95. Піцунда. Валодзя

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

95. Піцунда. Валодзя

Як заўсёды, новы намер сьпеў нібы між іншым — у будзённасьці і справах, якія мелі мала адносінаў да літаратуры. У падсьвядомасьці, аднак, ішла свая праца — пакуль невыразная, неакрэсьленая, якая, аднак, абяцала калі-небудзь акрэсьліцца. Часам нечакана.

Пад восень мы зь Iрынай паехалі ў Піцунду. Туды звычайна езьдзілі шмат якія пісьменьнікі. У мяне абвастрылася астма, таму марскі клімат Ялты, куды я пару разоў езьдзіў раней, стаўся няздатны. У Піцундзе ж, казалі, ёсьць рэліктавы хвойны гай, дужа спрыяльны для лёгачнікаў. Напачатку той дом творчасьці мяне расчараваў — вялізны жылы корпус, гармідар у вялізнай, на сотні месцаў, сталоўцы. Ну і людзі, сярод якіх добра, калі знойдзецца дватры знаёмыя. Але на гэты раз трохі знайшлося, і сярод іх нешматлікіх — мілы Валодзя Караткевіч з жонкай Валяй. Цікава было даведацца, між іншым, што Валя пэўным чынам мая зямлячка, яе бацька паходзіў з Воцькавіч, што былі цераз луг ад нашае вёскі, і дзявочае прозьвішча яе — Вацьковіч. Хаця яна нарадзілася ня там і, канешне, мала што там ведала. У дамах творчасьці, якіх было багата па Саюзе, тою парой самы раз было знаёміцца, таварышаваць, выпіваць. Працаваць — наўрад ці. Асабліва калі зьбіралася кампанія.

Тут асаблівай кампаніі не было (апроч хіба Спрынчана з сынам ды Алеся Савіцкага), але яны болей працавалі, мы іх ня надта турбавалі. Надвор’е ўвогуле было добрае, мора спакойнае. Аднойчы Валодзя сказаў, што трэба расстарацца гарэлкі, бо ён заўтра раніцай ідзе з рыбакамі ў мора. Гэта добра — ісьці ў мора, але дзе ўзяць гарэлкі, якой не было ў продажы? Заставалася брысьці ў пасёлак да цётак-абхазак.

Выправіліся ўчацьвярых — мы з Валодзем і жонкі. Валодзя туды ішоў не ўпершыню і ведаў шлях. Здалёку яшчэ на месцы самадзейнага базарчыку згледзеў вярблюдзіцу Нэлю. Ну, калі тут Нэля, дык недзе і яе гаспадыня — цётка Марыя, ужо ў яе разжывемся. Так і атрымалася, — безь вялікіх праблемаў, праўда, злосная вярблюдзіца пару разоў плюнула на жанчынаў, якіх чамусь не любіла, а Марыя дастала з-пад палы дзьве бутэлькі з мутнаватай вадкасьцю. Узрадаваныя, мы скіравалі дадому, дзе некаторыя калегі на вэрандзе спрабавалі нас «раскалоць», але Караткевіч трымаўся цьвёрда і лёг спаць цьвярозы.

На сьвітаньні ён зьнік. Сказаў Валі, што надвячоркам вернецца.

Але не вярнуўся да ночы, не было яго і назаўтра ўранку. Мы пачалі трывожыцца. Некаторыя супакойвалі: маўляў, зь дзьвюх бутэлек нічога ня здарыцца. Але да дзьвюх можна было дадаць шчэ колькі. Зрэшты, так яно і сталася. Валодзя вярнуўся на трэці дзень — мокры, змэнчаны, але вясёлы і нават зь некаторымі трафеямі, якімі ён адарыў жанчынаў, — маленькімі марскімі канькамі. «А рыба?» — спыталіся мы. «Рыба плавае па дну, не спымаеш ні адну», — быў рыфмаваны адказ.

Я дасюль ня ўпэўнены, што Валодзя хадзіў у мора, а не яшчэ куды. Але колькі дзён ён бы жыў тым паходам, красамоўна распавядаў пра буру, у якую трапіў каля мысу Карадагу, калі іхні баркас ледзьве ня выкінула на скалы. Але рулявы (канешне ж, то быў Караткевіч) спрытна пераклаў руль і тым уратаваў утлую пасудзіну. Жанчыны войкалі ад спалоху — а раптам бы патануў! Такога не магло здарыцца, адказваў Валодзя, бо я аўтар няскончанага твору, над якім апекваюцца багі. Я слухаў яго красамоўны аповед і прыпамінаў другі выпадак у Менску, калі аднойчы спаткаў Караткевіча з забінтаванай і падвешанай на перавязі рукой. «Разумееш, стары, — сказаў ён тады, — якая са мной здарылася гісторыя. Учора іду во па гэтай вуліцы і бачу: два боўдзілы б’юць дзяўчыну. Прыгожую дзяўчыну. Ну як мне з маім шляхотным выхаваньнем было такое стрываць! Я кінуўся ў бойку і раскідаў іх, бы шчанюкоў. Праўда, і мне перапала — зламалі руку. Але чорт яе бяры — зрасьцецца. Затое ўратаваў дзяўчыну, прыгожую дзяўчыну». Тады я падзівіўся, — і верыў, і не. А пасьля ўжо выпадкам дазнаўся, што ўчора п’яны Караткевіч упаў з лесьвіцы ў пад’езьдзе і зламаў руку. Той ды іншы выпадак, калі б ён здарыўся з кім іншым, мог бы абурыць. Караткевіч жа не абураў. Мабыць, уся справа ў тым, як тое падаць і каму выпадак належыць. Караткевічу ўсё належала дужа арганічна. Можна было толькі сьмяяцца…

Пасьля тае рыбалкі Валодзя колькі дзён не паказваўся ў сталовай, Валя казала, што піша. I сапраўды пісаў — сьпяшаўся скончыць свой прыгодніцкі раман, прысьвечаны жонцы. А як паявіўся зноў, узьнікла пытаньне — дзе ўзяць чачы? Той самадзейны базарчык у пасёлку міліцыя прыкрыла. На ўтаптанай пляцоўцы пры апусьцелых лаўках тупала адна злая вярблюдзіца Нэля. Трэба было выпраўляцца куды яшчэ.

Мы зрабілі такую вандроўку ў суседнюю, хаця і няблізкую вёску.

Па дарозе Валодзя быў цьвярозы і змрочны, гаварыў пра апрыклае — літаратуру. Распавядаў, як нядаўна яшчэ ў выдавецтве «Мастацкая літаратура» рыхтавалі да друку ягоны раман «Каласы пад сярпом тваім». Як сябрысабутэльнікі не хацелі ці не маглі памагчы, і ён адзін змагаўся з колішнім знакамітым выдавецкім босам Матузавым. I ўсё ж ён перамог, раман выйшаў. А дзе цяпер Матузаў? Прапаў, згінуў, памёр, і ніхто яго не прыпомніць. А раман застанецца ў літаратуры, як застаўся ў гісторыі ягоны герой вялікі Каліноўскі. Бо раман — ад Бога. А рэдактар — параджэньне д’ябла.

Караткевіч шмат у чым суцяшаў мяне ў маіх даўніх і цяперашніх клопатах і казаў, што нашая літаратура будзе жыць у народзе. Пакуль будзе жыць народ.

Але народ можа і ня жыць, калі таго не захоча, бы спахапіўшыся, дадаваў ён. Я не пярэчыў. У маёй падкорцы ўжо колькі часу фармаваўся сюжэт новага твору. Праз колькі дзён, седзячы ў зацішнай лоджыі нашага корпусу, напісаў першую фразу:

«Карова скубала траву».