць у ёй вобразаў камуністаў. Я сказаў, што наогул пазьбягаю тых вобразаў, бо не валодаю патрэбным талентам. Мабыць, для іх увасабленьня патрэбны талент кшталту Салтыкова-Шчадрына, а ў мяне, калі і ёсьць, дык іншы. Сачанка сказаў на тое, што ён гэта выправіць у адзін момант, і, пагартаўшы рукапіс, знайшоў здатнае месца. Во тут і напішам: Сотнікаў — камуніст. А што, апроч таго, і сын камуніста, тое вынікае з кантэксту.

Тады я пасумняваўся крыху, але хутка пераканаўся ў рэдактарскай мудрасьці Барыса Iванавіча, што ўрэшце прывяла яго на высокую пасаду галоўнага рэдактара БелСЭ. Хоць мы нічога больш не зьмянілі, у тым выглядзе аповесьць пайшла ў набор. Прэтэнзіяў да яе больш не знайшлося ні ў галоўнага — Паўла Кавалёва, ні ў Галоўліце, ні ў ЦК. Што значыць мудры спрактыкаваны рэдактар! Толькі аўтар пры гэтым адчуваў сябе дурнем, ну але гэта яго прыватная справа.

У выдавецка-рэдактарскай практыцы было прынята, што выдаўцы-рэдактары ніколі не спасылаліся на цэнзуру або начальства, рабілі глыбакадумны выгляд, што літаратурнаідэйныя хібы выявілі толькі яны. Тое ставіла аўтара ў ідыёцкае становішча, калі ён ідыётам лічыў менавіта таго, хто яму прапаноўваў ідыёцкія патрабаваньні. Напрыклад, я шмат гадоў ня ведаў, што нэгатыўныя адносіны да «Мёртвым не баліць» запачаткаваў сам старшыня КДБ СССР Сямічасны, як ён абвясьціў пра тое на сакрэтнай нарадзе адразу пасьля публікацыі твору ў «Новом мире». Вядома, вырак галоўнага чэкіста краіны быў даведзены да ўсіх ніжэйшых зьвёнаў КДБ, партыйных органаў, цэнзуры, рэдакцыяў літаратурных ды іншых выданьняў. Ня ведаў пра тое толькі аўтар, які меркаваў, што гэткі вырак знайшоў разумны шараговы рэдактар, які зь ім размаўляе. Але рэдактар найперш дбаў пра свой хлеб.

Яшчэ мне давялося быць у Маскве на саракавіны сьмерці Твардоўскага. Сабраліся ў цеснай кватэрцы Iгара Саца, былі ці ня ўсе навамірцы і яшчэ некаторыя. Лакшын з адчаем гаварыў, што раскідалі іх каго куды, нібы галавешкі з вогнішча, і цяпер ім застаецца адно: курэць, не гарэць. Гаспадар — колішні сакратар Луначарскага — жыў небагата, выпіўкі не хапіла. Тады Жарэс Мядзьведзеў зьбегаў у «Бярозку», купіў за чэкі віскі, што-нішто з закусі. Выпілі, пасядзелі і разышліся. Болей з апальных навамірцаў, здаецца, нікога і ня бачыў. Лакшын хутка памёр, за ім Кандратовіч, пасьля Сац і Берзер. Вінаградаў перайшоў на «Кантынент», а дзе і чым займаецца Міша Хітроў, я й ня ведаю.

Зь несправядлівасьцю або супрацоўнічаюць, або змагаюцца, — цытаваў некалі Твардоўскі любімага ім Камю. Ён дык змагаўся, але ўсё роўна не пазьбегнуў паразы. Несправядлівасьць перамагла.