79. Масква, зьезд СП

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

79. Масква, зьезд СП

У Маскве зьбіраўся зьезд СП СССР, зь Менску мы паехалі вялікаю групай. Перад адкрыцьцём, як звычайна, таўкліся ў цесных калідорах на Вароўскага, атрымлівалі накіраваньні ў гасьцініцы. То была складаная і важная справа — гасьцінічнае пасяленьне. Сялілі зь вялікім разборам, адпаведна той вазе, якую мелі пісьменьнікі і арганізацыі ў вачох начальства. Адных (кіраўнікоў, дэпутатаў, народных) сялілі ў гасьцініцы «Масква», іншых, бяз тытулаў і заслугаў — у «Расіі». Тут назіралася блытаніна, як, скажам, з рэдактарамі, якія ня ўсе былі дэпутатамі і народнымі. Атрымаўшы гатэль рангам ніжэйшы, ішлі са скаргай да Маркава ці Варанкова або пасылалі туды Шамякіна, — каб пахадайнічаў. Шамякін хадайнічаў таксама з разборам, не дапушчаючы ўраўнілаўкі. Я атрымаў квіток у «Маскву», Адамовіч — у «Расію», было трохі нязручна, але мы скардзіцца не пабеглі. Нас на Вароўскага знайшоў Анатоль Гладзілін і паказаў ліст Аляксандра Салжаніцына да зьезду ў абарону свабоды творчасьці, супраць цэнзуры. Мы яго падпісалі, але болей з прысутных там беларусаў не падпісаў ніхто. Там жа Адамовіч прапанаваў пазваніць Салжаніцыну, зь якім мы яшчэ не былі знаёмыя. Я сумняваўся, што Салжаніцын пойдзе на кантакт, але нечакана ён сам узяў трубку і, перш чым пачаць размову, папытаўся, ці падпісалі мы ягоны ліст. Адамовіч адказаў, што так, падпісалі і яшчэ сагітавалі падпісаць іншых. Тады Аляксандр Iсаевіч сказаў, што няблага б спаткацца. Дамовіліся зрабіць тое ў маім нумары гасьцініцы «Масква».

Назаўтра раніцой Адамовіч быў ужо ў мяне, я падрыхтаваў фотаапарат, купілі штось выпіць. Салжаніцын прыйшоў зь невялікім спазьненьнем. Мы пазнаёміліся асабіста, а ў літаратурным сэнсе Аляксандр Iсаевіч сказаў, што чытаў нас абодвух і падзяляе наш пафас. На зьезд ён ня пойдзе, бо ня мае запросінаў, але чакае, што мы там выступім у духу ягонага ліста. Адамовіч паабяцаў тое зрабіць (але яму слова не далі), я ж падрыхтаваў выступленьне ў некалькі іншым духу. Наконт літаратуры Салжаніцын сказаў, што працуе зараз над творам пра імперыялістычную вайну 1914 году і, магчыма, улетку паедзе ва Ўсходнюю Прусію. Па дарозе мог бы заехаць у Беларусь, дзе ваяваў у 44-м годзе. Вядома, мы запрашалі. (Тое, на жаль, не ажыцьцявілася.) Падчас размовы мы з Адамовічам усё азіраліся на сьцены, што таілі пэўную небясьпеку, Салжаніцын жа паводзіў сябе ўпэўнена і сьмела, ад алкаголю адмовіўся. Напрыканцы сфатаграфавалі госьця — па чарзе з Адамовічам і Быкавым.

На зьезбдзе ў залі славутага Крамлёўскага палацу я сядзеў мала, болей бавіў час у кулуарах, а то ў буфэце. Але ў вялізнай залі буфэту можна было хіба пад’есьці, выпіць жа там не было нічога. I тое абурала шмат каго з прыезджых пісьменьнікаў. Асабліва абураўся Віктар Астаф’еў, зь якім я ўжо быў знаёмы, і мы займелі намер абмыць сустрэчу. Ды не было чым. I Віктар гучна, бянтэжачы выкшталцоную гэбісцкую абслугу, абвяшчаў, што без гарэлкі не перамаглі б і ў вайну — нават з грымотнымі заклікамі палітрукоў. I беларускія партызаны тое ведаюць — праўда, Васіль? — жартоўна зьвяртаўся ён да мяне. Я пагадзіўся і напомніў Віктару, як на банкеце папярэдняга зьезду ён уратаваў Канстанціна Сіманава. Той тады вальяжна праходжваўся між шэрагамі сталоў зь нейкім замежнікам, а за імі, бы хвост, віўся падазрона гэбісцкі тып, усё стараўся ўчуць іх размову. Як тыя спыніліся, спыніўся і ён, падскочыўшы да нашага стала, якраз насупраць Астаф’ева. Павел Нілін, які быў з намі, зразумеўшы, у чым справа, аднак, запытаўся, з якой арганізацыі тып? Але той бы ня чуў пытаньня, — уся яго ўвага была скіравана на Сіманава. Тады Астаф’еў гучна, каб перамагчы п’янаватую гаману, мовіў: «Ды з арганізацыі Сямічаснага, азірніцеся, Канстанцін Міхайлавіч!». Той і праўда азірнуўся, і тып, утуліўшы галаву ў плечы, моўчкі шаснуў убок. Увечары ў гатэлі мы абмяркоўвалі той выпадак, і Астаф’еў даволі нэрвова напомніў, дзе мы жывём. Ён сказаў, што ў 30-я гады ў СССР было 10 мільёнаў сэксотаў, пра гэта сьведчыў сын Г. Малянкова, а ўжо ён штосьці ведаў. Ды й сам Хрушчоў, выкрываючы Берыю, сказаў, што ў СССР кожны пяты — сэксот. Чаго ж вы хочаце ад пісьменьнікаў? — пытаўся Віктар Пятровіч.

Як ужо было сказана, пры шыкоўнай закусі ў Крамлі не было чаго выпіць, а буфэты ў гасьцініцах ламіліся ад выпіўкі, ды не было закусі. Як заўжды, з закусьсю ў краіне была напруга. Раніцай за сьнеданьнем мы доўга вырашалі задачу: як пранесьці на зьезд бутэльку. Бураўкін спрабаваў засунуць яе ў кішэню — выглядала падазрона, нібы там бомба. У маёй нутраной кішэні — яшчэ горш. Спрабавалі пакласьці ў імпазантную Гілевічаву папку, зь якою той нідзе не расставаўся, — таксама нядобра. Маглі адабраць ды яшчэ што прышыць. Правяралі ж нас не адзін раз, у кожных дзьвярах, дзе гэбісты звычайна дзяжурылі парамі: пакуль адзін правяраў дакумэнты, зьвяраючы фота з арыгіналам, другі рабіў «візуальны вобыск», пільна азіраючы кішані і рукі. Выйсьце знайшлі самае простае — выпіць у гасьцініцы, а закусваць бегчы ў Крэмль.

Але па дарозе нас чакала неспадзяванка. Не пасьпеўшы перабегчы праезд Спаскай вежы на зялёнае сьвятло сьвятлафора, спыніліся. Толькі адзін (ня з нашай кампаніі дэлегат) — стары туркмэнскі пісьменьнік — пасьпяшаўся на пераход і быў затрыманы гэбістам у форме, які груба рвануў яго за плячо і пачаў адчытваць. Таго не стрываў Рыгор Бакланаў, што пераходзіў з намі. Я ніколі ня бачыў Рыгора такім разьюшаным, як ён накінуўся на гэбіста ў абарону старога пісьменьніка-туркмэна, на вачох дзясяткаў прахожых ён бэсьціў яго і сарамаціў. Але той таксама разьюшыўся, патрабаваў у Бакланава пропуск, пачаў крычаць:

«Я табе яго зараз парву, і ты болей не пабачыш ваш зьезд». Бакланаў на тое адказваў з выклікам: «Ну парві! Парві, ну! Рві…». Аднак не парваў, — мабыць, добры папаўся.

Той учынак Бакланава шмат што растлумачыў у ягоным характары, цьвярдым і ўпартым. Сталі зразумелыя яго некаторыя пасажы ў друку і ў выступах. Асабліва бліскучая, бескампрамісная прамова на ўсесаюзнай партканфэрэнцыі ў Маскве, калі прававерная аўдыторыя спрабавала сагнаць яго з трыбуны. Мне запомнілася яго рэзкая сутычка з камунапатрыётамі ў прысутнасьці члена гарбачоўскага палітбюро А. Якаўлева. I яшчэ некаторыя праявы адвагі і прынцыповасьці, зь якімі ў нас мог параўняцца хіба адзін Алесь Адамовіч.

Беларускія пісьменьнікі, за малым выключэньнем, былі памяркоўныя, трымаліся моўчкі і разам. Памятаю толькі адзін выпадак, калі на самым пачатку, як уладкаваліся ў гасьцініцу, пачалі сварыцца Куляшоў з Макаёнкам. Пілі і сварыліся — доўга і зацята, ад абеду да вечару і ці ня ўсю ноч. Я спрабаваў іх уціхамірыць, угаворваў і мірыў, і ўсё — марна. Але сварыліся так адмыслова, што зразумець сэнс канфлікту было немагчыма. Iншыя, што былі пры гэтым, па адным разыходзіліся спаць. Урэшце не стрываў і я. А раніцай дазнаўся, што Макаёнак сьпіць, а Куляшоў выпісаўся з гасьцініцы і зьехаў у Менск.