90. Багамолаў і яго раман

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

90. Багамолаў і яго раман

Неяк на пачатку вясны, у самую для нас галодную пару, у Менск прыехаў Уладзімер Багамолаў з жонкай. Мая Iрына кінулася ў крамы, каб чаго купіць, і, добра пабегаўшы, набыла толькі кіляграм польскіх бульбяных клёцак. Тым і частавалі б гасьцей, калі б яны, едучы ў братнюю Беларусь, не запасьліся харчамі ў Маскве.

З Багамолавым было ня так лёгка, як зь іншымі. Ягоная Раіса, праўда, у гэтым сэнсе не ўяўляла праблемы, была гаваркая і вясёлая, затое яе муж… Уладзімер ніколі не скідаў зь сябе змрочна-пакрыўджанага выразу, пачуваўся надзвычай стрымана і распавядаў пра ўсё вельмі сур’ёзна. Ён быў падрабязна інфармаваны аб крымінальных справах дачкі Брэжнева Галіны, гандлі ёю брыльянтамі, аб шмат якіх падрабязнасьцях у пісьменьніцкіх і кадэбісцкіх вярхах. Мяне парою зьдзіўляла, як гэты пісьменьнік, які тыднямі сядзіць за рабочым сталом, так шмат ведае пра тое, пра што ня пішуць у газэтах. У той жа час ён не хацеў ніякіх кантактаў з маімі сябрамі ў Менску, апроч хіба Міколы Матукоўскага, зь якім я яго пазнаёміў. Як мы ўвечары гулялі па вуліцы, Багамолаў паведаміў, што сядзеў у Львоўскай турме, дзе сваімі кайданкамі разьбіў галаву яе кадэбоўскаму начальніку. А да таго быў разьведчыкам, пасьля вайны езьдзіў па Нямеччыне і, валодаючы надзвычайнай зрокавай памяцьцю, фіксаваў, што яму было загадана. Там і пагарэў, калі заступіўся за таварыша, апынуўся ў турме. Але ён перамог і цалкам рэабілітаваны. Цяпер піша раман. Пра што? Пабачым, як той выйдзе ў «Новом мире».

Часам да мяне на сустрэчу з новым чалавекам прыходзіў заўжды цікаўны да людзей Алесь Адамовіч, мы шмат пра што гаварылі — на тэмы вайны і міру. Асабліва пра маскоўскія справы. Меркаваньні і ацэнкі Багамолава ўвогуле нам падабаліся, паступова ён зрабіўся нашым, можа, самым блізкім з масквічоў сябрам. Мы таксама заяжджалі да яго дадому, асабліва як ён атрымаў кватэру ў прэстыжным доме на Бязбожным завулку ў Маскве.

Аднойчы ўлетку ён прыехаў з Раісай на Нарач. Раённае начальства паставілася да яго вельмі гасьцінна, пасяліла ў асобным рыбацкім дамку на беразе возера. Туды прыехалі і мы з Матукоўскім, папляскаліся ў цудоўным возеры, пагаманілі пра жыцьцё. Мясцовы рыбгас забясьпечыў нас рыбай, зь якой зварылі адмысловую, трайную юшку. (Як усё было зладжана, Багамолаў змрочна заявіў, што рыбу ня любіць, і на ранку перамыў усю мэблю, каб не было і рыбнага духу.) Затое ў размовах ля вогнішча ня стрымліваўся, ва ўсю бэсьціў Брэжнева і яго акружэньне. Пра беларускае кіраўніцтва, праўда, не гаварыў нічога. Першы сакратар райкаму, які прысутнічаў пры гэтым, зважліва маўчаў — не пярэчыў і не пагаджаўся. Увогуле тое было ня надта звычайна для партыйнага кіраўніка. Хаця чаго не бывае на сьвеце…

«Новый мир» у двух нумарах надрукаваў раман У. Багамолава «Август 44-го». У друку сьпярша настала пэўная паўза, афіцыйная крытыка нібы ўзяла тайм-аўт. Я прачытаў раман без захапленьня. Няблага напісаны, з немалой колькасьцю спэцыфічных дэталяў, ён, аднак, нёс ледзьве замаскаваную апалягетыку пэўных органаў. Праўда, я ўстрымаўся, каб выказаць усё, што я пра той раман думаў, але аўтар быў чалавек здагадлівы і штось сьцяміў. Я толькі сказаў, што па мне дык ягоная «Зося» лепшая за раман.

Адамовіч жа зь ягонай нецярпімасьцю да ўсялякіх літаратурных хітрыкаў, як бы яны ні маскаваліся, наўпрост сказаў аўтару, што ягоны раман — той жа «Шчыт і меч» Кажэўнікава, хіба лепей напісаны. Багамолаў пакрыўдзіўся, аблаяў Адамовіча і спыніў зь ім усялякія адносіны. Мае ж зь ім адносіны яшчэ працягваліся нейкі час, але рабіліся ўсё болей нацягненыя. Мабыць, дзеля свайго апраўданьня Багамолаў распавядаў пра сваю барацьбу з генэраламі КДБ за раман і ягонае надрукаваньне асобнай кніжкай. Хаця навошта было змагацца? Тут аўтар яўна крывіў душой, генэралы КДБ у рэшце рэшт дазволілі выдаць ягоны «Август» і нават спрабавалі вылучыць на дзяржаўную (ці Ленінскую) прэмію. Да гонару аўтара трэба аднесьці ягоны супраціў кадэбісцкаму вылучэньню. Як Багамолаў сказаў, яму патрэбны грошы, а ня слава. Ад шматлікіх перавыданьняў у расейскай правінцыі і ў сацкраінах (апроч Польшчы), а таксама ад кіно, пастаўленага і прымеркаванага да пастаноўкі, ён атрымаў грошы. Ягоны раман пра слаўных «чысьцільшчыкаў» у постмадэрнісцкую эпоху стаў культавым у папулярным жанры чэкісцкага дэтэктыву.

Аднак Бог яму судзьдзя, кожны іграе на скрыпцы жыцьця, як умее. Ці варта ў яго страляць?

Праўда, пасьля таго ці ня чвэрць стагодзьдзя Багамолаў не надрукаваў нічога. Кажуць, усё піша.

Што ж, у час добры!