111. Камісія па мове

We use cookies. Read the Privacy and Cookie Policy

111. Камісія па мове

Нарэшце Вярхоўны Савет БССР заклапаціўся пра беларускую мову і, як заўжды, каб пахаваць праблему, стварыў адпаведную камісію. Старшынём яе прызначылі Ніла Гілевіча, даўняга змагара за беларушчыну. Пачаліся доўгія паседжаньні, нудныя абмеркаваньні, калі адзін перад адным шматслоўна даказвалі, як неабходна беларусам іх родная мова. Тут не было разыходжаньняў, і тады аднагалосна пераходзілі да канкрэтыкі. Мова дзяржустаноў, вышэйшай школы, выдавецтваў і літаратуры… Ну а мова кіруючай і ўсё вызначаючай партыі? Тут калегі прыводзілі спрытны і загадзя падрыхтаваны аргумэнт: мова партыі — справа самой партыі, мы ня можам што-небудзь ёй дыктаваць. Дык вось, сказаў я аднойчы, пакуль камуністычная партыя Беларусі не пяройдзе на беларускую мову, ня будзе ў беларусаў ніякае роднае мовы. «Аднак загнуў!» — зьедліва кінуў Iван Чыгрынаў, тады дужа актыўны сакратар СП, які пры Лукашэнку атрымаў званьне народнага. Ніл Гілевіч змрочна маўчаў. Абодва яны, як, зрэшты, і астатнія ў камісіі, належалі да партыі камуністаў, і няцяжка было здагадацца, зь якой мэтай былі ў камісію прызначаныя. У лепшым выпадку — імітаваць змаганьне за мову, а як нічога ня выйдзе, сказаць: «Але ж мы стараліся».

Быў прыняты падрабязны і даволі мудрагелісты плян беларусізацыі мовы, у аснове сваёй папулісцкі і безнадзейны. Тое асабліва стала відавочна, як на апошнім паседжаньні камісіі быў аб’яўлены парадак уводу ў дзеяньне таго пляну. Прачытаўшы яго, я адно хацеў згледзець позіркі Гілевіча і Дземянцея, які сядзеў побач і пад кіраўніцтвам якога, мабыць, тое і пісалася. Позіркі свае гэтыя людзі сарамліва патупілі, зразумела чаму. Кожнаму, хто хоць бегла зірнуў на той плян-расклад, рабілася зразумела, што пісаўся ён для адчэпнага, каб супакоіць «крыклівых» і асабліва БНФ, які на кожным мітынгу патрабаваў: мову!! Сапраўды, што карысьці ад пляну, які прадугледжвае штосьці на дзесяць гадоў, г. зн. нейкую меру па мове аднесьці на канец стагодзьдзя. Я ім сказаў, што да канца тысячагодзьдзя можа так стацца, што нікога з нас ня будзе на сьвеце, хто будзе выконваць тое фантазёрства? Яно забудзецца гэтаксама, як і прозьвішчы яго складальнікаў. Так яно і сталася.

Пры ўладзе камуністаў нічога з таго пляну не было і не магло быць рэалізавана, на краіну хутка абрушылася навала розных падзей, зрабілася не да мовы. Аж покуль зацяты Ніл Гілевіч, пакінуўшы СП, не стварыў ТБМ. Кульгаючы і буксуючы, яно змагаецца ўсё за тое ж, за што змагаліся беларускія інтэлігенты з пачатку стагодзьдзя. Мабыць, сапраўды, як казалі разумныя людзі, мы зблыталі прыярытэты, запрагаем калёсы наперадзе каня. Ці не найперш трэба дамагчыся незалежнасьці краіны, здабыўшы якую, вельмі лёгка і проста будзе ўдзяржавіць беларускую мову. Iначай — марная барацьба, пусты намер. Хіба што імітацыя змаганьня бяз жаднай надзеі на колькі-небудзь прыстойны вынік.

Аднак тое, што было відавочна кожнаму незамутнёнаму позірку, не хацелі бачыць нашыя нацыянал-камуністы. Нават зь ліку самых сумленных і самых разумных. Хіба што тая барацьба патрэбна была партыі, каб адцягнуць нацыянальна актыўныя (інтэлігенцкія) сілы ад радыкальных ідэяў БНФ і ўключыць іx у загадзя беспэрспэктыўную (і бясшкодную) барацьбу за мову. Але з кім барацьбу, калі партыя заўжды дэмагагічна стаяла за разьвіцьцё нацыянальнай мовы? Па сутнасьці з народам, які, як кажуць, ня хоча размаўляць па-беларуску, а хоча па-расейску. І тое — праўда. Бо навошта народу размаўляць на мове, якая далей як за выганам не ўжываецца? На якой не гавораць у горадзе, куды перасялілася моладзь, не гаворыць начальства. Расейская мова — здаўна мова начальства, і народ мкнецца разумець яе найперш, каб разумець ягоныя каманды. Бо, ня ўцяміўшы тыя каманды, лёгка атрымаць па карку, — як і ў акупацыю ад немцаў. А сьцяміўшы, глядзі, — можна і самому кімсь пакамандаваць. Тым, хто ніжэй. Прамая выгада — гаварыць па-расейску. Тады і элемэнтарны сэнс для барацьбітоў за беларускую мову — пачынаць з начальства, з тагачаснай кіруючай партыі. Але ж як выступаць супраць партыі, да якой сам належыш? Яшчэ выключаць зь яе шэрагаў. Адсюль і пачынаецца імітацыйная валтузьня.

Увогуле шкада. Бо сапраўды надарыўся пэўны момант, які быў бяздарна ўпушчаны. Камуністы тады пачалі болей дбаць пра сябе, сваю дужа няпэўную будучыню, праз год яны пагадзіліся на сувэрэнітэт, маглі б пагадзіцца і на мову. Хаця ўсё тое — ня болей чым марныя развагі. Як паказалі наступныя падзеі, беларуская кампартыя лепш прыняла ўласную сухотную сьмерць, чым народную мову…