61. Танкі ў Празе. Карпюк

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

61. Танкі ў Празе. Карпюк

У мяне быў транзістарны прымачз кароткімі хвалямі — японскі «Панасонік», які я ці ня кожную ноч настройваў — лавіў «Свабоду», Бі-Бі-Сі, «Голас Амэрыкі». З усіх, аднак, аддаваў перавагу «Свабодзе». Добра пачуць яе рэдка ўдавалася — глушылі заўжды і шчыльна. Некаторыя раілі шукаць здатнае месца ў кватэры, каля водаправодных трубаў, паспрабаваць настройваць за горадам. Я спрабаваў і так, і гэтак — часьцей за ўсё нічога не атрымлівалася. Перадатчыкі былі за тысячы кілямэтраў, а глушылкі — во яны, побач, на ўскраіне горада. Няўдалымі былі ўсе мае спробы і ў тую ноч. А менавіта тады хацелася дазнацца пра падзеі, што высьпявалі ў адносінах да Чэхаславаччыны, на якую нацэліўся «крыважэрны блок HATА».

«Міралюбны» Варшаўскі блок рыхтаваўся яе ратаваць.

Раніцай, як заўжды, скіраваў у рэдакцыю і на пешаходным мастку цераз чыгунку спаткаў Клейна. Барыс здаўся нязвыкла маўклівы, на чымсь засяроджаны і толькі буркнуў: «Ну, чуў? Яны ўвялі. Танкі ў Празе…»

Toe, вядома, ашаламляла. Я тады зразумеў вэрхал, што ноччу не даваў спаць — на вуліцах штось адбывалася, ішлі калёны машынаў, даносіліся чыесь галасы, у пад’ездах грукалі дзьверы і бегалі нейкія людзі. Аказваецца, ішла мабілізацыя, як на вайну. У дапамогу перадавым часьцям, што ўвайшлі ў Чэхаславаччыну, на базе Гарадзеншчыны разгортвалася рэзэрвовая армія. Хапалі запасьнікоў, мабілізоўвалі транспарт, на ўскраінах у вайсковых гарадках фармавалі каманды. Як пасьля выявілася, тэлефоны гарадзкой сеткі ў тую ноч былі адключаны. Мы з Клейнам выправіліся да Карпюка.

Яшчэ на падыходзе да Дому Ажэшкі, дзе звычайна працаваў Карпюк, пачулі, як на ўсю вуліцу гучэла перадача Бі-Бі-Сі, распавядала, што савецкія войскі акупуюць Прагу. На вуліцы было нямала прахожых, некаторыя спыняліся, слухалі, а бальшыня хуценька кудысьці бегла. Мы тузанулі дзьверы Карпюковага офісу, тыя былі не замкнёныя, а ў пакоі на канапе ляжаў Карпюк. Ён быў у поўнай вайсковай форме, побач на стале ляжала яго партупея і кірзовая палявая сумка. Карпюк хутка ўскочыў, працёр вочы. Мы выключылі транзыстар. «Во, халера, праспаў», — мовіў змабілізаваны ваяка. Аказалася, што ён усю ноч прабыў у Фолюшы на фармоўцы, раніцай прыехаў сюды і заснуў. Цяпер хутка адпраўка на вызвольны паход у Чэхаславаччыну. «I ты пойдзеш?» — папытаўся Клейн. — «Абавязкова. Ужо я там напішу», — быў яго выразны адказ.

Карпюк хутка паехаў на зборны пункт, і што зь ім было далей, стала вядома празь некалькі дзён.

Вялізную мэхкалёну з мабілізаванымі выцягнулі на шашы ў напрамку польскай мяжы. Прыехала начальства з акругі, пачалі правяраць. Хадзілі адны, другія, трэція. Карпюк цярпліва сядзеў у кузаве МАЗа. I раптам паявіўся начальнік палітаддзелу акругі генэрал Дэбалюк. «А гэты нашто? — кіўнуў ён на Карпюка. Нейкі палкоўнік пачаў штосьці тлумачыць, але генэрал не даслухаў: Зьняць! Ён не паедзе». Давялося Аляксею злазіць з высокага кузава, на спадарожных машынах дабірацца да Горадні. Калёна пайшла да Чэхаславаччыны без Карпюка.

Карпюк, безумоўна, быў чалавек сумленны і, магчыма, нават хацеў быць сумленным камуністам. Але ня ведаў, як ім можна быць. I наогул, што гэта такое — сумленны савецкі чалавек? Што пэўна, ён не любіў хлусьні і не цярпеў непарадку — хоць у літаратуры, хоць у войску таксама. Таму, здаўшы ў Фолюшы сваю амуніцыю, пайшоў уздоўж калючага дроту агароджы паглядзець, ці не засталося што забытае ягонымі папярэднікамі. I — во дзіва! Убачыў у траве тры пакінутыя карабіны. Адчуваючы з вайны каштоўнасьць зброі, ён узваліў карабіны на плечы і панёс да капцёркі. Але тая аказалася ўжо зачыненай — усе пайшлі на фронт. Каб ня кідаць карабіны ў лесе, давялося іх везьці ў горад, у штаб арміі. Там, аднак, карабіны ўзяць адмовіліся — ня нашай часьці. А ўжо настала ноч, і ён змушаны быў несьці карабіны дамоў. Адтуль патэлефанаваў мне: во халера, што мне рабіць? Кажу: там за тваім домам цячэ Ванючка, бухні туды твае карабіны, і справе капец. Ён мяне аблаяў: ты быццам у войску не служыў, ня ведаеш, што такое аружжа. Я, кажу, ведаю. Гэтым аружжам загаўняны ўвесь сьвет. Тваіх трох там не хапае… Не паразумеліся тады мы з Карпюком, ледзь не пасварыліся. Назаўтра ён пачаў хадзіць з тымі карабінамі зноў, аж покуль у яго не запатрабавалі пісьмовага тлумачэньня: дзе і зь якой мэтай узяў і г. д. Ледзьве ён выбавіўся з таго канфлікту, які сам сабе і стварыў.

Цікава, што мяне ў тую мабілізацыю не ўзялі. Можа, прычынай таму — мой стрыечны брат, што паводле анкеты «пражываў у Заходняй Нямеччыне». А можа, і яшчэ што. Зрэшты, ня ў прыклад Карпюку, я туды і ня рваўся і думаў: можа, і лепш, што Карпюка вярнулі. Тыя, што туды паехалі, распавядалі пасьля, як іх у якасьці рэзэрву пратрымалі на чэхаславацка-польскай мяжы, чакалі рэакцыі блёку НАТА, які так і не праявіў ніякай рэакцыі. Toe выклікала захапленьне сярод пэўнай часткі гродзенцаў — ага, спалохаліся нашай магутнай Савецкай арміі! Пра чэхаў казалі: свабоды ім захацелася! Мы ж во жывём без свабоды, але не бунтуем. А ім — свабоды! Яшчэ чаго! I так гаварылі ня горшыя і ня самыя дурныя з нашых знаёмых. А можа, яны так толькі гаварылі, а думалі інакш? Але што карысьці з правільных думак, калі іх трэба выказваць няправільна, перакручана, наадварот. Мабыць, каб выказаць сумленную думку і ня выклікаць падазрэньня, трэба было мець дужа адмысловы розум, якім мала хто з нас валодаў. Мы былі надта прастадушныя ў думках і просталінейныя ў дзеяньнях, за што і цярпелі.